Политика
Мікола Бугай, «Наша Ніва»

Пазняк заклікае Захад не ўводзіць эканамічных санкцый, але выдаць ордар на арышт Лукашэнкі

Зянон Пазняк бачыць перамены ў грамадскай думцы Беларусі, але засцерагае: няма простага шляху ад перамен у свядомасці да палітычнай трансфармацыі. Пра гэта ён піша ў сваім новым артыкуле, змешчаным у інтэрнэце.

«У некаторых беларусаў сталі расплюшчвацца вочы, іншыя раптам прачнуліся, сталі слухаць і чуць. Ім здаецца, што згоршала ўлада, палітыка, і змяніўся свет. Тым часам змяняцца пачаў не рэжым, а яны».

«Цяпер, асабліва пасля выказванняў узурпатара пра „казлоў“, „вашывую палітыку“ і абвяшчэння права на свабоду думак чалавека ў сваёй хаце на кухні, шмат хто… пачаў казаць і пісаць пра „агонію“ рэжыму». Пазняк мяркуе, што гаварыць «пра „агонію“ і „канец“ — гэта перабольшанне».

Ён нагадвае, што ў самым пачатку сваёй улады Лукашэнка нават Гітлера пахваліў і казаў, што гэта «узор» для яго разумення прэзідэнцкай рэспублікі. Пазняк з горыччу працягвае:

«Вашывыя блохі», «адмарозкі», «падонкі» і т. п. лексіка гучэла ўвесь час у хамскай і нецярпімай форме. І грамадства (акрамя невялікай яго часткі) усяго гэтага варварства, як быццам, не заўважала».

Пазняк абвінавачвае Лукашэнку ў распальванні нянавісці: «Сямнаццаць гадоў, з дня ў дзень, гучэў над краінай сіплы голас нянавісці. Адных беларусаў нацкоўвалі на іншых беларусаў» па мове, веры, стаўленні да прадпрымальніцтва, па дачыненнях да Захаду, Расеі, гісторыі.

«Нязмоўкны голас нянавісці паказвае на ўсё новых і новых, унутраных і замежных ворагаў», — піша Пазняк.

Ізноў з горыччу адзначае: «Нянавісць сталася палітыкай і заразнай, як хвароба. Гістарычны вопыт паказвае, што паранояй грамадства можа заразіцца ад дыктатара і паранойнай улады. Тады дамінуе міфалогія і засынае розум».

Прычыны зменаў у грамадскай думцы Пазняку бачацца ў тым, што «адбыўся працэс накаплення інфармацыі і асэнсаванне вопыту, калі вострыя палітычныя падзеі і эканамічныя абставіны сталі ўжо выклікаць у людзей адэкватныя ацэнкі».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка, на думку Пазняка, «працягвае ілгаць, яшчэ больш раздражняючы гэтым народ, які ўжо ўсё бачыць».

«Нацыя прачынаецца і абурана ўзіраецца на Лукашэнку, яшчэ не разумеючы, што бачыць у ягоным начальстве, як у люстэрку, скрыўлены адбітак свайго быцця».

Пазняк заклікае Захад да актыўнага дзеяння супраць беларускай дыктатуры.

«Дзеля змагання з рэжымам патрэбныя не эканамічныя санкцыі (якія могуць канчаткова ўгробіць нацыю), а санкцыя суда на арышт узурпатара. У прынцыпе — любога суда, які б узяўся яго судзіць».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)