Общество

«Перадаём лекі, бо ў яго ішэмічная хвароба сэрца». Як справы ў Сацука, Аўтуховіча і Судаленкі

Народная Воля даведалася пра апошнія навіны ад вядомых дзеячоў, якія знаходзяцца за кратамі.

«Перадаём лекі, бо ў яго ішэмічная хвароба сэрца»

Галоўны рэдактар зараз заблакіраванага сайта ej.by Сяргей Сацук быў затрыманы 8 снежня 2021 года, у яго прайшоў вобыск і адбыўся допыт у Следчым камітэце. Пасля допыту па старой справе паводле артыкула 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару) журналіста ўзялі пад варту, і зараз ён знаходзіцца ў следчым ізалятары.

25 сакавіка 2020 года Сяргея ўжо затрымлівалі па гэтай жа справе. 26 сакавіка яму была абрана мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту, а ў рэдакцыі і ў доме Сацука прайшлі ператрусы. 4 красавіка генеральны пракурор Беларусі адмяніў рашэнне аб узяцці яго пад варту.

– Пастаянная сувязь з Сяргеем у нас праз адваката, але зараз і адвакаты пастаўлены ў такія ўмовы, што мала што могуць сказаць, – кажа Жанна Сацук, жонка журналіста. – Таму ведаю, што муж жывы і як быццам здаровы, вось і ўсе навіны.

Што датычыцца асабістай перапіскі, то, наколькі я зразумела, нашы лісты Сяргей практычна не атрымлівае, а вось ягоныя рэгулярна даходзяць.

Піша, што нармальна трымаецца. Яму пастаянна мяняюць камеры, пераводзяць з адной у другую. Сутыкаецца з людзьмі розных сацыяльных слаёў, але паведамляе, што там вельмі шмат аднадумцаў, з якімі прыемна пагутарыць.

Рэгулярна перадаём Сяргею лекі, бо ў яго ішэмічная хвароба сэрца. Неабходны прэпараты, якія ён ужывае ўжо некалькі гадоў. А не так даўно папрасіў супрацьзапаленчыя сродкі, магчыма, з’явіліся нейкія новыя праблемы.

Паводле слоў Жанны Сацук, у такой сітуацыі ёй таксама даводзіцца нялёгка.

– Прымаю сітуацыю такой, якая ёсць, – кажа яна. – Сама сяджу на медыцынскіх прэпаратах, бо таксама праблемы са здароўем – у мяне прыроджаны парок сэрца з паталогіяй. Пасля арышту Сяргея здароўя, безумоўна, не дадалося, пастаянна збіваецца сардэчны рытм.

Але дачка з зяцем і дзевяцігадовым унукам зараз са мной жывуць, так што я пад наглядам. Дапамагаюць, на дом прадукты заказваем. Перыядычна я і сама нешта ў краме купляю, каб перадачу адправіць мужу.

Сяргей да пасадкі быў гатовы, бо крымінальную справу не закрывалі, і ён разумеў, што ў любы момант могуць кінуць за краты. З’язджаць за мяжу не збіраўся, ды і немагчыма было гэта зрабіць – быў пад падпіскай аб нявыездзе. Няпростая і непрыемная сітуацыя, але, думаю, Сяргей вытрымае…

«14 студзеня павінен адбыцца разгляд маёй апеляцыі»

3 лістапада мінулага года праваабаронцу Леаніда Судаленку асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: нібыта за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і навучанне і падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне.

У адным з апошніх лістоў Леанід Судаленка паведаміў, што 14 студзеня чакаецца разгляд яго апеляцыйнай скаргі.

«Тут магчымы два варыянты: пакінуць як ёсць альбо адменяць і накіруюць на новы разгляд, яшчэ на паўгода, – разважае праваабаронца. – А там у залежнасці ад сітуацыі. У прынцыпе, я гатовы да любога рашэння, бо перакананы, што адмена выраку будзе ў любым выпадку, пытанне толькі часу».

