Общество
Паліна Качаткова, “Свабода”

Паставілі бабулі лічыльнікі

У дзевяціпавярховым доме, на адной пляцоўцы жылі чатыры бабулі. Спачатку адна паставіла сабе лічыльнік на ваду і выхвалялася перад суседкамі сваёй беражлівасцю, пасля другая… Неўзабаве ўсе чатыры бабулі паставілі лічыльнікі.

Цяпер яны пачалі параўноўваць, у каго большая эканомія. Адна з бабуляў скеміла, што можна сэканоміць на гарачай вадзе і пачала набіраць гарачую ваду з батарэяў.

Суседка не ведала, што можна браць ваду з батарэяў, але інтуітыўна адчувала, што яе суперніца эканоміць менавіта на гэтым. Таму яна адключыла гарачую ваду, а дзецям, якія спачатку думалі, што ваду адключылі ва ўсім доме, растлумачыла, што вада ў кране ўсё роўна іржавая і мыцца ёй шкодна, асабліва, каля яна гарачая.

“А якой жа вадой карысна мыцца?!” — спыталі ў яе. І гэты момант стаў паваротным, бабуля зразумела, як вырвацца ў пераможцы. “Карысная тая вада, якая на вуліцы ў калонцы”, — адказала яна.

Калонка захавалася ў двары, бо побач стаялі прыватныя дамы. Ваду пачалі насіць і грэць ў бачку на газе (газавага лічыльніка ў кватэры пакуль не было). Пасля гэтага ваду залівалі ў ванну, дзе мылася па чарзе ўся сям’я. Але і пасля таго, як усе памыюцца, ваду не злівалі, а выкарыстоўвалі для ўнітаза — перацягваючы яе з ванны ў прыбіральню ў адмысловым маленькім вядзерцы.

У кватэры наступіла поўная і абсалютная эканомія вады. Лічыльнік нічога не налічваў.

З ЖЭСу пачалі прыходзіць праверкі, але з лічыльнікам усё было ў парадку. Не ў парадку было з галавой жыхароў кватэры, дзе людзі паставілі лічыльнік і перасталі мыцца вадой з-пад крана.

Са з’яўленнем лічыльніка ўзнікла новая, раней невядома крыніца эканоміі. Закруціліся лічыльнікі — і закруціліся ў людзей мазгі ў накірунку таго, што б такое прыдумаць, як сэканоміць грошы, ваду, ды надурыць дзяржаву?

Яшчэ пры СССР людзі звыкліся да таго, што “камуналка” амаль бясплатная, былі больш істотныя праблемы, напрыклад, як смачна паесці, як прыгожа апрануцца (джынсы, боты, дублёнка, андатравая шапка) за кошт, які перавышаў месячны заробак. Вопратка набывала сімвалічнае значэнне — не зарабіў на джынсы й дублёнку, лепей сядзі дома, бо перад людзьмі сорамна.

Хто тады думаў пра ваду? Яна была бясплатнай, набяры ванну ды адмакай.

Бясплатнай вада ў Беларусі засталася і пасля распаду СССР, і ў часы дэмакратыі, і пасля ўсталявання дыктатуры. Але надышоў час, і ўсё змянілася — цяпер за ваду трэба плаціць.

Цяпер адны людзі ахвотна ўсталёўваюць лічыльнікі — у мэтах эканоміі дзяржаўнай вады (стратэгічны запас) і ўласных грошай (таксама стратэгічны запас). Хтосьці не хоча сваімі грашыма аплачваць усе аварыі на цеплатрасах, падчас якіх вада гарачымі гейзерамі б’е з-пад зямлі.

А тымі, хто па-ранейшаму не хоча ведаць, колькі вады скарыстаў за месяц, ці не хоча выдаткоўваць са свайго бюджэту суму, набліжаную да 100 даляраў, занялася дзяржава. Дырэктары ўстановаў на вытворчых нарадах публічна зачытваюць прозвішчы тых “анархістаў”, што супраціўляюцца ўсталяванню лічыльнікаў на ваду. У дзень, калі ўсталёўваюць лічыльнікі, людзей афіцыйна адпускаюць з працы дамоў.

Ёсць яшчэ адзін аргумент — ва ўсёй Еўропе, якая з’яўляецца сімвалам дабрабыту, людзі даўно ўсталявалі лічыльнікі. Яяны не раскідваюцца грашыма, ведаюць ім кошт, таму і жывуць заможна.

А мне шкада не столькі вады і грошай, колькі людзей, якія перад тым, як памыцца, сто разоў падумаюць — а ці варта? І далёка не кожны зробіць выбар на карысць гарачай ванны ці душа. Мне шкада, бо вакол і так зашмат бруду.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)