Общество
Павел Печанько

Першамай у Чыжоўцы: «Руководитель выступает, а ты, как обезьянка, прыгаешь!»

29 красавіка жыхары мікрараёна адзначылі свята Працы, якое традыцыйна святкуецца 1 мая. Як гэта было — у фотарэпартажы «Салідарнасці».

Першамайскае свята працоўных у Чыжоўцы сёлета вырашылі адзначыць напрыканцы красавіка. Улічваючы тое, што на «доўгія» выходныя гараджане могуць раз’ехацца на шашлыкі ці на лецішчы, масавасць забяспечылі звыклым спосабам – сабраўшы на пляцоўцы перад «Чыжоўка-Арэнай» вучняў навакольных школ. Летась школьнікі забяспечылі масавасць падчас урачыстага адкрыцця паркоўкі на вуліцы Убарэвіча.

У выніку на пляцоўцы перад сцэнай сабралася сотні паўтатары-дзве школьнікаў сярэдніх і старэйшых класаў. Амаль не было традыцыйнай для падобных мерапрыемстваў публікі – ахвочых на відовішчы чыжоўскіх пенсіянераў.
Мерапрыемства пачалося з невялікага музычнага разагрэву: з дынамікаў прагучала некалькі патрыятычных песен пра «родную Беларусь» і «шире круг, славяне»:

Пасля да школьнікаў і настаўнікаў з вітальным словам звярнуліся кіраўнік адміністрацыі Заводскага раёна Аляксандр Дараховіч і старшыня Заводскага раённага аб’яднанння арганізацыі прафсаюзаў (ФПБ) Аксана Круглікава.

Кіраўнік адміністрацыі раскзаў, што «Заводскі раён сталіцы – самы працалюбівы, і што тут паспяхова працуюць не дзесяткі, а нават сотні прадпрыемстваў».

Аксана Міхайлаўна павіншавала дзяцей са святам працы і нагадал ім, што «асноўная праца дзяцей – гэта вучоба і добрыя паводзіны. А галоўная задача на будучыню – атрымаць адукацыю і прыйсці працаваць на прадпрыемсты раёна, пра якія казаў кіраўнік адміністрацыі Заводскага раёна».

Вучні сустрэлі словы чыноўнікаў без асаблівага энтузіязму. Настаўнікі ўвесь час шыкалі на дзяцей: «Руководитель района выступает, а ты, как обезьянка, тут прыгаешь!».
Традыцыйнага выязднога гандлю гэтым разам не было, таму дзецям даводзілася бегаць за чыпсамі і напоямі ў бліжэйшы гастраном.

Святочная праграма ішла сваім ходам: на сцэне танцавальныя нумары змяняліся выступамі дзіцячых вакальных калектываў.

Напрыканцы моладзі паабяцалі дыскатэку. Але абяцанне падзейнічала слаба: адзначыўшыся перад сцэнай, старшакласнікі ціхенька разбягаліся па дамах.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)