Общество

Ірына Дрозд

Пенсіянер, вымушаны пакінуць Беларусь: «Узровень жыцця непараўнальны. Але больш за ўсё мяне ўразілі адносіны людзей адзін да аднаго»

Віцебскі краязнаўца і актывіст у інтэрв’ю «Салідарнасці» — пра справу жыцця, рэпрэсіі і затрыманне на радзіме, і лагер для бежанцаў у эміграцыі.

Ян Дзяржаўцаў, усе фота з архіва героя

— Пасля падліку галасоў старшыня камісіі спытаў, звярнуўшыся да чальцоў і назіральнікаў, ці адзначыў нехта парушэнні, ці ёсць у нас заўвагі. Адказаць на гэта было нечага, бо ўсё адбывалася на нашых вачах: і падлік бюлетэняў, і падпісанне пратаколу, і пасля ніхто не сыходзіў у асобны пакойчык.

І старшыня, і сакратарка заўсёды знаходзіліся з намі разам, а ўсе свае дзеянні яны агучвалі, — віцебскі краязнаўца і актывіст Ян Дзяржаўцаў пераказвае не фантастычны аповед, а свае ўласныя ўражанні падчас назірання за выбарамі ва Украіне.

Пасля жорсткага затрымання на радзіме больш за год беларус знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі. Ён расказаў «Салідарнасці»  пра справу жыцця, лагеры бежанцаў і лякарні ў Нямеччыне, а таксама пра тое, як назіраў за выбарамі ў Беларусі і Украіне.

«Ва ўсіх чарапах ззаду была аднолькавая адтуліна, верагодна, ад кулі»

Ян Дзяржаўцаў — апазіцыянер са стажам. З рэжымам Лукашэнкі ён змагаўся яшчэ з 90-х гадоў і пазіцыю сваю ніколі не мяняў.

Мясцовыя віцебскія ўлады ўвесь час адносіліся насцярожана да актыўнага сябра Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі — БНФ і няўрымслівага краязнаўцы, які не толькі знайшоў месца масавых сталінскіх расстрэлаў, але прыклаў вельмі шмат намаганняў дзеля таго, каб ушанаваць памяць нявінна забітых людзей.

Менавіта з падачы спадара Яна ўрочышча Хайсы, так званыя Віцебскія Курапаты, аказалася ўнесеным на карту крывавых злачынстваў савецкай улады.

Год таму вандалы пашкодзілі народны мемарыял, узведзены ў памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Ініцыятарам і дызайну, і ўстаноўкі мемарыялу быў Ян Дзяржаўцаў.

— Дзевяць гадоў я аддаў гэтай справе, стварыў грамадскую арганізацыю «Хайсы», аб’яднаў неабыякавых людзей, — расказвае актывіст. — Знайшоў могілкі выпадкова. Аднойчы ехаў на працу і на прыпынку пачуў размову двух мужчын. Адзін спытаў у другога, як той з’ездзіў у грыбы, а той адказаў, што нічога не сабраў, бо ўбачыў такое, што стала не да грыбоў.

Ён і расказаў мне пра месца, дзе валяліся чалавечыя чарапы і косткі. Але так здарылася, што да вёскі Хайсы я дабраўся толькі праз некалькі гадоў, калі выйшаў на пенсію, у 2014 годзе.

Падчас пошукаў перабраў шмат матэрыялаў, размаўляў з мясцовымі жыхарамі, нават пазнаёміўся з жанчынай, якая ведала, што менавіта ў гэтых мясцінах расстралялі яе бацьку.

На самім меркаваным месцы ў першы раз я налічыў 24 ямы, памерам прыкладна чатыры на шэсць метраў, а вакол — сапраўды валялася шмат чарапоў і костак. Ва ўсіх чарапах ззаду была аднолькавая адтуліна, верагодна, ад кулі.

Жудасныя находкі ва ўрочышчы Хайсы

Я паведаміў пра жахлівую знаходку ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук. Адтуль прыязджалі археолагі, у тым ліку знакаміты навуковец Мікалай Крывальцэвіч, які працаваў у Курапатах.

Ён так і казаў, параўноўваючы Хайсы з Курапатамі: «Усё адзін да аднаго».

— Як вы перажылі тое, што мемарыял амаль знішчылі вандалы?

— Канешне, вельмі балюча, бо столькі было ўкладзена сіл, працы. Памятаю, як замаўляў тыя крыжы… Паводле дадзеных гісторыка Ігара Кузняцова, у Віцебскай вобласці было забіта 36 тысяч чалавек.

