Паўлічэнка назваў дачку ў гонар СОБРа

Былая спецназаўка Аляксандра Кірыловіч, якая прадставіць Беларусь на конкурсе «Місіс Сусвет», аказваецца, раней была сужыцелькай экс-камандзіра САХРа Дзмітрыя Паўлічэнкі.

Пра гэта Аляксандра распавяла рэпарцёрам «Нашай Ніны» падчас падрыхтоўкі вялікага матэрыяла пра сябе.

Яна ў курсе шуміхі, якая паднялася пасля інтэрв’ю экс-спецназаўца Юрыя Гараўскага і абвіначванняў Дзмітрыя Паўлічэнкі ў забойстве зніклых палітыкаў.

Паўлічэнка, які даў два дыяметральна супрацьлеглыя каменты «Нашай Ніве» і TUT.BY, запэўніваў Аляксандру, што ўвогуле нікому не каментаваў сітуацыю.

— Ён не даваў нікому інтэрв’ю. Я першай справай яму патэлефанавала: «Дзіма, ты што, даваў некаму інтэрв’ю?» — «Наогул нікому, я быў у Лепелі, ні з кім не сустракаўся», — пераказвае яна дыялог.

Былая сужыцелька малюе з Паўлічэнкі ікону:

— Ён не машына і не забойца, як пра яго пішуць. Гэта чалавек, які верыць у Бога, ходзіць у царкву і ставіць кожную нядзелю свечку за сваіх дзяцей.

Ад Паўлічэнкі Аляксандра нарадзіла дачку Сабрыну — такое імя ёй даў бацька, у гонар САХР (па-руску «СОБР»). Цяпер ёй 13 гадоў.

— Дзмітрый нават яе маленькую насіў на пляц і казаў: «Это мой маленький СОБР».

Ён вельмі хацеў дачку. Бо яго старэйшая дачка, ад першага шлюба, разам з мамай паляцела ў Канаду, і ён не рэалізаваўся як тата дзяўчынкі.

Разысціся з Дзмітрыем было рашэннем Аляксандры.

— У пэўны момант яго былая жонка не знайшла сябе ў асабістым жыцці і пачала змагацца за маёмасць, маніпуляваць сынам. Я калі ўбачыла, што мужчына дзейнічае па прынцыпе «сын не даруе, а дачка даруе заўсёды»… Ён кахаў мяне, але не ведаў, што рабіць. У мяне было такое адчуванне, што ў іх з былой жонкай нешта не скончана. Магчыма, ён спрабаваў да яе паважліва ставіцца, а яна ўспрымала гэта інакш. Мы жылі грамадзянскім шлюбам і за месяц да вяселля разышліся.

З Паўлічэнкам Аляксандра засталася ў добрых адносінах, ён стаў хросным бацькам яе сыноў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(60)