Перамовы праваліліся, польскія мытнікі працягваюць акцыю пратэсту

Поўным фіяска скончыліся вечарам у сераду ў Варшаве перамовы паміж польскім урадам і мытнікамі, якія патрабуюць павышэння заробку. Мытнікі працягваюць акцыю пратэсту, а кіроўцы грузавікоў збіраюцца перакрываць дарогі па ўсёй Польшчы. Сітуацыя на польска-беларускай мяжы можа стаць непрадказальнай.

“Пратэст працягваецца. Намі грэбуюць, мы толькі дарма патрацілі свой час”, сказала на прэс-канферэнцыі ў Міністэрстве фінансаў Польшчы прадстаўніца пратэстуючых Івона Фолта. Урад абвінавачвае мытнікаў не толькі ў зрыве перамоваў, але і ў спробах далучыць да акцыі сваіх калег з іншых рэгіёнаў краіны.

Нагадаем, польскія мытнікі, якія не маюць права на страйк, пратэстуюць праз масавы сыход у адпачынак альбо на бальнічны. У выніку на кантрольна-прапускных пунктах на польска-беларускай мяжы з 25 студзеня ўтварыліся вялізныя чэргі (пераважна з польскага боку). Кіроўцы грузавікоў чакаюць у чэргах да 130 гадзін, ужо былі зафіксаваныя некалькі боек.

Прадстаўнікоў мытнікаў не задаволілі прапановы міністэрства фінансаў, якое гарантуе павышэнне заробкаў ужо з 1 студзеня, але толькі на 500 злотых (каля 200 долараў). Мытнікі патрабуюць утрая больш. Акрамя таго, мытнікі хочуць атрымаць аднолькавы статус з іншымі дзяржаўнымі службоўцамі, але ўрад аказаўся не гатовы гэта абмяркоўваць.

Паводле інфармацыі РИА “Новости”, узрушаныя кіроўцы трэйлераў абвесцілі пра блакаду з пятніцы аўтадарог па ўсёй Польшчы. У Карошчыне на польска-беларускай мяжы 30 студзеня ў 20-кіламетровай чарзе на выезд з Польшчы стаялі больш за 1000 грузавікоў.

Як паведамляе Gazeta.pl, прадстаўнікі польскіх уладаў не выключаюць, што польскіх мытнікаў, якія не выходзяць на працу, маглі б замяніць іх калегі з Літвы альбо са Славакіі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)