Леанід паведаміў таксама, што нядаўна перанёс хваробу.

«Вельмі моцна прастудзіўся, – напісаў ён. – Кашаль па начах, пару дзён тэмпературыў. Але выкараскаўся, жонка лекі перадала, і зараз ізноў хаджу на прагулкі.

Жыву апеляцыяй, хаця, калі чую пра апошнія выракі, думаю, што на лепшае спадзявацца не даводзіцца.

Значыць, напрыканцы студзеня паеду ў лагер. Куды – не ведаю, але гэта і не важна. Усё, што важна, ад мяне не залежыць, як і ад усіх нас. Пакуль, як кажуць, «дажывём да панядзелка» (да рэферэндуму). А там зажывём, будзе ўсім шчасце…»

«Піша, што не першы раз знаходзіцца ў такіх умовах»

Архіўнае фота

7 студзеня Мікалай Аўтуховіч сустрэў у гродзенскім СІЗА свой 59-ы дзень нараджэння.

Пра затрыманне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі 8 снежня 2020 года. Паведамлялася, што за падпаламі дома міліцыянера ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гродне стаіць групіроўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік, «афганец» Мікалай Аўтуховіч.

КДБ Беларусі праінфармаваў грамадскасць, што Аўтуховіч планаваў «застрашванне насельніцтва і аказанне псіхалагічнага ціску на супрацоўнікаў МУС», арганізоўваючы выбухі і падпалы, а ахвяр выбіраючы «пры дапамозе дэструктыўнага Telegram-канала».

Пры ператрусе ў Аўтуховіча, як паведамляла прэс-служба КДБ, знайшлі стралковую зброю, патроны, гранаты, бронекамізэлькі і амуніцыю.

Спачатку Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч.2 арт.218 КК («Наўмыснае пашкоджанне маёмасці, учыненае агульнанебяспечным спосабам»). Потым Генпракуратура перакваліфікавала яе на ч.1 арт.289 («Акт тэрарызму»), які прадугледжвае пазбаўленне волі да 15 гадоў.

Пра тое, як ідзе разбіральніцтва па справе, мала што вядома, паколькі адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні, а афіцыйных паведамленняў з гэтай нагоды няма. А вось некаторая іншая інфармацыя даходзіць…

«Як вядома, напрыканцы мінулага года Мікалая перавялі с СІЗА КДБ у Мінску ў гродзенскі СІЗА, – распавядаюць блізкія Аўтуховіча. – На волю ён піша, што ў яго ўсё як быццам нармальна, не першы раз у такіх умовах знаходзіцца.

Паведаміў, што ў гродзенскай турме больш холадна, таму стараецца не захварэць. У яго была ў СІЗА КДБ аптэчка з наборам лекаў, але яна засталася ў Мінску, і не вядома, ці перададуць яе ў Гродна».

З перапіскай, наколькі вядома, раней былі вялікія праблемы. Лісты да Мікалая даходзілі толькі ад яго маці, сястры і яшчэ некалькіх чалавек. Знаёмыя Мікалая Аўтуховіча паведамляюць таксама, што зараз сітуацыя з ліставаннем і перадачамі можа палепшыцца.

«Мікалаю пацвердзілі, што ў Гродне пасылкі і бандэролі для яго будуць прымаць ад усіх, – кажа праваабаронца Васіль Завадскі. – У тым ліку павінны прапускаць адпраўленні з-за мяжы. Для Мікалая будзе вялікай маральнай падтрымкай атрыманне пасылак ад знаёмых і незнаёмых людзей.

Пасылкі забіраюць у сераду і чацвер, з Мінска яны звычайна даходзяць за 3–4 дні, але бывае і больш.

7 студзеня ў Мікалая дзень народзінаў. У лістах ён часта перадае прывітанні ўсім, каму неабыякавы ягоны лёс».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(10)