Павел Латушка можа застацца без штаноў

Міністр культуры Беларусі паабяцаў аддаць апошняе, але знайсці грошы на правядзенне Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах, правядзенне якога запланавана на 4 верасня гэтага года.

Днямі ў Ганцавіцкім райвыканкаме прайшло паседжанне Нацыянальнага аргкамітэту па падрыхтоўцы і правядзенню Дня беларускага пісьменства. Панаехала шмат чыноўнікаў – міністр культуры Павел Латушка, міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі, старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык, а таксама прадстаўнікі іншых міністэрстваў і ведамстваў.

Як піша газета “Ганцавіцкі час”, чыноўніцкая дэлегацыя “абышла ўсе аб’екты ў цэнтры горада ад музея да кінатэатра ўздоўж якіх будзе абсталявана алея пісьменства”.

– Амаль каля кожнага аб’екта вялася гаворка аб недахопе сродкаў на рэканструкцыю, – распавядае “Ганцавіцкі час”. – Па словах старшыні Ганцавіцкага райвыканкама Уладзіміра Столяра, першапачатковыя планы прадугледжвалі затраты на 232 млрд рублёў, але ў свеце апошніх падзей плануецца, добраўпарадкаванне меншай колькасці аб’ектаў, чым меркалася раней, і на гэта патрэба 92 млрд. рублёў. Выдзелена пакуль толькі 45 мільярдаў, астатнія сродкі неабходна знайсці.

Віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік заўважыў: маўляў, пакуль не адчуваецца узнёсласці настрою жыхароў Ганцавіч перад нацыянальным святам пісьменства. І з гумарам дабавіў: “З грашамі кожны можа зрабіць, а вось без грошай – гэта ўжо мастацтва.”

Міністр культуры Павел Латушка, у якога папрасілі выдзеліць сродкі на рамонт раённага краязнаўчага музея, адказаў: “Без штаноў застануся, але грошы на Дзень пісьменства знайду”.

Што ж, паглядзім, у якіх штанах Латушка восенню паедзе ў Ганцавічы

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)