Мы ведаем не толькі пра Хайсы, а яшчэ пра тры месцы катаванняў. Але больш за ўсё забітых было ў Хайсах, прыкладна 10 тысяч чалавек.

Ян Дзяржаўцаў і ксёндз Вячаслаў Барок на месцы массавага расстрэлу людзей у Хайсах

— Зразумела, што ўлады не будуць ні шукаць тых, хто пашкодзіў мемарыял, ні аднаўляць яго. Як вы думаеце, чаму яны зараз знішчаюць помнікі мінулага?

— Яны знішчаюць усё, што нагадвае пра злачынствы савецкай улады, таму што рэжым Лукашэнкі лічыць сябе нашчадкам таго рэжыму. Яны гэта нават не хаваюць. Ва ўсіх беларускіх гарадах ёсць вуліцы, названыя імёнамі сапраўдных бандытаў савецкіх часоў. І зараз трэнд адраджаецца.

Яны не хочуць, каб людзі параўноўвалі злачынствы 37-га года з тым, што адбываецца ў нашы дні. І лепшы спосаб — наогул пра гэта не ведаць.

«У ізалятары часовага ўтрымання мяне збівалі, не давалі лекі»

Грамадзянскі актывіст Ян Дзяржаўцаў нават у жудасным сне не мог уявіць сабе, што гістарычнае даследаванне рэпрэсій мінулага стагоддзя раптам ператворыцца ў страшную сучаснасць.

— Я ўвесь час чакаў затрымання, увесь час на нервах, — узгадвае суразмоўца апошнія месяцы ў Беларусі. — Ужо тут, за мяжой, пасля таго, што адбылося, у мяне былі панічныя атакі, я звяртаўся да дактароў.

Цягам 2021-га і 2022-га мяне некалькі разоў выклікалі ў абласны Следчы камітэт у якасці сведкі па нейкай крымінальнай справе. Зразумела, казалі і пра грамадзянскую пазіцыю, і Хайсы ўвесь час стаялі косткай у горле нашых чыноўнікаў.

Затрымліваць 70-гадовага сталага чалавека прыехалі аж шасцёра сілавікоў. Пасля спадара Яна судзілі па адміністрацыйным артыкуле 19.11 (Распаўсюджванне і захоўванне прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць). Вынікам сталі 7 сутак арышту.

— У ізалятары часовага ўтрымання мяне збівалі, не давалі лекі, — дзеліцца цяжкімі ўспамінамі спадар Ян. — У мяне ёсць праблемы са здароўем, у тым ліку з сэрцам, з ціскам. У апошні дзень я даведаўся, што жонка ўсе лекі мне адразу перадала, але мне іх аддалі толькі, калі выпусцілі.

Пагражалі, абражалі. Спаць можна толькі на голых нарах, але на жалезных прутах гэта было немагчыма. Спрабавалі ўладкавацца на падлозе, і тры разы за ноч нас падымалі і прымушалі рабіць пераклічку.

У дзень не менш, чым тры разы выводзілі на калідор, каб зрабіць шмон. Стаіш, рукі вывернутыя на сценку, ногі трэба расставіць шырэй за плечы.

А ззаду падыходзіць вертухай, кажа, што адлегласць паміж нагамі не тая, што патрабуецца, і б’е нагой у спіну, ці абцасамі па нагах.

Амаль кожны дзень нас пераводзілі ў новыя камеры, я змяніў іх чатыры. Бывала, спецыяльна адчынялі фортку, каб ішло халоднае паветра, а ў сакавіку мінулага года надвор’е было зімовае, да 15 градусаў марозу. Усе захварэлі, я пасля гэтага месяц не мог ачуняць.

Умовы невыносныя. Я бачыў чалавека, які літаральна звар’яцеў, ён біўся ў дзверы ў істэрыцы. Тады нас вывелі на калідор, а да яго ў камеру заскочылі адразу некалькі чалавек і збілі гэтага няшчаснага на горкі яблык. Мы чулі толькі нечалавечыя крыкі, якія даносіліся адтуль.

Пасля яго цягнулі па калідоры, бо сам ён ісці не мог. Я ведаю, што ён трапіў у рэанімацыю, але што з ім сталася далей, мне невядома.

Праз дзень пасля вызвалення спадар Ян з’ехаў з краіны. Як аказалася — своечасова, бо на наступны дзень за ім прыйшлі ізноў.

