Паўднёва-афрыканская апазыцыя крытыкуе ўрад за сувязі зь Менскам

Прадстаўнікі буйнейшай апазыцыйнай партыі у парлямэнце Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі — Дэмакратычнага альянсу — занепакоеныя паглыбленьнем супрацоўніцтва паміж іх краінай і Беларусьсю.

З крытыкай на адрас ураду Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі выступіў кіраўнік Альянсу Тоні Леон. Ён назваў недапушчальным тое , што Тсванэ (Прэторыя) ідзе на збліжэньне зь Менскам “у час, калі міжнародная супольнасьць рэзка крытыкуе беларускія ўлады за сытуацыю з правамі чалавека”, калі Эўразьвяз і ЗША “ўводзяць санкцыі супраць высокіх беларускіх чыноўнікаў.”

Як перадае агенцтва Sapa, сябры Дэмакратычнага альянсу лічаць заўчасным нядаўні візыт у Беларусь міністра замежных справаў краіны Нказазаны Дламіні — Зумы і яе перамовы зь беларускім кіраўніцтвам пра далейшае супрацоўніцтва ў палітыцы і эканоміцы.

Лідэр партыі Тоні Леон падкрэсьліў, што “заявы паўднёва-афрыканскага ўраду пра тое, што сувязь зь Беларусьсю ладзіцца дзеля барацьбы з апартэідам, ёсьць звычайным апраўданьнем такога дружалюбнага візыту... Такое тлумачэньне наіўнае, недарэчнае, недакладнае і пазбаўленае гістарычнай падставы. Для ПАР прыйшоў час арыентавацца на больш дэмакратычныя ідэалы”.

Кіраўніца замежнапалітычнага ведамства ПАР Нказазана Дламіні-Зума наведала Беларусь сёлета на пачатку ліпеня. У часе сустрэчы з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і прадстаўніком Ніжняй палаты беларускага парлямэнту Ўладзімерам Канаплёвым міністар Дламіні-Зума адзначыла высокі ўзровень палітычнага супрацоўніцтва краінаў у рамках ААН і Руху недалучэньня. Дламіні-Зума таксама выказала пажаданьне аб ўзаемадзеяньні ў галіне вытворчасьці, сельскай гаспадаркі, навуковых тэхналёгіяў. Так, ПАР мае немалы досьвед у будаўніцтве модульных рэактараў, якім гатовая падзяліцца зь Беларусьсю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)