Пілёт мядзьведжага дэсанту, расказаў, як лятаў ў Беларусь (новае відэа, дапоўнена)
Карэспандэнт РС Рыкард Юзьвяк пагутарыў з Томасам Мазэці, пілётам, які 4 ліпеня ажыцьцявіў палёт на Беларусь і «высадзіў мядзьведжы дэсант» у Івянцы і ў Менску.
Юзьвяк: Томас, вы былі пілётам гэтага самалёту. Чаму вы гэта зрабілі? Чаму вы прынялі ў гэтым удзел?Мазэці: Мы прынялі ў гэтым удзел, бо наша праца палягае на дапамозе кампаніям, якія хочуць зьвярнуць на сябе ўвагу ў СМІ. І грошы, якія мы зарабляем на такой дапамозе, мы выкарыстоўваем для таго, каб зьвярнуць увагу СМІ на пытаньні, якія мы лічым важнымі. А сытуацыя ў Беларусі зьяўляецца адным з такіх пытаньняў.
Юзьвяк: Томас, скажыце некалькі словаў пра вашу кампанію. Яна фінансуецца з публічных грошай, ці гэта прыватная кампанія?
Мазэці: Гэта прыватная кампанія. Але ўсе грошы, якія мы зарабляем, мы прызначаем на справы, у якія мы верым.
Юзьвяк: У паведамленьнях пра ваш палёт было сказана, што вы заляцелі ў Беларусь зь Літвы. Адкуль зь Літвы?
Мазэці: Гэта было малое лётнішча, якое называецца Пацюнай (Pociūnai).
Юзьвяк: Зьявіліся паведамленьні, у якіх літоўскія ўлады кажуць, што яны глядзяць на гэты інцыдэнт як на магчымае нелегальнае парушэньне паветранай прасторы Літвы. Вы пра гэта ведаеце?
Мазэці: Не. Але мы, безумоўна, былі сьвядомыя, што гэта можа ўзьнікнуць як нейкая пабочная праблема. Я ўзяў з сабою сваю ліцэнзію пілёта, іншыя асобы зрабілі так сама. Мы рыхтавалі гэты палёт год часу, на гэта пайшло шмат грошай. Мы рабілі ўсё так, каб не парушыць літоўскага заканадаўства.
Юзьвяк: Ці ня думаеце, Томас, што гэта ўсё ж была небясьпечная задума, калі прыгадаць, што над Беларусьсю нейкія 15 гадоў таму зьбілі паветраны шар зь двума пілётамі, і абодва яны загінулі? І ў Беларусі знаходзяцца дзьве расейскія вайсковыя базы...
Мазэці: Так... Мы былі сьвядомыя такой небясьпекі, і мы разгледзелі шмат іншых варыянтаў такой акцыі. Я асабіста размаўляў са шматлікімі экспэртамі. Але адначасова мы ўсьведамлялі сабе, што насамрэч няма іншага спосабу, каб зрабіць тое, што мы зрабілі. Таму якраз і СМІ гавораць цяпер пра нас.
Юзьвяк: Калі вы ляцелі, гэта быў Дзень незалежнасьці ў Беларусі, і ў паветры лётала шмат самалётаў і бяз вас. Ці ня думаеце, што ў гэтым была дадатковая рызыка?
Мазэці: Не, вы тут памыляецеся. Мы вылецелі раніцай наступнага дня, 4 ліпеня, якраз наўмысна, бо ведалі, што папярэдняга дня ўсе беларускія пілёты будуць лётаць, а вечарам будуць сьвяткаваць і вып’юць за сьвяточным абедам шмат гарэлкі... Так што мы тут разьлічвалі, што нараніцу афіцэры і ўсё вярхоўнае камандаваньне Беларусі ня будуць у добрай форме...
Юзьвяк: А што вы скажаце на афіцыйную рэакцыю беларускага боку, які кажа, што гэта хлусьня і што нічога з таго, пра што вы кажаце, не адбылося?
Мазэці: Я думаю, што яны добра ведаюць, што мы заляцелі да іх. Мы праляцелі вельмі нізка над літоўска-беларускай мяжой, і мы нават бачылі беларускіх вайскоўцаў на памежным пункце. Я думаю, яны нас проста не заўважылі. Але мы зьнялі ўвесь наш палёт на відэа.
Юзьвяк: Вы апублікуеце гэтыя здымкі?
Мазэці: Так. Мы гэта зробім праз гадзіну або неяк так. Мы ўжо апублікавалі некаторыя з гэтых здымкаў у Aftonbladet і іншых крыніцах. Але ўвесь наш сыры матэрыял мы думаем апублікаваць толькі цяпер...
Юзьвяк: Ці вы думаеце, што ваша акцыя насамрэч дапаможа беларускай апазыцыі?
Мазэці: У кожным разе, я ня думаю, што яна ёй пашкодзіць. Сытуацыя ў Беларусі не мянялася на працягу амаль 20 апошніх гадоў. А апошнім часам яна значна пагоршала. Я прынамсі маю надзею, што нейкім чынам мы паведамілі беларускай апазыцыі, што сьвет памятае пра яе.
Юзьвяк: Ці вы захацелі б зрабіць гэта яшчэ раз?
Мазэці: Не. Мы цяпер зрабілі дакладна тое, што заплянавалі, але гэта каштавала нас столькі стрэсу, што другі раз паўтараць гэтага ня хочацца... Але я думаю, што калі пра гэта даведаецца ўвесь сьвет і беларускія ўлады ўжо ня змогуць казаць, што нічога такога не адбылося, дык будуць нейкія зьмены ў беларускім урадзе. Калі нямецкі пілёт праляцеў над Савецкім Саюзам і прызямліўся на Краснай плошчы, палова кіраўніцтва савецкай паветранай абароны была звольненая са сваіх пасадаў... У пэўным сэнсе той палёт стаўся часткай дэмакратычнага руху таго часу. Людзі ўсьвядомілі, што ўвесь той агромністы вайсковы комплекс можна перамагчы такім сьмешным чынам.
***
Швэдзкае выданьне The Local напярэдадні паведаміла, што 4 ліпеня аднаматорны самалёт, пілятуемы грамадзянамі Швэцыі, скінуў на Менск некалькі сотняў плюшавых мядзьведзяў зь лёзунгамі ў падтрымку свабоды слова. Тое, што самалёт вылецеў з тэрыторыі Літвы і без дазволу уварваўся ў паветраную прастору Беларусі, сёньня ў інтэрвію Радыё Свабода пацьвердзіў і пілёт Томас Мазэці.
Паводле інфармацыі газеты Aftonbladet, акцыя была арганізавана пры фінансавай падтрымцы рэклямнага агенцтва Studio Total. У мінулым гэта агенцтва мела дачыненьне, у прыватнасьці, да акцыі ў падтрымку правоў жанчын: яно выдала фэміністкам грошы (100 тысяч крон), якія яны спалілі ў знак пратэсту супраць дыскрымінацыі жанчын па заробках.
Читайте еще
Избранное