Общество
Еolonir

Павуціньне лезе з разэтак

Мінулымі днямі блёгасфэра раптоўна (і масава!) абурылася нашай дарагой сувязьзю, у прыватнасьці, Сецівам. Канешне, гэта эмоцыі, нічога не памяняеш, бо выйсьце з лапаў Белтэлекаму можна шукаць толькі ў спадарожнікавых правайдэраў зь іншых краінаў, а гэта не так проста. І тым ня менш…

Чаму ў нас такая танная тэлефонная сувязь? Дадзеныя, прыведзеныя Белтэлекамам, сьведчаць, што ў Беларусі сувязь на парадкі таньнейшая за астатнія краіны СНД (і, натуральна, ня толькі іх). Там кошты за хвіліну не апускаюцца ніжэй за 30 рублёў па месту (у пераліку за нашыя грошы), у той час як патэлефанаваць у межах места або мястэчка ў Беларусі каштуе меней за 9 рублёў.

Усё гэта так, але такі рай павінны нечым фінансавацца, слушна зазначае nacyjanalist ды шэраг іншых блёгэраў. Натуральна, што дзяржава ня можа фінансаваць усе галіны гаспадаркі са сваёй кішэні. Напрыкляд, Беларуская Чыгунка слушна пераклядае страты ад унутраных перавозак на кошты міжнародных. Так адбываецца і ў Беларусі. Фінансаваньне раю для пэнсыянэраў зьдзяйсьняецца за кошт фінансава ўстойлівых элемэнтаў грамадзтва (прасьцей кажучы — тых, хто працуе). Пры гэтым перакрыўленьне коштаў проста ўражвае:

— Кошты на міжнароднае тэлефанаваньне ў Беларусі ня падаюць ніжэй за 10 эўрацэнтаў за хвіліну (і гэта толькі ўва Ўкраіну й Расею), пры гэтым зь Нямеччыны ў Расею тэлефанаваць можна за 2 эўрацэнты, карыстаючыся з ІР-тэлефаніі. Апошняя ў нас, на жаль, забароненая.

— Безлімітны канал высокахуткаснага Інтэрнэту каштуе ў нашай блакітнай ля 750 EUR на месяц. Пры гэтым такі ж канал, толькі з шырынёй у разоў 10 больш, каштуе ад 50 EUR штомесяц (СНД) да 15 EUR (Заходняя Эўропа).

— Кошты перарэгістрацыі хатніх тэлефонаў вагаюцца ад 25 EUR з прапіскаю й 68 EUR без прапіскі, пазачарговага правядзеньня — ля 150 EUR. У Польшчы правядзеньне тэлефону каштуе ля 100 злотых, ці 32 EUR, а рэгістрацыя й увогуле безкаштоўная. Бо маюць рацыю — грошы можна атрымаць ад размоваў, а тэлефонная сувязь павінна забясьпечваца лёгка. А ў нас наадварот — карыстальнік, працягваючы ці перарэгіструючы тэлефон, загадзя аплочвае ўсе свае “бюджэтныя” размовы ды й бабуляў у пад’езьдзе агулам.

Паводле коштаў на “няльготную” сувязь Беларусь з’яўляецца самай дарагой краінай СНД пасьля Туркменістану, дзе грамадзкія сеціўныя кавярні пачалі з’яўляцца толькі зараз, і далёка ня радуюць карыстальнікаў сваёй хуткасьцю. Беларусь мае самы малы ў Эўропе наземны канал выхаду на іншыя краіны, выкарыстаньне спадарожнікавага рэсурсу ў краіне забаронена празь яго некантраляванасьць, а ІР-тэлефанія — адзіны чын паднізіць кошты на міжнародныя тэлефанаваньні — з’яўляецца прэрагатывай Белтэлекаму.

Калі правайдэры ў Расеі ды Ўкраіне (я не лічу краіны Балтыі) ужо даўно пачалі падлучаць людзей да Сеціва праз электрычныя каналы, то ў Менску з хуткасных болей-меней дасягальных тэхналёгіяў існуе толькі ADSL. Дасяг праз кабэльныя сеткі абаймуе ледзьве 10 адсоткаў жылых дамоў сталіцы, а пра сеціва праз электрычныя правады — самы хуткасны від наземнага Інтэрнэту на дадзены момант — ніхто нават і ня войкнуў. Бо натуральна, калі пампаваць з хуткасьцю да 100 Мбпс, то хто дасьць рады аплочваць такія аб’ёмы?

Гэта ў Менску, у правінцыях стан значна горшы. Ва ўсіх раённых цэнтрах існуе толькі by-fly, Белтэлекамаўская марка, самая дарагая зь існуючых. Atlant Telekom працуе ў Гомлі, Магілёве ды Горадні, Белінфанэт — у Магілёве. І ўсё. “Ілікторату” ды чыноўнікам Сеціва не патрэбнае, ім хопіць і трох каналаў тэлебачаньня, як сказаў аднойчы лідзкі службовец, камэнтуючы сваю ініцятыву зьняць спадарожнікавыя талеркі.

І яшчэ адной тэмай, якая, зазвычай для палітычных не прыцягнула шмат камэнтароў, але актыўна перадрукоўвалася ЖЖыстамі, сталася Венезуэла. Ці, калі больш дакладна, дэманстрацыі ў сталіцы гэтае краіны Каракасе, дзе дзесяткі тысячаў пратэставалі супраць ззачыненьня незалежнага тэлеканалу. Дэманстрацыя ня першая — яны былі й раней. Ды й на выбарах Чавес перамог не зь пераможнымі 88 адсоткамі, а толькі са сьціплымі 55. І магчыма, гэтыя лічбы паказвалі на рэальны вынік.

Дзіўныя краіны абірае ППРБ для сяброўства. Венезуэла значна больш падобная на дэмакратычную, чым Беларусь, а ў Іране, дзе ў 2003 годзе дэманстрацыі студэнтаў супраць аятолаў ледзьве не пераўтварыліся ў грамадзянскую вайну, дастаткова грошаў ды прагматызму, каб весьці незалежную гульню ў рэгіёне. А мы аддаўна пераўтварыліся ў кліента, у кожны бок кідаемся, бы падтрымалі. Толькі раней гэта была Расея, а зараз — Іран ды Венезуэла. А азіяцкая ды латынаамерыканская палітыка — гэта зусім не антыізраільская ці антыамерыканская рыторыка Ахмадынэжаду ці Чавэсу. Такія прамовы — гэта гульня, даніна мэнталітэту. За імі стаіць нешта іншае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)