Общество
Арцыбiскуп Тадэвуш Кандрусевiч, Мiтрапалiт Мiнска-Магiлёўскi

Пастырскае пасланне на Нараджэнне Пана 2008 года

Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялiкую радасць: нарадзiўся вам сёння ў горадзе Давiда Збаўца, якiм ёсць Хрыстус Пан (пар. Лк 2, 10—11).

Глыбокапаважаныя браты ў святарстве, шаноўныя законнiкi i законнiцы, умiлаваныя браты i сёстры! Гэтымi словамi, з якiмi Анёл звярнуўся да пастушкоў, ад усяго сэрца вiтаю вас ва ўрачыстасць Божага Нараджэння. Словы гэтыя адлюстроўваюць асноўны сэнс сённяшняга свята, бо абяцаны Богам Айцом яшчэ нашым прабацькам Адаму i Еве, прадказаны прарокамi, доўгачаканы Збаўца нарэшце прыйшоў у гэты свет — прыйшоў у вобразе звычайнага чалавека.

Вядомы сучасны iрландскi пiсьменнiк Сэмюэл Бэккет напiсаў драму аб чаканнi. Акторы як прадстаўнiкi чалавецтва на тэатральнай сцэне стараюцца знайсцi адказ на найбольш важныя жыццёвыя пытаннi, а таксама спасцiгнуць сэнс жыцця чалавека. Пры гэтым яны чакаюць нейкага прышэльца. Не ведаюць, хто гэта будзе, але чакаюць, бо спадзяюцца, што ён адкажа на iх пытаннi. Аднак чаканы госць не прыходзiць, i драма завяршаецца дарэмным чаканнем… Галоўная думка гэтага твора ў тым, што без дапамогi з вышынi ў пошуку адказу на экзiстэнцыйныя пытаннi чалавек можа толькi дарэмна чакаць… У духоўным сэнсе драма Сэмюэля Бэккета — гэта не што iншае, як вобраз чалавека, якi страцiў Бога i застаўся сам-насам са сваiмi праблемамi.

Доўгiя тысячагоддзi чалавецтва чакала Божага госця, якi змог бы адказаць на пытаннi, што яго хвалявалi. Сённяшняя ноч Божага Нараджэння сведчыць пра тое, што ўжо больш не трэба чакаць. Да нас прыйшоў не проста нейкi прышэлец, не iншапланецянiн, але хтосьцi значна большы — прыйшоў сам Бог; прыйшоў, каб дапамагчы загубленаму ў гэтым свеце чалавеку знайсцi Яго i зразумець самога сябе. Ён, якi iснуе спрадвеку, прыйшоў у гэты свет у канкрэтную пару, калi, як кажа святы Апостал Павел, надышла паўната часу (пар. Гал 4, 4). Ён, Якога не можа агарнуць увесь Космас, нарадзiўся ў канкрэтным месцы — у невялiчкiм мястэчку Бэтлееме. Ён, бясконца вялiкi, стаўся маленькiм бездапаможным немаўляткам, каб нас зрабiць вялiкiмi. Ён сышоў з неба на нашую зямлю, каб нас узнесцi на нябёсы. Ён стаўся падобным да людзей (пар. Флп 2, 7), каб мы, абагаўляючыся Божаю ласкаю, прыпадобнiлiся да Яго. Ён уцелавiўся, прыняў вобраз нашага падданага цярпенню цела, каб узяць на Сябе нашыя цяжкасцi (пар. Мц 8, 17; Гал 6, 2) i такiм чынам аблегчыць iх.

Прыйсце Сына Божага ў свет стала сапраўднаю рэвалюцыяй як для самога чалавека, так i ў яго адносiнах з Богам. Гледзячы чыста чалавечымi вачыма на народжанага ў беднасцi Езуса, можна спытацца, а што новага Ён, якi распачаў сваё жыццё ў бэтлеемскай стаенцы, а завяршыў на дрэве крыжа, прынёс у наш свет i нашае жыццё? Ён не стаў Хрыстафорам Калумбам i не адкрыў Амерыкi, не стаў Iсакам Ньютанам i не адкрыў закону сусветнага прыцягнення, не стаў Альбертам Эйнштэйнам i не адкрыў тэорыi адноснасцi, не стаў вучоным з сусветным iмем i не адкрыў, напрыклад, законаў тэрмаядзернай рэакцыi цi генетыкi, не стаў першым касманаўтам i не адкрыў шляхоў у бязмежны сусвет — гэты пералiк можна працягваць амаль да бясконцасцi.

