Политика

Павел Латушка стаў лаўрэатам прэміі «Салідарнасць» імя Леха Валенсы

Палітыка намінаваў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

Павел Латушка. Фота з адкрытых крыніц.

Прэмія «Салідарнасць» прысуджаецца польскім МЗС як прызнанне заслуг у прасоўванні і падтрымцы дэмакратычных каштоўнасцяў. Сёлета рашэнне было прынята аднагалосна капітулай, у якой старшынствуе лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Лех Валенса, паведамляе афіцыйны сайт Міністэрства замежных спраў Польшчы.

Узнагароду ўручаць на ўрачыстай цырымоніі ў Варшаве 18 верасня ў Варшаве.

— Успрымаю гэта як важны палітычны мэсэдж з боку Польшчы аб стратэгічнай падтрымцы дэмакратычных памкненняў беларусаў, — сказаў Павел Латушка. — Адначасова гэта прызнанне дзейнасці ўсёй нашай каманды, якая вядзе барацьбу за свабодную, дэмакратычную, еўрапейскую і незалежную Беларусь, і ўсіх беларусаў, хто змагаецца за свабоду для беларускай нацыі.

Гэта вялікі гонар, але гэта і вялікая адказнасць. Важна, што яе з намі гатовы падзяляць нашы партнёры, нашы саюзнікі. Мы змагаемся з дыктатурай, мы змагаемся за Беларусь і мы не адны.