Политика
Альгерд Невяроўскі, ”Радыё Свабода”

Павал Красоўскі: на мне адпрацоўвалі новыя тэхналогіі

Вызвалены ўчора ўвечары з Віцебскага ізалятара часовага ўтрымання моладзевы актывіст Павал Красоўскі даў інтэрв'ю Радыё Свабода. Павал распавёў пра ўмовы ўтрымання ў турме й пракаментаваў падазрэнні ў забойствах і згвалтаваннях. Красоўскі знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд, і крымінальная справа супраць яго не спыненая.

Павал Красоўскі быў вызвалены па сканчэнні 10 сутак затрымання. Следчыя не наважыліся афіцыйна абвінаваціць яго ў арганізацыі леташніх выбухаў і забойствах ды згвалтаваннях непаўналетніх дзяўчат. Але і падазрэнні з яго цалкам не знятыя. Гаворыць Павал Красоўскі: “Усё да апошняй хвіліны трымалася ў сакрэце. Я не ведаў, вызваляць мяне ці не. Ведаў толькі, што падыходзіць тэрмін. І ім трэба альбо абвінавачанне супраць мяне выстаўляць, альбо адпускаць. Але да апошняй хвіліны нават адвакаты не былі ўпэўненыя, што мяне адпусцяць. Я так разумею, што з мяне дагэтуль падазрэнне не знятае. Узялі падпіску пра тое, што я абавязуюся прыходзіць на ўсе допыты. Па першым выкліку прыязджаць у Віцебск, у пракуратуру. І калі буду змяняць месца жыхарства, таксама павінен паведамляць”.

Павал Красоўскі адразу назваў падазрэнні следчых абсурднымі ды паказаў ім пашпарт, дзе было пазначана, што падчас леташніх віцебскіх выбухаў ён знаходзіўся ў Польшчы.

“Я думаў, што гэта маё жалезнае алібі, але яны высунулі супраць мяне падазрэнне й затрымалі за забойства. Артыкул 139 частка 3. Фактычна гэта ”расстрэльны” артыкул. Я быў у шоку, нават не памятаю, як падпісваў розныя паперкі, знаёміўся з правамі. Потым, недзе на пятыя суткі, яны высунулі яшчэ два забойствы з сексуальнымі дамагальніцтвамі. Тады я ўжо зразумеў, што гэта нейкая такая гульня, каб выбіць мяне з каляіны. Я гэта ўспрыняў больш адэкватна. Яны мяне гэтым артыкулам нават павесялілі”, — сказаў Красоўскі.

Павал думае, што следчыя ставілі эксперымэнт: “Мне падавалася, што гэта нейкі эксперымэнт, якія яны ставяць, адпрацоўваюць нейкія новыя тэхналогіі. Псіхалагічны прэсінг адчуваўся вельмі моцны. Вытрымаць гэта мне дазваляла толькі тое, што на волі падтрымка. Бачыў, што людзі падыходзяць да гэтага шостага аддзела, дзе мяне дапытвалі”.

Павал таксама распавёў пра ўмовы ўтрымання ў віцебскім ізалятары: “Адзін раз на дзень кармілі. У камерах не працуе вентыляцыя, шмат мышэй, якія бегаюць па нарах. За ўвесь час толькі адну перадачу прынялі ад бацькоў, не перадавалі газеты, дзе пра мяне было напісана. Толькі адзін раз далі сустрэцца з адвакатам”.

Красоўскаму пакуль не вярнулі пашпарт і мабільны тэлефон, спаслаўшыся на тое, што яны патрэбныя для следчых дзеянняў. Павал кажа, што ўдзячны ўсім, хто ўвесь гэты час дамагаўся ягонага вызвалення.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)