«Укідваюць патрэбныя галасы толькі нявопытныя «прафесіяналы» спрацоўваюць па-іншаму»

Яшчэ з 1994 года суразмоўца «Салідарнасці» прымаў удзел у палітычных падзеях. На кожных выбарах ён быў назіральнікам ад сваёй партыі. Усе фальсіфікацыі лукашэнкаўскіх выбаркамаў бачыў на ўласныя вочы.

— Там нават не трэба нічога ўкідваць. Укідваюць патрэбныя галасы толькі нявопытныя, «прафесіяналы» спрацоўваюць па-іншаму, — кажа спадар Ян. — Вось як праходзіў падлік галасоў.

У 20 гадзін участак зачынялі і ссоўвалі сталы. Чальцы камісіі — іх заўсёды было больш за 10 чалавек — перакульвалі на сталы змесціва ўсіх скрынь: датэрміновай, выязной і з асноўнага дня галасавання.

Пасля дзялілі паміж сабой увесь гэты ворах і раскладалі па стосах з прозвішчамі. Пры гэтым нешта падлічвалі ды запісвалі. Даведацца што, было немагчыма, бо назіральнікаў і блізка не падпускалі да падліку.

У лепшым выпадку мы проста знаходзіліся ў адным пакоі. Потым сакратарка праходзіла ўздоўж стала і запісвала дадзеныя кожнага. Увесь працэс адбываўся моўчкі, таму і пачуць нічога мы не маглі. А пасля яны са старшынёй наогул сыходзілі некуды ў асобны пакойчык, быццам бы для напісання выніковага пратаколу.

Праз пэўны час, можа, хвілін сорак-гадзіну, яны з’яўляліся ўжо з гатовым пратаколам, у які звычайна была ўпісана лічба, відавочна, агавораная загадзя. Хутчэй за ўсё яна не мела ніякага дачынення да папярэдняга падліку і да ўсіх тых, хто ім займаўся.

Зразумела, даведацца аб тым, што рабілася ў пакойчыку, пералічыць ці неяк па-іншаму праверыць галасы, было немагчыма.

Ва Украіне, дзе, па версіі расійскага і беларускага рэжыму, адбыўся дзяржаўны пераварот з сілавым захопам улады нацыяналістамі, выбары ладзіліся зусім іншым чынам. Ян Дзяржаўцаў меў магчымасць пераканацца ў гэтым у 2014 годзе, калі назіраў там за выбарамі прэзідэнта.

— Я трапіў у горад Светлаводск Кіраваградскай вобласці. Вось як усё адбывалася там. Па-першае, выбары праходзілі за адзін дзень, звычайна гэта была нядзеля. Цікава, што ў Беларусі я быў назіральнікам на адным з участкаў у Віцебску прыкладна з такой жа колькасцю выбаршчыкаў. Пры гэтым у нас галасавалі тыдзень, а ва Украіне паспелі за 12 гадзін.

Пасля таго, як участак зачынілі, скрыні таксама перакулілі, але сакратарка пачала даставаць кожны бюлетэнь, паказвала яго ўсім чальцам і назіральнікам і з іх згоды раскладала па стосах.

Назіральнікаў было восем чалавек, у тым ліку двое нас, беларусаў. Я, як і іншыя, мог падыходзіць да стала, бачыць тыя стосы, нават фатаграфаваць.

Ян Дзяржаўцаў назірае за выбарамі ва Украіне. 2014 год

Там было каля 2500 бюлетэняў, і кожны быў падлічаны. Выніковы пратакол складалі і падпісвалі таксама пры ўсіх. Яшчэ адно важнае адрозненне: усе свае дзеянні і чальцы камісіі, і сакратарка, і старшыня агучвалі, то-бок колькі за каго галасоў, як што сумуецца, і г.д.

Я нават памятаю некаторыя лічбы. Самы вялікі стос тады сапраўды быў за Парашэнку.

На выбарах ва Украіне, 2014 год

Спытаўшы пра парушэнні, старшыня выканаў нашу просьбу, і нам далі копію пратаколу. Гэта быў дакумент, завераны і падпісаны як належыць.

Затым бюлетэні склалі ў мяхі, апячаталі і павезлі здаваць у абласны Цэнтрвыбаркам. Дарэчы, мы паехалі таксама. Там ужо стаяла чарга з камісій з розных участкаў.

