Политика
Руслан Гарбачоў

Паўмільёна за нагу міліцыянера

Лідэру незарэгістраванага руху «Маладая Беларусь» Артуру Фінькевічу, якога абвінавачвалі ў тым, што ён наступіў на нагу міліцыянеру, суд Савецкага раёна Мінска прысудзіў 525 тысяч рублёў штрафу. Актывіст лічыць, што ён атрымаў магчымасць прыйсці на акцыю Дня Волі толькі дзякуючы жаданню кіраўніка Беларусі паехаць на саміт у Прагу.

Затрыманні актывістаў напярэдадні Дня Волі сталі ўжо звычайнай справай. Аднак гэтым разам падзеі развіваліся па іншым сцэнары. Артур Фінькевіч замест прывычных “сутак” атрымаў адно толькі штраф. Прычым, па беларускіх мерках, даволі сціплы.

Праўда, ад пачатку ўсё выглядала, як звычайна. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі Артура Фінкевіча вечарам 21 сакавіка каля кафэ «Санча Панса» на праспекце Незалежнасці, адкуль ён выходзіў са сваімі паплечнікамі па Зміцерам Каспяровічам і Цімафеем Дранчуком.

У адносінах да Фінькевіча быў складзены пратакол па артыкуле 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях — «дробнае хуліганства». Актывіста абвінавачвалі ў нецэнзурнай лаянцы і ў тым, што ён наступіў на нагу супрацоўніку міліцыі.

— Калі мы толькі выйшлі з кафэ, да Артура накіраваліся тры чалавекі ў цывільным, якія паспрабавалі справакаваць бойку. Да гэтага яны сядзелі за столікам побач з намі і, здаецца, пілі гарэлку, — расказаў «Салідарнасці» Дзмітрый Каспяровіч. — Я зразумеў, што адбываецца, і крыкнуў: «Артур, бяжы!». Гэтых трох чалавек мы з Цімафеем адсяклі, але за Фінькевічам (нікому на нагу ён не наступаў!) кінуліся міліцыянеры ў форме, што знаходзіліся побач. Усяго ў аперацыі па затрыманні ўдзельнічала каля 15 чалавек. А сёння на судзе падчас выступленняў сведкаў аказалася, што людзі ў цывільным, што былі з намі ў кафэ, — супрацоўнікі міліцыі.

Па словах Цімафея Дранчука, на судзе міліцыянеры сцвярджалі, што кампанія Фінькевіча была п’яная, а Артура яны вырашылі затрымаць як самага агрэсіўнага. На пытанне суддзі, чаму ж пасля затрымання Артура Фінькевіча не была праведзена адмысловая экспертыза на ўтрыманне алкаголю ў крыві, супрацоўнікі міліцыі нічога адказаць не змаглі.

Але ў выніку лідэру «Маладой Беларусі» ўсё ж прысудзілі 525 тысяч штрафу.

— Маё затрыманне і пасля даволі мяккі прысуд — гэта сітуацыя, калі левая рука не ведае, што робіць правая. Відавочна, ва ўладных структурах адны хацелі перастрахавацца ад нечаканасцяў на Дзень Волі і вырашылі пасадзіць мяне на суткі, а іншыя ўсяляк спрабуюць давесці Еўропе, што ў нас праходзіць лібералізацыя, тым больш, калі Лукашэнка спадзяецца паехаць на саміт «Усходняга патнёрства» ў Прагу, — сказаў «Салідарнасці» пасля заканчэння суда Артур Фінкевіч. — Я ж упэўнены, што сутнасць рэжыму ніяк не змянілася: у нас па-ранейшаму без усялякіх падстаў могуць затрымаць чалавека ў цэнтры горада і абвінаваціць яго ў чым заўгодна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)