Политика

«Патрушаў сустрэў падарунак Лукашэнкі з кіслай фізіяноміяй. Гэта намёк, што і на вас ёсць кручкі»

Візыт у Менск сакратара Рады бясьпекі Расеі Мікалая Патрушава сьведчыць пра тое, што геапалітычны статус Беларусі мае сваю цану і што калідор зьнешнепалітычнага манэўраваньня афіцыйнага Менску даволі вузкі, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Фота president.gov.by

Візыт у Беларусь Мікалая Патрушава 10 верасьня адбыўся амаль праз два тыдні пасьля наведваньня Менску дарадцам прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джонам Болтанам. І хоць беларускі і расейскі бакі настойваюць, што прыезд сюды сакратара Рады бясьпекі Расеі плянавы, ён даўно стаяў у рабочым графіку, — тым ня менш гэты візыт аказаўся даволі сымбалічны. Выглядае так, што Патрушаў прыехаў «на разборкі».

Хачу нагадаць, што вышэйшыя беларускія чыноўнікі некалькі разоў вельмі настойліва, нават дакучліва апраўдвалася за візыт Джона Болтана. Спачатку міністар замежных спраў Уладзімер Макей адразу пасьля ад’езду амэрыканскага госьця пасьпяшаўся даць камэнтар тэлеканалу «Беларусь 1». Яго галоўны сэнс — супакоіць Маскву. Потым гэта зрабіў сакратар Рады бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась. Нарэшце, 6 верасьня, у Берасьці Аляксандар Лукашэнка чарговым разам пераконваў, што ён не «разьвярнуўся на Захад». Такое доўгае і інтэнсіўнае апраўдваньне само па сабе шмат кажа пра вузкасьць калідора зьнешнепалітычнага манэўраваньня афіцыйнага Менску.

У праграме візыту, анансаванага прэсавай службай Рады бясьпекі РФ, сустрэча з Лукашэнкам ня значылася. Прадугледжваліся толькі перамовы з сакратаром Рады бясьпекі Беларусі Засем. Таму прыём у кіраўніка дзяржавы вонкава выглядае як нейкі бонус. Не выпадкова Патрушаў падзякаваў Лукашэнку, што той вылучыў час для гэтай сустрэчы. Але калі беларускі лідэр сустракаецца з губэрнатарамі Чукоткі ці Камчаткі, то ігнараваньне такога цяжкавагавіка расейскай палітыкі выглядала б як дэмарш.

Паводле заявы Патрушава па выніках сустрэчы з Лукашэнкам, яны абмяркоўвалі магчымую рэакцыю на выхад ЗША з дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасьці. Як вядома, Злучаныя Штаты цьвёрда заявілі, што не зьбіраюцца разьмяшчаць ракеты гэтага клясу ў Эўропе. Тым ня менш, па словах сакратара Рады бясьпекі Расеі, Масква лічыць, што ў амэрыканскіх сыстэмах супрацьпаветранай абароны, разьмешчаных у Румыніі і Польшчы, такія ракеты могуць быць. Чаму гэтае пытаньне абмяркоўваецца з Лукашэнкам? У Масквы ёсьць нейкія варыянты адказу з тэрыторыі Беларусі? Магчыма, такая заява зробленая сьвядома, у адказ на тое, што Джон Болтан абмяркоўваў з Аляксандрам Лукашэнкам пытаньне аб нераспаўсюджваньні ядзернай (чытай, расейскай) зброі. І гэта такі сыгнал Захаду, што Беларусь надзейна заангажаваная ў расейскую сыстэму бясьпекі. Маўляў, ня лезьце на нашу дзялянку.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, менавіта Мікалай Патрушаў — галоўны лабіст і куратар праекту працягненьня паўнамоцтваў Пуціна пасьля 2024 году з дапамогай інтэграцыі зь Беларусьсю. Гэтая тэма таксама абмяркоўвалася падчас перамоваў з Лукашэнкам. Але з рэалізацыяй праекту сытуацыя выглядае даволі супярэчлівай.

6 верасьня ў падмаскоўных Горках беларускі прэм’ер Сяргей Румас узгадніў з кіраўніком ураду Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым праграму паглыбленай інтэграцыі Беларусі і РФ і пералік «дарожных карт» да яе. Здавалася б, у адносінах двух саюзьнікаў павінен наступіць «вечны мір».

Але ж не. У той жа дзень у Берасьці, выступаючы перад журналістамі дзяржаўных СМІ, Лукашэнка абрынуўся на Расею з папрокамі і нават шантажаваў Маскву тым, што Беларусь пачне пастаўляць нафту праз Польшчу па нафтаправодзе «Дружба», у рэжыме рэвэрсу, і тым самым заблякуе экспарт расейскай нафты ў Эўропу.

Дык калі Румас і Мядзьведзеў узгаднілі ўсе пытаньні інтэграцыі, то навошта патрэбен гэты шантаж?

І яшчэ. Дзьмітрый Мядзьведзеў у сьнежні 2018 году паставіў пытаньне рубам: працяг расейскіх датацый Беларусі магчымы толькі пры ўмове, што Менск пагодзіцца на інтэграцыю. Цяпер інтэграцыйныя дакумэнты быццам бы ўзгодненыя. Значыць, Расея павінна аднавіць прыпыненыя субсыдыі, пайсьці насустрач Беларусі і па нафце, і па газе, і па крэдытах, і па АЭС. Але чамусьці нічога пра гэта не чуваць.

Гэта значыць, што да падпісаных прэм’ерамі ў Горках дакумэнтаў ніводзін з бакоў сур’ёзна ня ставіцца і яны ня вырашылі наяўных супярэчнасьцяў.

Увогуле візыты Джона Болтана і Мікалая Патрушава сьведчаць пра тое, што геапалітычны статус Беларусі мае сваю цану і канкурэнцыя ўсясьветных цэнтраў сіл за яго абвастраецца. Сакратар Рады бясьпекі Расеі прыехаў сюды, каб паставіць Менску чырвоныя сьцяжкі.

Ну, а падарунак, які ўручыў Лукашэнка Патрушаву — дасье, сабранае на таго за час вучобы і службы ў Беларусі, — вельмі сымбалічны і шматзначны. У дасье на супрацоўнікаў КДБ падрабязна фіксаваліся моцныя і, што вельмі важна, слабыя бакі, недахопы афіцэра. І хоць кіраўнік Беларусі пасьпяшаўся запэўніць, што «касякоў ніякіх не заўважана ў тыя гады», Патрушаў сустрэў гэты падарунак з даволі кіслай фізіяноміяй. Лукашэнка не хаваў, што добра вывучыў дасье, ведае ўсе «адрасы, паролі, яўкі». Гэта быў намёк, што ў нас таксама ёсьць на вас кручкі. Усё як і павінна быць паміж братамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(23)