Спорт
Міхал Карневіч, «Радыё Свабода»

Першы футбольны даведнік па-беларуску

У беларускіх заўзятараў футболу сёлета ўпершыню зьявілася выданьне, цалкам прысьвечанае чэмпіёнам сьвету ад 1930 году і да апошняга першынства. Пад адной вокладкай сабрана інфармацыя аб усіх гульцах і трэнэрах, якія бралі ўдзел у фінальных матчах усіх чэмпіянатаў сьвету й сталі пераможцамі. Кніга выдадзена па-беларуску накладам 500 асобнікаў. Яе аўтар — гарадзенскі журналіст Вітаўт Руднік.

Паводле Рудніка, падобных кнігаў у Беларусі й на абшарах былога Саюзу не выдавалася. Аўтар сьцьвярджае, што ягоны даведнік выгодна адрозьніваецца ад аналягаў, што пабачылі сьвет у заходніх краінах.

(Руднік: ) “Асаблівасьць палягае ў тым, што тут ня проста сухія лічбы пра футбаліста: дзе й калі нарадзіўся, пражыў, колькі забіў галоў ды за каго гуляў. Тут ёсьць яшчэ цікавыя факты, зьвязаныя зь яго асабістым жыцьцём. Да прыкладу, вядомы бразыльскі брамнік апублікаваў кнігу лістоў прыхільніц свайго таленту й г.д.”

Збор інфармацыі аўтар пачаў яшчэ напачатку 1980-х гадоў. Дарэчы, у даведніку зьмешчаны ўсе фотаздымкі гульцоў й трэнераў. Па-беларуску выдаў яе сьвядома:

(Руднік: ) “Для чалавека, які цікавіцца футболам, няважна, на якой мове кніга. Я ў свой час карыстаўся крыніцамі, ня ведаючы добра ні гішпанскай, ні ангельскай, ні летувіскай моў. Мову футболу вельмі лёгка зразумець, калі цікавісься ім”.

Майстар спорту СССР па футболе Ўладзімер Чарноцкі, які з 1965 году гуляў за гарадзенскі “Нёмана”, а пазьней доўгія гады ўзначальваў каманду, паказвае мне сваю калекцыю кніг пра футбол ды таксама зьдзіўлена дадае, што падобных выданьняў у яго няма. Ён перакананы: кніга патрэбная для зацікаўленых футболам.

(Чарноцкі: ) “Гэта кніга патрэбная, таму што ў нашай краіне ёсьць шмат сапраўдных заўзятараў футбола”.

Вітаўта Руднік яшчэ нідзе не рэклямаваў сваёй кнігі, апроч невялічкай абвесткі ў “Нашай Ніве”, але да яго ўжо зьвяртаюцца цікаўныя з Беларусі, Польшчы й Украіны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)