Пінчук рассказаў пра здзекі ў міліцыі: прыйшоў адзначыцца, а выйшаў праз тры дні пабіты

Жыхар Пінску Эльхан Шапялевіч мусіць раз на тыдзень адзначацца ў міліцыі, бо ён пад наглядам за адміністрацыйныя правапарушэньні. 5 кастрычніка пінчук прыйшоў у ГАУС па вуліцы Кірава, а выйшаў адтуль толькі праз тры дні. Міліцыянты ня толькі арыштавалі Эльхана, але і жорстка яго зьбілі.

Эльхан толькі цяпер наважыўся расказаць пра гэта, бо супрацоўнікі МУС патрабавалі, каб ён ня скардзіўся на іх дзеяньні.

Зьбіцьцё і затрыманьне стала вынікам таго, кажа Эльхан, што ва ўчастку ад яго запатрабавалі прызнацца ў злачынстве. Калі пінчук адмовіўся падпісваць прызнаньне, то «размова» зь ім працягнулася ў аўтазаку.

—  Хацелі на мяне «павесіць» нераскрытае злачынства паводле 147 артыкула, нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, калі не памыляюся. Я катэгарычна адмовіўся падпісваць нейкія паперы. У выніку двое супрацоўнікаў ППС вывелі мяне зь міліцэйскага ўчастка, завялі ў аўтазак, дзе пачалі зьбіваць. Я мяркую, што адмыслова мяне вывелі з будынка, бо там паўсюль стаяць камэры, а вось у аўтазаку ніхто і нішто ім не перашкаджала катаваць, — кажа Свабодзе Шапялевіч. — Пасьля зьбіцьця ў аўтазаку міліцыянты працягнулі зьдзекі. Мяне адвезьлі на «ўсходні» ўчастак у Пінску, начапілі кайданкі, сьціскалі іх да максымуму. Пры гэтым ад мяне патрабавалі, каб прызнаўся ў злачынстве, якога не ўчыняў. У выніку зь міліцыі я выйшаў з гузакамі і моцна пабіты. І выйшаў толькі праз тры дні, бо пасьля зьбіцьця мяне кінулі ў ізалятар.

Родным Эльхана пра затрыманьне і арышт ніхто не паведаміў. Ужо пазьней праваабаронцы даведаліся, што пасьля затрыманьня Эльхана асудзілі на тры дні арышту і тры базавыя велічыні штрафу за адміністрацыйнае правапарушэньне. Прычым паводле якога артыкула, Эльхан ня ведае, бо пратаколу яму не паказалі, а агучылі толькі рашэньне аб пакараньні.

Падзеі працягнуліся 16 кастрычніка. У той дзень Эльхан чарговы раз прыйшоў адзначыцца ў ГАУС. Калі ён вярнуўся дадому, да яго зноў прыехалі міліцыянты, затрымалі і зьмясьцілі яго ў СІЗА.

Эльхан кажа, што прычынай затрыманьня стала нейкае правапарушэньне яшчэ зь лета:

— Міліцыянты раптам высьветлілі, што 21 чэрвеня я нібыта пераходзіў вуліцу не празь пешаходны пераход. Але гэтая адміністрацыйная справа недзе «згубілася». А вось цяпер дакумэнты знайшліся. Таму было прынята рашэньне затрымаць мяне цяпер. За кратамі я правёў ажно пяць дзён.

Гэтаксама як і падчас папярэдняга затрыманьня, ні родным, ні праваабаронцам не далі азнаёміцца з пратаколам і не патлумачылі акалічнасьцяў справы.

Праваабаронца зь Пінску Руслан Гусейнаў кажа, што часта людзі баяцца агучваць факты катаваньняў з боку міліцыянтаў. Падстава для затрыманьняў і нават арыштаў — адсутнасьць флікера або нецэнзурная лаянка.

— Яшчэ пасьля першага затрыманьня Эльхана Шапялевіча мы разам зь ім зьвярнуліся ў суд з просьбай прадставіць матэрыялы справы. Але судзьдзя падчас сустрэчы катэгарычна адмовіўся даць пратакол і пастанову суду для азнаямленьня. Нам было сказана, што мы можам пісьмова зьвярнуцца ў суд і чакаць адказу. Але да гэтага часу ніякага адказу так і не атрымалі, — кажа Свабодзе Гусейнаў.

Міліцыя: «Такі выпадак не зарэгістраваны»

Намесьнік начальніка Пінскага гарадзкога аддзелу міліцыі Аляксандар Антановіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што такі выпадак не зарэгістраваны: «А ён некуды зьвяртаўся ці толькі на радыё патэлефанаваў? Няхай зьвернецца, тады будзем праводзіць праверку. Я пакуль нічога не магу патлумачыць. Насамрэч у нас такога не зарэгістравана».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)