Политика
Сяргей Бужаў, “Мы”

Пазьняк стварае новы рух

Пра гэта было заяўлена ў ягонай завочнай прамове на снежаньскім сойме Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі - БНФ.

“Мы адчуваем і назіраем вынікі нашай нацыянальна-асветніцкай працы і перамогу нашай пазіцыі ў дачыненні да рэжымных выбараў і рэферэндумаў. Я маю на ўвазе нашу канцэпцыю байкоту, якую грамадства, нарэшце, пачало ўспрымаць і ў гэтым годзе сваім няўдзелам дапамагло праваліць фальшывыя выбары. Іх ніхто не прызнаў, акрамя Масквы, - заявіў Зянон Пазьняк аднапартыйцам. - Хачу звярнуць увагу, што над праблемай байкоту антынароднай выбарчай сiстэмы мы працуем ужо скора дзесяць гадоў. Першы станоўчы вынік, як вы памятаеце, быў ужо ў 2000 годзе, але толькі цяпер, у 2008-м, гэта наша пазіцыя праявілася ў грамадстве як сістэмная з’ява. Вы бачыце, што ёсць сэнс у паслядоўнай канцэптуальнай працы. Урэшце рэшт яна дае вынік. У прынцыпе можна заблакаваць цалкам рэжымныя выбары, і рэжым пачне задыхацца. Патрэбная мэтанакіраваная праца. Але пакуль будуць існаваць штрайкбрэхеры ў выглядзе падстаўной апазіцыі, датуль будуць сур’ёзныя перашкоды ў нашым змаганні з рэжымам. На ліквідацыю штрайкбрэхераў мы павінны будзем мабілізоўваць само грамадства”.

Астатняй апазіцыі ад Пазьняка традыцыйна дасталося няслаба: “Па маіх назіраннях, маргінальная апазіцыя не існуе як сістэмная і колькасная палітычная сіла. Гэта пару дзесяткаў асобаў, якія сядзяць на замежных датацыях і знаходзяцца у Мінску, генералы без войска, самі стаяць у пікетах і самі раздаюць сумнеўныя ўлёткі пра правы чалавека, напісаныя па-руску. Спыніць іхняе шкоднае існаванне можна адным махам - перакрыць замежныя датацыі. Рэжым гэта не робіць, бо яму лепш мець такую “падстаўку”, чымся сапраўды змагарны народны рух, праявы якога дыктатура імкнецца тут жа душыць”.

У прыватнасці, палітык-эмігрант скрытыкаваў АДС: “Нядаўна так званыя “Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы” напісалі пад кіраўніцтвам Яраслава Раманчука “праграму” “Новы эканамічны курс” і накіравалі яе Лукашэнку. У “праграме” яны прапануюць Лукашэнку скасаваць Савет міністраў і стварыць узамен “групу антыкрызіснага кіравання” пры Адміністрацыі прэзідэнта, а кіраўніком гэтай “групы” просяць прызначыць аўтара “опуса” - гэта значыць, Яраслава Раманчука. Нават тэкст указу аб прызначэнні напісалі і накіравалі Лукашэнку (каб аблегчыць, значыцца, яго клопат). Ну, што тут скажаш? Даўно вядома (яшчэ з часу спробы пабудаваць “перпетум мобіле” Іванам Ціцянковым і Лукашэнкам), што агульны ўзровень ідыятызму ў рэжымнай Беларусі лунае на недасягальнай вышыні. Тут гэта заразная хвароба, інфекцыйнае захворванне. Вось гэта “дэмсілы”! Вось гэта “апазіцыя”! Сама просіцца на службу да праклятага “дыктатара”. Але іх можна зразумець: “свабоды” няма, дык часам і лейтэнантам хочацца “паруляваць”.

“Падзеі ў Расіі, аднак (дзе Лубянка распусціла ўсе свае так званыя “правыя апазіцыйныя партыі” і стварыла з іх “Правое дело”, якое будзе супрацоўнічаць з Крамлём), нагадваюць, што аналагічныя перамены са статусам “падстаўной апазіцыі”, у прынцыпе, магчымыя і ў Беларусі. Як бачым, так званыя “аб’яднаныя дэмсілы” ўжо імкнуцца ўвайсці ў структуры антыбеларускага рэжыму (дакладней, хочуць вярнуцца туды, адкуль прыйшлі). Дарэчы, тут адчуваецца дырыжорская палачка з Масквы. Там расфармаванне лубянскай “апазіцыі” ідзе поўным ходам, тамтэйшы “лідэр” “правых сіл” Мікіта Бялых ужо нават пасаду губернатара ад Крамля атрымаў”, - выкрывае сцэнарыі беларускіх уладаў паводле схемы Масквы Пазьняк.

У наступным годзе КХП-БНФ правядзе з’езд. Пасля яго, абвесціў палітык, партыя зоймецца падрыхтоўкай “ідэйна-палітычнага грунту пад новы беларускі народны рух, які разгоніць маргінальную апазіцыю і пачне рэальнае змаганне з прамаскоўскім рэжымам”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)