Мы бачылі, як кожны старшыня перадаваў мяхі і пратаколы і атрымліваў даведку аб тым, колькі і чаго ў яго забралі.

— У 2020 годзе вы зноў назіралі за выбарамі ў Беларусі. Ці прадбачылі вы ў той раз, як яны будуць праходзіць?

— Я зноў быў незалежным назіральнікам на 14 участку ў Віцебску. Ён знаходзіўся ў гімназіі № 4. Спачатку, як і ўсе, спадзяваўся, што мяне пусцяць на ўчастак. Прыйшоў раніцай, а мне кажуць, маўляў, усе назіральнікі ўжо на месцы, а колькасць людзей у памяшканні абмежаваная, бо кавід.

На пытанне, як я магу даведацца, ці гэта праўда, што мяне апярэдзілі, і хто тыя людзі, мне сказалі, што не будуць разводзіць дыскусію, а я магу звяртацца куды заўгодна.

Прыкладна такі ж адказ атрымалі ўсе пяцёра незалежных назіральнікаў, ніхто з нас не быў дапушчаны. Больш за тое, нам не дазволілі застацца нават на ганку будынку, выгналі за плот, гэта метраў 30 ад уваходу на ўчастак.

Выйшла дырэктарка і завуч з міліцыянтам і настойліва папрасілі нас пакінуць тэрыторыю ўстановы, ці пагражалі выклікаць дапамогу.

Месца з-за агароджай Віцебскай гімназіі, адкуль былі вымушаны назіраць за выбарамі незалежныя назіральнікі ў Беларусі падчас кампаніі 2020 года

Такім чынам, мы бачылі ўсіх, хто заходзіў у двор гімназіі, апытвалі іх. Хтосьці адказваў на нашы пытанні, хтосьці не казаў, за каго ідзе галасаваць.

Але нават з тых адказаў, якія мы атрымалі, у нас склалася ўражанне, што большасць была за Ціханоўскую. Да таго ж шмат у каго на руках былі белыя бранзалеты і стужкі.

Безумоўна, на падлік галасоў незалежных назіральнікаў таксама не запрасілі. Да пачатку дванаццатай гадзіны мы чакалі, што вывесяць выніковыя пратаколы.

Да нас пад’язджалі нарады міліцыі, але менавіта на нашым участку нікога не забіралі. Але нам тэлефанавалі знаёмыя з другіх участкаў, дзе людзей затрымлівалі.

Нарэшце мы абышлі гімназію, каб пабачыць, ці стаяць машыны чальцоў камісіі. А тут як раз яны ідуць з іншага выхаду. Мы да іх: «Дзе пратаколы?», а яны нам: «Прыходзьце заўтра».

Кажу: «Дык вы ж парушаеце закон» — «Вы яшчэ будзеце нас вучыць». Селі ў свае машыны і раз’ехаліся.

Раніцай у гімназіі ўсё ж з’явіліся пратаколы, з лічбамі, вядомымі ўсім. Дакладна не памятаю, але «перамога» Лукашэнкі была вялікая, больш за 80%.

Вядома, мы напісалі скаргі ў раённую і абласную выбарчыя камісіі і ў пракуратуру, і атрымалі адказы, што ўсё па законе.

— А ці прадбачылі вы, як будуць паводзіць сябе беларусы?

— Не, для мяне гэта таксама было прыемнае здзіўленне. Але ж вялікіх надзей на перамены ў мяне, на жаль, не было. Я быў упэўнены, што Лукашэнка ўладу не аддасць.

Супраць лому няма прыёму, акрамя другога лому. А людзі ішлі з кветкамі. Я не наіўны і не верыў, што на наш бок пяройдзе стотысячнае войска сілавікоў.

«Звычайныя клінікі ў Нямеччыне — для беларусаў нешта фантастычнае»

У сакавіку 2023 года спадар Ян з адным заплечнікам апынуўся ў эміграцыі. За мінулы год ён змяніў чатыры лагеры для бежанцаў у Нямеччыне.

— Міграцыйныя службы накіроўвалі мяне ў розныя месцы згодна статусу. Напрыклад, у Гейдэльбергу я заставаўся 6 месяцаў. Там з мігрантамі праводзяць інтэрв’ю і пасля прызнання ці непрызнання бежанцам пераводзяць у іншае месца.

Гэта быў самы вялікі лагер, прыкладна на 6 тысяч чалавек. У мяне былі знаёмыя і з Сірыі, і з Курдыстана, і з Македоніі, і з Герцагавіны, і з Грузіі, і з Чачні, і з некаторых краін Афрыкі — Нігерыі, Сенегала.

Большасць людзей наогул былі з Бліжняга Усходу. На другім месцы — афрыканцы, і астатнія — з еўрапейскіх краін. Беларусаў я не сустракаў нідзе, як і рускіх. А для ўкраінцаў тут ёсць спецыяльна зробленыя асобныя лагеры.

Лагер размяшчаецца ў былых вайсковых казармах. Яны вялікія, двухпавярховыя, падзеленыя на пакоі. Я жыў у кватэры з трох пакояў.

Сцяжок Палка Каліноўскага над ложкам спадара Яна у лагеры для бежанцаў

Усяго нас там было 12 чалавек, у маім пакоі — сем, у другім — чатыры, а ў трэцім жыў адзін турак, у якога была нейкая папера аб тым, што ён вымушаны жыць адзін.

Са мной у пакоі былі ўсе арабы, хлопцы да 30 гадоў. Увогуле амаль усе бежанцы маладога ўзросту. Людзей нават 40-гадовага ўзросту я сустракаў не часта.

А такіх сталых, як я, не бачыў зусім. Адзін грузін быў маладзейшы за мяне гадоў на сем. Ён быў паплечнікам Саакашвілі, займаў высокую пасаду, а пасля змены ўлады быў вымушаны ўцякаць.

Мая моладзь да трох гадзін ночы хадзіла адзін да аднаго, у іх і музыка была, і спевы іхнія. Яшчэ некалькі разоў ноччу яны ўставалі, каб рабіць намаз. Натуральна, адпачыць нармальна магчымасці не было.

Спадар Ян у лагеры для бежанцаў. Нямеччына

А вось бытавыя ўмовы, нягледзячы ні на што, былі добрыя. Вада гарачая, выдавалі адзенне, абутак, пасцельную бялізну, матрасы, коўдру, рушнікі, асабістыя рэчы гігіены і іншае.

Кіпяцільнік у пакоі мець забаранялася, але гарбата і кава былі на працягу ўсяго дня на кухні.

У час сняданку і абеду чэргі стаялі вялікія, але ежы хапала ўсім. Раніцай давалі булачкі, сыр, каўбасу. Апоўдні была нейкая гарачая страва з мясам. Але ж прыправы ўсе вострыя, на ўсходні манер.

Вячэру дзесьці давалі з сабой падчас абеду, а ў некаторых месцах наўпрост выдавалі грошы, каб мы маглі нешта сабе купіць. Мне выходзіла 130 еўра ў месяц. Калі ўлічваць, што ўсё астатняе ў мяне было, то на нейкія прадукты гэтага хапала.

У Нямеччыне ежа недарагая. Ад нас хадзіў у горад аўтобус і час ад часу мы ездзілі ў краму.

Таксама я быў у лагеры ў Карлсруэ. Але лепей за ўсё мне было ў апошнім, у Раштаце.

Лагер для бежанцаў у Раштаце

Дарэчы, у Карлсруэ апынуўся ў адным пакоі з украінцам. Я кепска сябе адчуваў, былі праблемы з сэрцам, напярэдадні ў Гейдэльбергу я нават ляжаў у лякарні.

Таму да мяне спецыяльна падсялілі чалавека з падобнай мовай, каб ён назіраў за мной і мог паведаміць, калі мне стане горш. Мы жылі разам два месяцы.

— Як лечаць хворых у лагерах для бежанцаў?

— На тэрыторыі кожнага ёсць паліклініка. Займаеш чаргу, можаш чакаць пару гадзін, а калі народу шмат, можаш у гэты дзень і не трапіць да лекара. За дзень прымаюць чалавек 150.

Дактары там працуюць розныя — і тэрапеўты, і вузкія спецыялісты. Некаторыя прыязджаюць з гарадскіх клінік. Уся дапамога для жыхароў лагера бясплатная.

Калі ў цябе нешта сур’ёзнае, перавозяць у горад. Так я трапіў у бальніцу ў Гейдэльбергу. Я быў не ў адной лякарні ў Нямеччыне, магу зазначыць, што звычайныя клінікі там — для беларусаў нешта фантастычнае.

Прычым здзіўляе не толькі абсталяванне, але і адносіны ўсяго персаналу. Мяне яшчэ толькі падвезлі, адразу падышлі для агляду два дактары, абследавалі мяне ў асобным боксе.

