ПЭН-цэнтр: «Улады ставяць пад пагрозу здароўе і жыццё Някляева»

Рада Беларускага ПЭН-цэнтра заклікала беларускія ўлады спыніць пераслед, скасаваць прысуд у дачыненні да Уладзіміра Някляева, і звярнулася да міжнароднай супольнасці з просьбай падтрымаць гэты заклік.

Ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Уладзімір Някляеў быў затрыманы 21 сакавіка.

Верагодна, яго забралі адбываць10-суткавы адміністратыўны арышт, да якога ён быў асуджаны 1 лістапада мінулага году ​з​а нібыта заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, якое мелася адбыцца ў Мінску ў кастрычніку.

Беларускі ПЭН-цэнтр ​​звяртае ўвагу, што цягам некалькіх месяцаў улады не затрымлівалі Уладзіміра Някляева для адбывання арышту, а зрабілі гэта напярэдадні Дня Волі.

– Відавочна затрыманне было здзейснена, каб не дапусціць шэсця, прызначанага палітычнымі актывістамі да Дня Волі і забароненага ўладамі. Улады не папярэджваюць пра тэрмін адбывання арышту і трымаюць Някляева ў сітуацыі пастаяннага напружання, пазбаўляючы яго магчымасці планаваць сваё жыццё, а таксама быць падрыхтаваным да дзесяцісуткавага перабывання ў арышце, а значыць – узяць жыццёва неабходныя лекі і асабістыя рэчы, – адзначаецца ў заяве Рады Беларускага ПЭН-цэнтра.

Рада лічыць, што вынесены Някляеву прысуд па абвінавачванні ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння неабгрунтаваны і недапушчальны:

– Ужываючы ў дачыненні да 71-гадовага Уладзіміра Някляева, які мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, небгрунтаванае і нематывавана жорсткае пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, улады ставяць пад пагрозу яго здароўе і жыццё.

Беларускі ПЭН-цэнтр заклікае беларускія ўлады спыніць пераслед паэта і скасаваць прысуд у дачыненні да яго.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)