Наша Нiва, фоты Надзеі Бужан

«Пісалі, што я ледзь не маньячэла». Амапавец Бекіш судзіцца з «Нашай Нівай»

Міліцыянер АМАП Андрэй Бекіш падаў у суд на «Нашу Ніву». Нагодай стала публікацыя, у якой яго аднакласнікі расказваюць свае ўспаміны ад сумеснай вучобы. Бекіш стаў вядомым пасля таго, як у ліпені 2020 года у тэлеграм-каналах было апублікавана відэа, на якім відаць, як ён жорстка затрымлівае дэманстрантаў. Бекіш кажа, што сказанае пра яго няпраўда, і патрабуе выплаціць яму 3000 рублёў за маральныя перажыванні.

Андрэй Бекіш

Рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч прасіў праводзіць працэс па-беларуску, Бекіш быў не супраць, аднак суддзя Іна Ялавая заявіла, што суд будзе праходзіць па-руску. Ягор Марціновіч даваў тлумачэнні па-беларуску, Бекіш на ягоныя пытанні таксама адказваў па-беларуску, гэта не выклікала ў яго складанасцяў.

Імя Бекіша з’явілася ў тэлеграм-канале Сцяпана Пуцілы. Да гэтага здарыўся канфуз: жыхару Маладзечна, які знешне падобны да амапаўца, пісалі негатыўныя каментары. Хлопец публічна заявіў, што яго зблыталі з Бекішам.

Праз некалькі дзён «Наша ніва» апублікавала артыкул, дзе аднакласнікі Бекіша згадваюць, якім ён быў у школьныя гады. Сем цытат з тэксту пазоўнік лічыць непраўдзівымі, кажа, што яны закранаюць ягоныя гонар і годнасць. Гаворка пра празмерную жорсткасць, непрадказальныя паводзіны і як знаёмым ставіцца да яго пасля публікацыі відэа з жорсткім затрыманнем.

Дарэчы, гэта самае відэа суддзя Іна Ялавая адмовілася далучыць да матэрыялаў справы, супраць гэтага выступіў і сам Бекіш.

Андрэй Бекіш і Ягор Марціновіч

Андрэй Бекіш у судзе заявіў, што яго аднакласнікі не маглі пра яго так сказаць, што выданне наўмысна сказіла іх словы, каб выставіць яго ў негатыўным кантэксце.

«17 ліпеня я ўбачыў гэтыя публікацыі, — патлумачыў амапавец. — Масавыя мерапрыемствы праходзілі 14 ліпеня, матэрыялы былі апублікаваныя праз тры дні. Я проста так нікога не затрымліваў, проста так нікога не збіваў, мае дзеянні былі накіраваны на тое, каб прадухіліць правапарушэнне. Праверкі ў дачыненні да мяне не праводзіліся, усё было ў межах закону.

Суддзя ўдакладніла, якія менавіта маральныя пакуты перанёс пазоўнік.

«Перажыванні. Узнік шэраг непаразуменняў у родным горадзе, рэпутацыя ўсё ж такі, — растлумачыў ён. — У школе і тэхнікуме я зарэкамендаваў сябе са станоўчага боку, а пасля гэтых матэрыялаў мне пісалі, што я ледзь не маньячэла і галаварэз. Перажываў за сябе і родных. У мяне малодшы брат у гэтай жа школе вучыцца. Мне прыходзілі пагрозы ад невядомых асоб на тэлефон. У паштовую скрыню кідалі ананімкі».

Галоўны рэдактар ​​«Нашай Нівы» ўдакладніў, ці звяртаўся Бекіш з заявай у суд або праваахоўныя органы з гэтай нагоды. Амапавец выразна патлумачыць не змог, сказаў толькі, што Следчы камітэт праводзіў праверку, вінаватых знайсці не змаглі. Вынікі праверкі ў судзе агучаныя не былі.

Узнікла пытанне, як Андрэй Бекіш можа абгрунтаваць заяўленую суму 3000 рублёў. У гэтыя дні праходзіць суд па факце абразы камандзіра мінскага АМАП Дзмітрыя Балабы, ён ацаніў свае перажыванні ў 1000 рублёў.

«Я лічу, што мае маральныя перажыванні можа кампенсаваць гэтая сума», — заявіў Бекіш.

«Наша ніва» не прызнае пазоў, бо ў сямі цытатах, якія аспрэчвае амапавец, змяшчаецца або дакладная інфармацыя (Бекіш сапраўды затрымліваў людзей з ужываннем фізічнай сілы), або меркаванне аднакласнікаў, а права на свабоду меркавання гарантавана Канстытуцыяй.

Судовае пасяджэнне працягнецца 11 снежня.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 1.5 (оценок:33)