Пісьменніца Ганна Янкута: «На пытанне, дзе я жыву, звычайна адказваю: нідзе»
Пісьменніца Ганна Янкута – пра «жыццё на валізках», адарванасць ад Беларусі і надзею.
26 лістапада ў Гданьску падвялі вынікі літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця — самай прэстыжнай у беларускай літаратуры. Праект Dekoder пагутарыў з пісьменніцай Ганнай Янкутай, чыя кніга «Час пустазелля», прысвечаная падзеям 2020-2022 гадоў, узяла другую ўзнанагроду ў конкурсе.
— Я з'ехала з Беларусі ўвесну 2021 года, два гады жыла ў Польшчы, а з сярэдзіны 2023 года сапраўды амаль увесь час у дарозе, — расказвае Ганна Янкута. — Сёлета я нейкі час правяла ў Польшчы, Латвіі, Швецыі, Германіі і Аўстрыі, ненадоўга выязджала ў іншыя краіны. Цэнтрам майго эмігранцкага жыцця застаецца Польшча, там у сяброў захоўваюцца мае кнігі і рэчы, я часта там бываю.
— Ці карэктна казаць, што гэта «жыццё на валізках»?
— Так, думаю, гэта добрае вызначэнне. На пытанне, дзе я жыву, я звычайна адказваю: нідзе.
Часам мне шанцуе і я трапляю на пісьменніцкую рэзідэнцыю, часам ненадоўга здымаю недзе жыллё (напрыклад, летась я тры месяцы жыла ў Аргентыне, а гэтай зімой здымала пакой у Варшаве), часам на нейкі час спыняюся ў сяброў (так, сёлета паўтара месяца жыла ў сяброў у Берліне).
Сталага дому ў мяне цяпер няма. Мой дом застаўся ў Беларусі.
Для мяне важна, пакуль магчыма, заставацца ў беларускай літаратуры — пісаць тэксты, рыхтаваць кнігі да выдання, займацца даследаваннямі, дапамагаць кніжным праектам. Часцей за ўсё такая праца не дае грошай, а калі нешта і дае, то пражыць за гэта немагчыма.
Калі я недзе асяду, арандую сталае жыллё, мне трэба будзе шукаць працу на поўны дзень, і, хутчэй за ўсё, яна не будзе звязаная ні з беларускай мовай, ні з літаратурай.
— А фізічная адарванасць ад сваёй зямлі замінае творчасці, ці кожны носіць сваю Беларусь з сабой?
Я вельмі сумую па Беларусі і хачу вярнуцца. Хоць і разумею, што калі змагу туды трапіць, гэта будзе ўжо не тая краіна, з якой я з'ехала ў 2021 годзе. Усё, што я цяпер раблю ў літаратуры, я раблю з надзеяй на захаванне беларускай мовы, на прасоўванне ведаў пра Беларусь у свеце, увогуле на лепшую будучыню Беларусі. Гэта мяне падтрымлівае, дапамагае спраўляцца з адчаем.
— У жыцці ў эміграцыі жанчынам-літаратаркам прасцей, чым мужчынам, ці складаней?
— Думаю, што ў эміграцыі цяжэй за ўсё людзям, якія адказваюць не толькі за сябе, але і за некага яшчэ — напрыклад, за дзяцей, ці за старых бацькоў, ці за хворага чальца сям'і. І калі казаць пра людзей, якія гадуюць дзяцей у адзіночку, то статыстычна сярод іх жанчын больш — гэта такі гендарны аспект, ён тычыцца ў тым ліку літаратарак.
Калі б у мяне былі дзеці, у эміграцыі я б напэўна нашмат менш працавала з літаратурай, магчыма, увогуле б не пісала.
— «Час пустазелля» — цудоўная характарыстыка часу. Ці бачыце вы надзею? Ці прарастаюць «трава» і «расліны» на выпаленай зямлі?
— З аднаго боку, «час пустазелля» я ўспрымаю як метафару для бясчасся, у якім аказаліся беларусы — калі ты не бачыш сваёй будучыні і не можаш нешта ўсур'ёз планаваць. Гэтая «пустата» ў слове «пустазелле» — яна па-свойму характарызуе сітуацыю, у якой мы жывём.
З іншага боку, пустазелле — гэта нешта кепскае толькі з гледзішча людзей. Звычайна мы называем пустазеллем тыя расліны, якія нам не падабаюцца, растуць не там, дзе мы хочам.
Але яны сапраўды вельмі трывалыя і здольныя прарастаць нават у самых неспрыяльных умовах: на выпаленай зямлі ці на градках, дзе мы іх пастаянна вырываем. Для мяне гэтая назва — якраз пра надзею, але гэтая надзея хісткая і змрочная. Ну, але якая ёсць.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное