Экономика

Павялічацца камуналка і падаткі, запрацуюць антызаходнія санкцыі. Што зменіцца з 1 студзеня?

НН нагадвае, што зменіцца ў Беларусі з 1 студзеня 2022 года.

За камуналку будзем плаціць больш

У 2022-м, як і ў папярэднія гады, двойчы паднімуць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі. Першы этап — з 1-га студзеня на 11,1 рубля падаражэюць усе паслугі, апроч ацяплення. Па падліках чыноўнікаў, аплата камуналкі за тыповую двухпакаёўку, дзе жывуць тры чалавекі, вырасце прыблізна на пяць даляраў у месяц. Наступнае падаражанне чакаецца з 1-га чэрвеня — на 3,04 рубля павысяць тарыфы на цяпло, электраэнэргію, газ, які выкарыстоўваюць на ацяпленне. 

З новага года павялічваюцца таксама тарыфы на электраэнергію, прыкладна на 11%. За інтэрнэт і званкі за мяжу са стацыянарнага тэлефона таксама будзем плаціць больш, «Белтэлекам» павышае стаўкі прыкладна на 5%.

Падымуць мінімальны сярэдні заробак, падтрымаюць бюджэтнікаў

З 1-га студзеня павялічваецца мінімальны заробак — да 457 рублёў (цяпер ён складае 418,14 рубля). Таксама падымуць базавую стаўку, ад якой залежыць заробак бюджэтнікаў — да 208 рублёў (цяпер — 198 рублёў). 

У два разы павялічваецца аднаразовая выплата на аздараўленне бюджэтнікаў (было — палова акладу, будзе — цэлы аклад работніка). На гэта з бюджэту выдзеляць каля 120 мільёнаў рублёў.

З новага года педагогам, якія бяруць класнае кіраўніцтва і куратарства, будуць даплачваць — базавую стаўку (208 рублёў). 

Павышаецца і базавая велічыня, да якой прывязаныя многія абавязковыя плацяжы і штрафы — да 31 рубля (цяпер — 29 рублёў). 

Выходзім на максімальны пенсійны ўзрост

З 1-га студзеня павышаецца пенсійны ўзрост: для жанчын — 58 год, для мужчын — 63 гады. Улады дасягулі пастаўленай у 2017 годзе мэты. Але магчыма, гэта не канчатковае павелічэнне. Чыноўнікі казалі, што пенсійны ўзрост жанчын могуць яшчэ падняць. Эксперты МВФ раілі беларускім уладам павышаць пенсійны ўзрост. 

Таксама з новага года на шэсць месяцаў павышаецца мінімальны страхавы стаж, неабходны для атрымання працоўнай пенсіі — цяпер гэта 18,5 года (час, калі ішлі адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны). З 2022-га будуць па-новаму разлічваць пенсіі. Перыяд, за які бяруць заробак, каб разлічыць выплаты, павялічваецца на год — да 28 гадоў неперарыўнага стажу. 
Запасаемся памідорамі — запрацуюць антызаходнія санкцыі 

З 1-га студзеня пачынае дзейнічаць прадуктовае імбарга супраць заходніх краін, што ўвялі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Пад забаронай прадукцыя з краін ЕС, ЗША, Канады, Нарвегіі, Албаніі, Ісландыі, Паўночнай Македоніі, Вялікабрытаніі і Ірландыі, Швейцарыі і Чарнагорыі. Цікава, што хоць Сербія і падтрымала ЕС у санкцыйным ціску, яе прадукцыю беларускія ўлады ў адказ блакіраваць не будуць. 

Вось пра якія прадукты ідзе гаворка:

– мяса (ялавічына, свініна, свойская птушка);

– субпрадукты, тлушчы, каўбасы, харчовая мука з мяса або мясных субпрадуктаў;

– малако і малочная прадукцыя;

– садавіна, гародніна і арэхі;

– кандытарскія вырабы;

– соль.

Важна: спіс не вычарпальны, бо маецца пазнака «і іншыя прадукты». Улады абяцаюць, што змогуць замяніць заходнія тавары беларускімі або аналагамі з краін, якія не ўводзілі санкцыі, таксама прадугледжваюцца квоты для пэўных пастаўшчыкоў. Як будзе працаваць новы механізм, стане вядома ўжо ў 2022-м. Пакуль жа незразумела нават, ці трапяць пад забарону прадукты еўрапейскіх брэндаў, якія вырабляюцца, напрыклад, у Расіі. 

Новыя падаткі

Абноўлены падатковы кодэкс пакуль не апублікаваны, але чыноўнікі анансавалі, што з 2022 года пачнуць спаганяць падатак з кожнага ўладальніка кватэры, раней плацілі тыя, хто мае больш за адну. Дакладная сума стане вядомая, калі апублікуюць змены ў кодэкс.
Таксама ў планах — падняць зборы з гаспадароў аграсядзібаў і рамесленікаў. З 1-га студзеня прымяняць спрошчаную сістэму не змогуць ІП, якія аказваюць паслугі. Выключэнне зрабілі для наступных відаў занятасці:

– турыстычная дзейнасць;

– дзейнасць у сферы аховы здароўя;

– дзейнасць сухапутнага транспарту;

– паслугі па грамадскім харчаванні;

– дзейнасць у галіне камп'ютарнага праграмавання.

Стаўка для астатніх вырасце з 5% да 16%. Частка прадпрымальнікаў можа перайсці на сплату адзінага падатку, калі аказваюцца паслугі грамадзянам выключна для асабістых, бытавых, сямейных і іншых патрэб.

Сямейны капітал не будуць выплачваць пры ўсынаўленні

З 1-га студзеня змяняюцца правілы атрымання сямейнага капіталу для шматдзетных сямей. Дапамогу не будуць выдзяляць пры ўсынаўленні трэцяга і наступных дзяцей. Мінпрацы ўдакладняе, што ў такіх сітуацыях дзяржава і так падтрымлівае сем’і.

Таксама з новага года давядзецца збіраць больш дакументаў, каб скарыстацца магчымасцю патраціць сямейны капітал да таго, як дзіця стане паўналетнім. Якія канкрэтна гэта дакументы, улады пакуль не ўдакладняюць.

Оцени статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1(6)