Филин

Юлія Кот

Пазнякоў: «Усё тое, што навязваецца зверху, будзе існаваць толькі на паперы»

Прафсаюзны лідар — пра механізм кантролю, які дзяржава прасоўвае на  прадпрыемствах.

У Беларусі абноўленыя патрабаванні да стварэння прафсаюзаў — адпаведны ўказ Лукашэнкі, дзе прапісаныя гэтыя змены, апублікаваны на нацыянальным прававым інтэрнет-партале.

Так, цяпер для стварэння і дзейнасці рэспубліканскага прафсаюза неабходна не менш як 500 заснавальнікаў ад большасці абласцей Беларусі і Мінска, а для тэрытарыяльнага — таксама не менш за 500 заснавальнікаў ад большасці адміністратыўна-тэрыятарыяльных адзінак адпаведнага рэгіёна.

Каб стварыць прафсаюз у арганізацыі, па месцы працы ці вучобы, трэба сабраць не менш як 10 заснавальінкаў, якія тут працуюць ці вучацца.

Асобны пункт датычыцца кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» — у ім таксама дазволена ствараць прафсаюзы, прычым без аніякіх умоў па колькасці, а ў найменнях і рэквізітах дакументаў можна выкарыстоўваць слова «беларускі».

Таксама ў абноўленым указе прапісана, што юрыдычныя асобы чальцамі прафсаюзаў быць не могуць, а ў выпадку змены юрыдычнага адрасу прафсаюзу ці асацыяцыі патрэбна цягам месяца перадаць усе адпаведныя дакументы ў дзяржведамства, якое здзяйсняе рэгістрацыю.

Прадказальна, «дзейнасць незарэгістраваных прафсаюзаў, асацыяцый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забараняецца» — з улікам таго, што летась Вярхоўны суд ліквідаваў практычна ўсе незалежныя прафсаюзы, па сутнасці, у краіне застаецца адно праўладная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, якой падпарадкоўваюцца больш дробныя аб’яднанні.

Гэта 15 галіновых, 6 абласных і Мінскае гарадское аб’яднанне, а таксама 137 раённых і гарадскіх аб’яднанняў, а агульная колькасць чальцоў, як не без гонару пазначана на сайце ФПБ, «складае больш як 4 мільёны чалавек, альбо 96,5% эканамічна актыўнага насельніцтва краіны».

Цяперашнія патрабаванні да прафсаюзаў — касметычныя альбо яны ствараюць дадатковыя перашкоды для аб’яднання працоўных?

Максім Пазнякоў

— Па вялікім рахунку, ніякіх істотных зменаў не было зроблена, — адзначае ў каментары Филину адзін з лідараў незалежнага прафсаюзнага руху Максім Пазнякоў. — Як раней патрабавалася 500 чальцоў прафсаюза для стварэння рэспубліканскіх арганізацый, так і засталося, абавязковая рэгістрацыя ў Міністэрстве юстыцыі таксама патрабавалася і раней.

Насамрэч, можна лічыць нейкім паляпшэннем хіба тое, што дастаткова 10 чалавек, каб стварыць прафсаюз на прадпрыемстве ці ў навучальнай установе — раней для гэтага, наколькі я памятаю, неабходны быў пэўны адсотак ад агульнай колькасці працуючых. Але і гэта нічона не змяняе, таму што ўсё адно трэба праходзіць дзяржрэгістрацыю — і відавочна, што ніякую самастойную ініцыятыву працоўных Мінюст не зарэгіструе.

У любм выпадку, мяркуе Максім Пазнякоў, нават пра ўмоўную «свабоду аб’яднанняў» гаворку весці не выпадае — усе наноў створаныя прафсаюзы будуць дзяржаўнымі альбо падкантрольнымі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі:

— Зразумела, што Лукашэнка абраў кітайскі варыянт прафсаюзаў — калі існуюць толькі дзяржаўныя арганізацыі, а ніякіх незалежных у дадзены момант існаваць не можа.

— Дарэчы, пра кітайскі варыянт. Ва ўказе асобна пазначаны індустрыяльны парк «Вялікі камень» — але яму ўжо дазвалялі ствараць прафсаюзы, яшчэ ў 2017-м выйшаў адпаведны указ Лукашэнкі. Чаму спатрэбілася зноў паўтараць гэты дазвол праз шэсць год — не знайшлося ахвотных?

— Так, ніхто ў прыватным бізнесе не жадае ствараць дзяржаўныя прафсаюзы, гэта ж нонсенс. Навошта прыватнаму бізнесу яшчэ адзін механізм кантролю з боку дзяржавы? Ён нікому не патрэбны.

Прафсаюзы заўжды ствараюцца самімі працоўнымі, калі яны аб’ядноўваюцца дзеля барацьбы за свае правы. А ціск «зверху», калі дзяржава навязвае свае структуры бізнесу — канешне, гэта не працуе.

Дарэчы, таму і з’явіўся пункт пра 10 чалавек: каб можна было ў любой маленькай прыватнай кампаніі праз ціск на кіраўніцтва стварыць гэтыя дзяржаўныя пярвічкі.

— Мы бачылі, як гэта летась было ў «Макдональдсе» (яшчэ да сыходу франшызы з Беларусі)  і падавалася як вялікі поспех 10-гадовай працы…

—  Падобнае адбывалася і на іншых прыватных прадпрыемствах, быць можа, менш публічна.

У 2020-2021 годзе, калі Лукашэнка патрабаваў стварыць прафсаюзныя ячэйкі на кожным прыватным прадпрыемстве, да нас звярталася шмат людзей — яны яшчэ лічылі, што можна стварыць незалежны прафсаюз, быць незалежнымі ад дзяржавы. Тады мы нямала размаўлялі з кіраўнікамі, што ініцыятыва мусіць ісці ад працоўных, а не ад адміністрацыі.

Але, наколькі мне вядома, у ІТ-сферы ты не атрымаеш вялікіх дзяржаўных заказаў, калі на тваёй фірме, кампаніі не існуе дзяржаўнага прафсаюза. Такім чынам, улады спрабуюць умацаваць кантроль у прыватным сектары, у тым ліку над тымі ІТ-шнікамі, якія яшчэ засталіся.

Аднак калі няма ініцыятывы з боку працоўных і калі незалежныя арганізацыі ім ствараць не дазваляюць — усё тое, што навязваецца зверху, будзе існаваць толькі на паперы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(20)