Першы перформанс Пушкіна: як у Мінску пачалі адзначаць Дзень Волі
«Салідарнасць» працягвае серыю публікацый, прысвечаных 100-годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Фота з архіва Алеся Пушкіна
Праз месяц Беларусь адзначыць 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Мы ж нагадаем пра тое, як упершыню ў найноўшай гісторыі краіны ў Мінску быў адзначаны Дзень Волі.
25 сакавіка 1989 года студэнт Тэатральна-мастацкага інстытута Алесь Пушкін зладзіў палітычны перформанс, прысвечаны 71-й гадавіне абвяшэння БНР. Будучы мастак выйшаў на ганак інстытуту з плакатамі, яго сябры, што ўдзельнічалі ў акцыі, трымалі бел-чыровона-белы сцяг, папяровага бусла і 71 паветраны балонік.
На плакаце, які Пушкін трымаў перад сабой, было напісана: «Грамадзянін, у гэты дзень, 71 год назад, была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Памятай і думай аб гэтым! Жыве незалежная Беларусь!»
На спіне ў студэнта быў плакат з выявай перакрэсленага сцяга БССР з подпісам: «Дасыць «сацыялістычнай», адродзім Народную Беларусь».
Алесь Пушкін у судзе, чэрвень 1989-га. Фота Архіў ГА «Дыярыуш», vytoki.net
Выходзячы ў той дзень на праспект, Алесь Пушкін моцна рызыкаваў. У інстытуце яго ўжо добра ведалі пасля падзей кастрычніка 1988-га, калі ён быў арыштаваны на пяць сутак за публічныя заклікі выходзіць на жалобнае шэсце ў Курапаты.
Пушкін каля суда з сябрамі і паплечнікамі. Фота Архіў ГА «Дыярыуш», vytoki.net
За ўдзел у сакавіцкім перформансе былі затрыманыя больш за трыццаць чалавек, у тым ліку і Алесь Пушкін. Улетку 1989-га Мінскі гарадскі суд асудзіў мастака на два гады ўмоўна і на пяць гадоў паражэння ў правах.
Пакараннем непасрэдных удзельнікаў акцыі ўлады БССР не абмежаваліся: у савецкай прэсе прайшла хваля артыкулаў, якія папулярызавалі савецкую дзяржаўную сімволіку, у КаАП БССР былі ўнесеныя дапаўненны і змены, што рабілі больш жорскім пакаранне за выкарыстанне незарэгістраванай сімволікі.
Але пачатак быў пакладзены: перфоманс Пушкіна 25 сакавіка 1989-га лічыцца першым публічным адзначэннем Дня Волі ў найноўшай гісторыі Беларусі.
«Асобны атрад»: калекцыя адзення, прысвечаная 100-годдзю абвяшчэння незалежнасці БНР
Спонсар спецпраекта «Маем гонар!» – крама адзення Honar.by
Каб атрымаць зніжку 10% для чытачоў «Салідарнасці», увядзі прома-код: gazetaby10
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное