Политика
Юлія Аляксандрава

Павел Севярынец будзе судзіцца з БТ

Незарэгістраваная партыя «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) падае ў суд на Першы нацыянальны тэлеканал Беларускага тэлебачання. Сустаршыня партыі Павел Севярынец лічыць абразлівым сюжэт пра яго арганізацыю ў праграме «Панарама» і мяркуе, што тэлеканал наўмысна хацеў скампраметаваць іх перад візітам Патрыярха Кірыла і напярэдадні з’езду.

Сюжэт прысвечаны БХД выйшаў у эфір БТ 27 верасня.

— За 5-7 хвілін сюжэта мне паспелі патэлефанаваць чалавек 15, — распавёў «Салідарнасці» Павел Севярынец — Гаворка там ішла пра тое, што Беларуская хрісціянская дэмакратыя — гэта вельмі небяспечная з’ява. Гэта значыцца, небяспечная для сённяшняга беларускага рэжыма. Севярынец лічыць, што гэтая інфармацыя невыпадкова з’явілася падчас візіта Патрыярха і перад з’ездам партыі:

— Зразумела, што ў аснове рашэння запусціць гэты сюжэт на БТ ляжыць страх перад БХД. Чаму страх? Таму што за апошні год колькасць сяброў партыі вырасла ў чатыры разы, усталяваныя стаункі з вядучымі партыямі хрысціянскіх дэмакратаў у Еўропе. На сённяшні момант БХД — самая дынамічная палітычная структура ў Беларусі. А тут яшчэ і спроба рэгістрацыі… (Міністэрства юстыцыі адмовіла партыі ў рэгістрацыі — «С»).

Па словах Севярынца, у сюжэце «Панарамы» БХД параўналі з сектай і наогул вылілі нямала бруду:

— Сюжэт складаўся з «інфармацыі» пра тое, якія кепскія хрысціянскія дэмакраты. Яны праводзяць кампаніі ў абарону сумлення, і гэта кепска. Яны агітуюць за беларускую мову, і гэта кепска. Дарэчы, гэтую заяву каментаваў дыякан з Расіі Андрэй Кураеў (падчас візіта ў Мінск ён ужо выказвааў сваё меркаванне пра беларускую мову. — «С»). Вельмі шмат цытавалася Вольга Крач — дэмакратычная актывістка, кіраўніца абласнога аддзялення АГП, якая піша пра тое, што БХД ідзе ў тым накірунку, якім ішоў Гітлер. Выступаў у сюжэце нават прадстаўнік беларускай праваслаўнай царквы, але адгукнуўся даволі нейтральна. З боку царквы БТ не ўдалося атрымаць тыя каментары, на якія яны разлічвалі. Калі не лічыць словы замежніка Кураева.

Заяву ў суд члены партыі плануюць падаць у сераду 30 верасня.

— Канешне заява на тых, хто зрабіў гэтую фальшыўку, пойдзе ў суд. А ў Бібліі напісана: «Шчаслівы той, каго зласловяць за імя Хрыстова».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)