Першакурсьніца, якая зьняла відэа пра загон на галасаваньне: «Аднагрупнікі пачалі мяне цкаваць»
У пятніцу 15 лістапада ля галоўнага корпуса БДЭУ адбылася акцыя супраць прымушэньня да датэрміновага галасаваньня студэнтаў, піша Радыё Свабода.
Акцыя «Моладзевага блёку» супраць прымушэньня да датэрміновага галасаваньня студэнтаў
Агітацыйны пікет пачаўся аб 11 гадзіне і доўжыўся каля 30 хвілін. Акцыя прайшла ў межах пікету кандыдата ў дэпутаты Міхася Варанцова. Акрамя яго, удзельнічалі яшчэ каля сямі чалавек, у тым ліку студэнты БДЭУ. Усе яны актывісты «Моладзевага блёку».
— Мы тут робім агітацыйны мітынг, — кажа кандыдат. — У тым ліку супраць загону студэнтаў на датэрміновае галасаваньне. Ужо каля 20% усіх выбарнікаў прагаласавалі датэрмінова. У тым ліку студэнтаў. Сюды мы прыйшлі таму, што ў інтэрнэт трапіла відэа з загонам студэнтаў. Хочам падтрымаць дзяўчыну, якая выклала ролік.
Варанцоў гаворыць пра відэа, апублікаванае на сайце Свабоды ў сераду 13 лістапада. На ім відаць, як выкладчыца ўнівэрсытэту настойліва пераконвае студэнтаў прагаласаваць менавіта датэрмінова. А таксама паведамляе, што калі студэнты гэтага не зробяць, то ў яе могуць быць непрыемнасьці.
Ролік зьняла на свой мабільны тэлефон і даслала ў тэлеграм-канал Свабоды першакурсьніца Аліна Шмігель. Яна таксама прыйшла на пікет і расказала, навошта здымала відэа.
Аліна Шмігель
— Наша куратарка паклікала нас на куратарскую гадзіну, — расказвае Аліна. — Калі я пачула, што яна заве 18-гадовых дзяўчат, то зразумела, што яна зьбіраецца нам расказваць, і вырашыла здымаць відэа. Пасьля чаго даслала яго вам.
Вы выклалі ролік, дазваніліся да куратаркі, да дырэктара інстытута. Навошта я гэта зрабіла, вырашыла апублікаваць відэа? Я хацела паказаць, што выкладчыца насамрэч не вінаватая, не яна гэта прыдумала. Яна нам сказала — зрабіце гэта (прагаласуйце датэрмінова. — РС), каб мяне потым ня тузалі. Хто яе павінен тузаць, каму гэта трэба?
Калі вы дазваніліся да Лапцёнка (дырэктар інстытуту Аляксандар Лапцёнак.— РС), ён сказаў, што ніякіх распараджэньняў не было. Чаму так адбываецца, чаму ніхто не кантралюе такіх рэчаў? Гэта жахліва, што такое адбываецца ў дзяржаве. Ціснуць ня толькі на студэнтаў, на выкладчыкаў таксама ціснуць зьверху.
Нягледзячы на тое, што СМІ не называлі імя аўтаркі відэа, Аліну «вылічылі» амаль адразу.
— Аднагрупнікі называюць мяне цяпер «пацуком», — кажа яна. — Які ж я пацук? Я ж выканала свой грамадзянскі абавязак, у адрозьненьне ад іх. Узлаваліся на мяне. Кажуць, што калі ў іх праз мяне ўзьнікнуць праблемы, то праблемы буду мець і я. Кажуць, што я падставіла чалавека. Я згодная, што гэта добрая выкладчыца, яна шмат для групы робіць. На яе проста ціснуць, і гэта жахліва. Я толькі гэта хацела сказаць. Я абураная тым, што так адбываецца. Не хачу, каб некага звальнялі з унівэрсытэту цяпер. Справа не ў выкладчыках, справа ў сыстэме.
Размоваў з прадстаўнікамі адміністрацыі ў Аліны пакуль не было. Затое дзяўчыну падтрымаў бацька.
— Нават паціснуў мне руку, — кажа яна.
Почобут: Скоро молодежи не нужны будут идеологическо-брсмовские пастухи
Читайте еще
Избранное