Праз паўгадзіны на гэтым жа ложку мяне перавезлі на ліфце ў палату, вялікую, прасторную, метраў 25, дзе было ўсяго два пацыента.

Столькі прыбораў я не бачыў ніколі. Зразумела, ёсць кнопка, каб выклікаць медсястру, і яна адразу з’яўляецца. Але ж сёстры прыходзілі і без званка.

Клініка ў Гейдэльбергу, дзе ляжаў спадар Ян

Ні па якія аналізы не трэба бегаць па паверхах, усё зрабілі ў палаце — аналізы, УГД і іншае. Я нікуды не выходзіў, а да мяне прывозілі і прывозілі розныя апараты.

Мне наогул не давалі падняцца з ложку, на ім адвозілі на больш складаныя даследаванні, якія, відаць, немагчыма зрабіць у звычайнай палаце.

Па выніках мне прапанавалі паставіць стэнты. Каб усё растлумачыць, прыйшла рускамоўная доктар і прынесла поўнае апісанне аперацыі з усімі заўвагамі.

Я азнаёміўся, задаваў усе пытанні, якія хацеў, але ўсё ж ад аперацыі адмовіўся. Тады мяне на хуткай дапамозе перавезлі ў другую клініку, дзе лячылі ўжо тэрапеўтычна тыдзень.

І зноў умовы былі як у кіно. Яшчэ адзначу, што ежа ў бальніцах вельмі добрая.

Ужо пасля таго, як я атрымаў статус бежанца і прытулак, я зноў трапіў у лякарню, дзе мне зрабілі дзве аперацыі па выдаленні грыж. Медыцынская страхоўка, якую я атрымаў як бежанец і пенсіянер, пакрыла ўсе выдаткі.

Спадар Ян кажа, што пасля атрымання прытулку мігрантаў пераводзяць яшчэ ў адно месца, дзе яны чакаюць сацыяльнае жыллё. Але ж суразмоўца трапіў да сваіх родных, якія жывуць у Нямеччыне.

— Вам давялося вельмі шмат перажыць за гэты год. Як вы сябе адчуваеце?

— Ужо лепш, але дагэтуль мяне назіраюць лекары і я праходжу рэабілітацыю.

— Як вы цяпер жывяце?

— Мая дапамога па бежанстве складае 900 еўра. Амаль 500 я плачу за пакой і раблю розныя выплаты. На астатнія грошы можна пражыць. Тут таннае адзенне, танны абутак. Ежа каштуе столькі ж, колькі ў Беларусі. Але там я атрымліваў пенсію значна менш за 400 еўра.

Я вам скажу больш, у мяне яшчэ і застаюцца грошы. Ніколі не купляў сабе столькі рэчаў, напрыклад, таго ж абутку ў мяне ўжо ў тры разы больш, чым было дома, бо ён добры і танны.

Так, тут вельмі дарагая стаматалогія, і я, відаць, буду збіраць грошы, каб вылечыць некалькі зубоў, ці паеду ў Польшчу для гэтага.

Узровень жыцця, зразумела, непараўнальны. Але больш за ўсё мяне ўразілі адносіны людзей адзін да аднаго. Гэта я адчуў яшчэ ў лякарні. Гэта можна адчуць і проста на вуліцы, калі з табой наўпрост вітаюцца незнаёмыя людзі.

— Але ж вы не ведаеце нямецкай мовы?

— Таксама дапамагаюць людзі. У тых жа крамах, калі звяртаюся, яшчэ ніводны чалавек ад мяне не адвярнуўся.

— Не магу не задаць пытання, якое можа аказацца балючым: што вы думаеце наконт вяртання, ці дапускаеце думкі, што можаце ніколі не вярнуцца?

— Так, гэта вельмі балючае пытанне. Безумоўна, хочацца вярнуцца як мага хутчэй, таму што там прайшло ўсё жыццё, там усё роднае, як кажуць, пад кожным кустом — дом.

І як бы цяжка мне ні было гэта ўсведамляць, але вялікай надзеі на вяртанне ў мяне сапраўды няма. З-за свайго ўзросту магу не дачакацца. Але ж і з маладых, на жаль, не ўсе вернуцца.

Бо калі чалавек вывучыць мову, знойдзе добрую працу, уладкуецца і асімілюецца, ён наўрад ці захоча вяртацца, каб зноў пачынаць усё спачатку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(27)