Вiдавочна, што ўсе гэтыя i падобныя справы Езус пакiнуў рабiць чалавеку, адорваючы яго розумам i вольнаю воляю. Але Ён зрабiў тое, чаго сам чалавек нiколi не змог бы зрабiць. Ён з’явiўся перад людзьмi як уцелаўлёны Бог, Бог з чалавечым аблiччам i сэрцам. Дзякуючы гэтаму, Бог стаў блiзкiм чалавеку i яго патрэбам — мiласэрны i ў той жа час справядлiвы. Праз сваё ўцелаўленне Езус надаў сэнс жыццю чалавека i вярнуў яму годнасць Божага стварэння. Ён не ацэньвае чалавека на падставе колеру скуры, мовы, адукацыi, банкаўскага рахунку, здольнасцяў цi iншых другасных рэчаў, але робiць гэта паводле крытэрыяў нязменнай вартасцi. Ён першы сказаў тое, што сённяшняя дэмакратыя любiць прыпiсваць сабе, а менавiта, што чалавек — гэта не нейкая рэч i адны людзi не могуць выкарыстоўваць iншых. Такiм чынам Ён падкрэслiў роўнасць усiх людзей. Дзякуючы Яму кожны чалавек з’яўляецца дзiцем Божым i братам Богачалавека, паклiканым да вечнага шчасця.

Таму кожны чалавек мае не толькi свой адзiны i непаўторны генетычны код, але i звышнатуральную каштоўнасць i годнасць адкупленага дзiцяцi Божага. Вельмi добра гэтую праўду выяўлялi першыя хрысцiяне, якiя не толькi абвяшчалi сваiм жыццём Евангелле, але прадусiм жылi iм. Менавiта яны гаварылi: "Бачыш брата — значыць бачыш Бога". Калi язычнiцкi Рым пакiнуў пасля сябе прыказку: "Чалавек чалавеку — воўк", то Хрыстус у сваiм Евангеллi заклiкае да таго, каб чалавек чалавеку быў братам.

Яшчэ ў ХVII стагоддзi вялiкi французскi мыслiцель Блез Паскаль пiсаў, што без Хрыста чалавек не ведае, чым ёсць жыццё i смерць, кiм ёсць Бог i кiм — ён сам. Нездарма Слуга Божы Ян Павел II казаў, што чалавек можа зразумець сябе толькi ў Хрысце. Рэвалюцыя Езуса Хрыста ў тым i заключаецца, што Ён нам адкрыў, кiм з’яўляецца Бог, бо Бога нiхто нiколi не бачыў, i толькi адзiнародны Сын Яго аб’явiў (пар. Ян 1, 18). Ён паказаў чалавеку, кiм ёсць чалавек i ў чым сэнс чалавечага жыцця, цярпення i смерцi. Ён сказаў чалавеку, дзеля чаго ён жыве i што яго чакае ў вечнасцi.

Езус — гэта Эмануэль — Бог з намi, Бог у нашай чалавечай прыродзе, у нашай чалавечай гiсторыi, у нашым жыццi — вось тыя вялiкiя праўды, вось тая рэвалюцыя, якую зрабiў Езус. Здзейснiлася мара чалавека сваiмi вачыма ўбачыць Бога-Збаўцу.

Кардынал Ёзаф Ратцынгер — сённяшнi Папа Бэнэдыкт ХVI — падкрэслiвае, што хрысцiянская вера накiроўвае нас да Бога як чалавека. Гэтым самым яна нiбы перакiдвае мост памiж вечным i часовым, бачным i нябачным i дае нам магчымасць сустрэцца з Богам як з чалавекам, сустрэцца з вечным, як з часовым, сустрэцца, як з адным з нас. Дзякуючы Богаўцелаўленню вера прыносiць вечнае ў наш свет. Той каго нiхто i нiколi не бачыў, стаўся адкрытым для нашых вачэй, для дотыку нашых рук: дастаткова зрабiць толькi два-тры крокi насустрач таму Чалавеку з Палестыны. Бог адкрываецца чалавеку праз Езуса Хрыста, у якiм канчаткова сябе праяўляе чалавечае быццё i якi адначасова з’яўляецца Богам. Такiм чынам, Сын Божы — гэта цэнтр i сэнс усёй чалавечай гiсторыi.

У гiстарычны момант прыйсця Хрыста ў свет для Яго не знайшлося месца ў анiводным доме (пар. Лк 2, 7). Не прынялi Яго свае, хоць найперш прыйшоў да iх (пар. Ян 11, 11). А сёння? Як ёсць сёння? Як ёсць у маiм i тваiм, дарагi браце, дарагая сястра, жыццi?

