Паўла Севярынца пяць з паловай гадзін трымалі пад вартай

Усю мінулую ноч бацькі палітыка і ягоныя сябры спрабавалі высьветліць, куды завезьлі Паўла супрацоўнікі Наваполацкай спэцкамэндатуры. Нагадаем, што ўчора ў часе працоўнае зьмены на лесаўчастак у вёсцы Алёшча па зьняволенага палітыка прыйшла слубовая машына, і ад таго часу зьвязацца зь ім было немагчыма.

Дзяжурны спэцкамэндатуры ў адказ на тэлефанаваньні тлумачыў, што Севярынца нібыта павезьлі ў Малое Сітна, дзе месьціцца інтэрнат “хімікаў”, з прычыны нейкае ўнутранае праверкі.

Але спраўдзіць гэта бацькам Паўла так і не ўдалося: мабільнай сувязі ў Малым Сітне няма, а ў хаце камэнданткі інтэрнату, дзе ёсьць звычайны тэлефон, вечарам і ноччу ніхто не здымаў слухаўку.

Толькі сёньня ўраньні бацькі Паўла Севярынца здолелі зьвязацца з сынам, бо ён ужо выйшаў на працу. Павал паведаміў, што на службовай машыне спэцкамэндатуры яго адвезьлі ў інтэрнат, прычым суправаджаў яго начальнік спэцкамэндатуры Ігар Дамуць.

Пяць з паловай гадзін Севярынца трымалі пад вартай, а потым супрацоўнікі спэцкамэндатуры зьехалі, так і не патлумачыўшы прычынаў “хатняга арышту”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)