Езус i сёння стукаецца ў дзверы нашых сэрцаў. Ён хоча ўвайсцi i зрабiць у iх духоўную рэвалюцыю, бо як жа шмат людзей сёння жыве так, як быццам Бога зусiм няма, або згадваюць пра Яго толькi на Божае Нараджэнне цi на Вялiкдзень! Як жа шмат людзей сёння не хочуць iсцi ў касцёл, каб толькi не сустрэць там жывога Хрыста! Як жа шмат выпаленых сухавеем секулярызму, маральнага рэлятывiзму i лiберальнай iлжээтыкi душаў, якiя не падаюць ужо й прыкметаў духоўнага жыцця, у якiх не растуць гаючыя плады Божай ласкi. Так шмат забарыкадаваных ад Езуса сэрцаў з-за боязi, каб Ён толькi не ўвайшоў i не разварушыў сумлення, бо чалавек хоць i ведае, што з’яўляецца духоўна хворым, але пры гэтым свядома не жадае лячыцца.

Сучасны чалавек знайшоў шлях у космас, быў на Месяцы, даследуе Марс i iншыя планеты, будуе мiжнародныя касмiчныя станцыi i пакрысе ўваходзiць у эпоху касмiчнага турызму, усур’ёз задумваецца пра пабудову касмiчных гарадоў i нават пра прамысловую дзейнасць у космасе. Дзякуючы iнтэрнэту ён ператварыў нашу вялiкую планету быццам бы ў маленькую вёсачку, дзе ў iмгенне вока ўсё i ўсiм становiцца вядома. Дасягненнi навукi так захапляюць i вабяць, што здаецца, вось-вось чалавек не толькi зможа вырашыць усе праблемы, але ва ўсiм стане самадастатковым. Аднак у той самы час простым вокам вiдаць, што чалавек згубiў шлях да Бога, а таму ў час нябачанага дагэтуль прагрэсу i эканамiчнага развiцця ён жыве ў пастаянным страху i непакоi за сваю будучыню.

Пацвярджае гэта i выбух фiнансавага крызiсу, што ў апошнi час ахапiў увесь свет. Прычына крызiсу крыецца перадусiм у пазбаўленай маральнага i чыста чалавечага вымярэння банкаўскай i эканамiчнай дзейнасцi, якая скiравана на немаральнае выкарыстанне фiнансавых сродкаў i iмкненне абагацiцца за кошт iншых. Гiсторыя яшчэ раз паказала, што трывалым фундаментам нашага жыцця з’яўляецца Бог i Ягоная праўда, а не матэрыяльныя каштоўнасцi.

Мы радуемся, што нашыя касцёлы сёння поўныя, што ў iх шмат людзей, што дзецi з захапленнем падыходзяць да яселек, што адбываюцца батлейкi i мы весела спяваем калядкi. Але для сапраўднага перажывання Божага Нараджэння гэтага крыху замала. Езус павiнен нарадзiцца сваёю ласкаю ў нашых душах, каб яны сталi Бэтлеемам нашага часу. Сын Божы нам дадзены не проста як гiстарычная асоба, але як Той, хто заўсёды прыходзiць. Трэба Яго толькi прыняць, дакрануцца да Яго, каб па-сапраўднаму перажыць гэтае збаўчае свята.

Езус прыходзiць да нас у сакрамэнтах i Божым слове. Пра гэта варта ўзгадаць асаблiва цяпер, калi мы разам з усiм паўсюдным Касцёлам адзначаем Год святога апостала Паўла, якi нястомна абвяшчаў Божае слова язычнiкам, верачы ў тое, што яно — гэта сам Езус Хрыстус, Бог i чалавек.

Ад усяго сэрца вiншую вас, браты i сёстры, а таксама ўсiх людзей добрай волi з урачыстасцю Нараджэння Пана!

Вiншую вернiкаў iншых хрысцiянскiх канфесiй, асаблiва братняй Праваслаўнай Царквы. Езус прыйшоў да ўсiх людзей, i ўсе мы, хоць i належым да розных хрысцiянскiх супольнасцяў, верым у аднаго Збаўцу, якi нарадзiўся з Панны Марыi ў Бэтлееме, i вызнаем тую самую веру ў Богаўцелаўленне. Наша супольнае iмя — хрысцiянiн — паходзiць ад Хрыста — нашага Збаўцы. Таму i наша вера i радасць — супольныя.

Перад небяспечнымi выклiкамi сучаснасцi мы яшчэ мацней павiнны з’яднацца ў супольным вызнаннi нашай веры, каб своечасова i годна на iх адказаць i тым самым будаваць нашу будучыню на каштоўнасцях Евангелля.

Жадаю вам радасцi ў нованароджаным Месii! Няхай Ён сваёю ласкаю заўсёды нараджаецца ў нашых сэрцах. Не трэба баяцца, бо сёння нарадзiўся нам Збаўца (пар. Лк 2, 11), якi ёсць Бог з намi (пар. Мц 1, 23) — наша радасць, надзея i збаўленне!

Давяраючы ўсiх вас апецы Багародзiцы Марыi, якая дала свету Збаўцу Езуса Хрыста, ад усяго сэрца благаслаўляю ў iмя Айца, i Сына i Духа Святога. Амэн.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)