Анастасія Зелянкова
Пасля юбілею “Нашай Нівы” Дынько пакінуў пасаду рэдактара

Хто б мог падумаць, што вечарына, прысвечаная 100-годдзю “Нашай Нівы”, якая адбылася ўчора на Сядзібе БНФ, будзе мець настолькі непрадказальны канец. Пасля ўрачыстага ўшанавання, на якое сабраліся чытачы і прыхільнікі газеты, галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько абвясціў пра свой зыход з пасады.

— Я трохі стаміўся за гэтыя шэсць гадоў. Гэта ж вялікая адказнасць, — патлумачыў ён сваё рашэнне карэспандэнту “Салідарнасці”. — Я не сыходжу з газеты, проста перадаю свае паўнамоцтвы. Рашэнне прынятае, засталіся юрыдычныя працэдуры — калі толькі нас не зачыніць яшчэ раней Міністэрства інфармацыі. Мне было важна застацца рэдактарам менавіта да 100-годдзя газеты, гэта вельмі пачэсна. Цяпер жа перадаю эстафету маладому пакаленню. Сам спадзяюся застацца рэдактарам сайта nn.by. І не варта перажываць, я нікуды не падзенуся: цяпер, калі я буду вызвалены ад адміністратыўнай працы, я абяцаю, проста клянуся: буду пісаць, пісаць і пісаць!

Гэта навіна была агучана пазней. А яшчэ напярэдадні нішто не казала пра магчымыя нечаканасці. Святкаванне праходзіла, як і павінна быць: госці віншавалі юбіляраў, казалі кампліменты, жадалі яшчэ шмат разоў па столькі і жартавалі. Напрыклад, пісьменнік Уладзімір Арлоў вырашыў здзівіць прысутных сваім выглядам.

— Я разумею, што ніхто ніколі не бачыў мяне ў такім гарнітуры, — зазначыў ён, маючы на ўвазе свой строгі касцюм. — Тым больш ніхто не бачыў мяне з гальштукам. Я спецыяльна набыў яго да 100-годдзя “Нашай Нівы”. А вось у цырульню не пайшоў — пабаяўся, што ўвогуле не пазнаюць.

Узгаданая дэталь гардэроба, як потым аказалася, гледачам прыйшлася вельмі даспадобы. “Хацелася б пяшчотна пацягнуць за ваш прыкольны гальштук, — значылася ў дасланай пісьменніку запісцы і дадавалаяся: — А паколькі гэта зрабіць наўрад ці ўдасца, пачытайце хаця б ваш верш пра грудкі”. Канешне, пісьменнік не змог адмовіць сабе ў задавальненні прадэкламаваць штосьці са сваіх твораў. Праўда, гэта не быў верш “пра грудкі” — Арлоў апраўдваўся, што ў ягоным цяперашнім стане ён не здатны да чытання верлібраў (цікава, што ён меў на ўвазе?).

Святочная вечарына магла б запраста стаць літаратурнай, калі б ні Лявон Вольскі. Перш чым пачаць спяваць, музыкант адразу ж адзначыў дрэнную арганізацыю мерапрыемства:

— Завалілі ўсё, што маглі. Ну зрабілі б сабе вечарыну дзе-небудзь у рэстарацыі, устанавілі б платны ўваход — глядзіш і людзей было б меней, — ніяк не мог супакоіцца Вольскі, азіраючы шматлікую аўдыторыі, частка якой вымушаная была нават стаяць.

Той факт, што “Нашу Ніву” не пусціла ні адна канцэртная зала, музыкант патлумачыў проста і сціпла: “Не хочацца ім пускаць больш таленавітых людзей, што тут зробіш”.

Нарэшце Вольскі, які прыйшоў хворы, заспяваў, праўда, загадзя папрасіўшы прабачэння, калі раптам “будзе зрывацца голас мой высокі”. Голас зрываць не прыйшлося — ягоны “Край, ты мой край” зала спявала хорам, а песню “Не загаслі зоркі ў небе” выконвалі нават стоячы.

Дасталася Вольскаму і некалькі пытанняў ад гледачоў. Большасць тычылася ягонай творчасці. Па ўсім было відаць, што прыйшоў музыкант непадрыхтаваны. На пытанне, “адкуль у вас столькі ідэй для гэткай колькасці праектаў”, ён доўга мяўся: “не ведаю”, “з паветра”, і ўцяміў, як трэба адказаць правільна, толькі калі зала амаль што скандзіравала: “З “Нашай Нівы”! З “Нашай Нівы”!”

Былі і запіскі да іншых удзельнікаў вечарыны. Праявіўшы ўласцівую сціпласць, Андрэй Дынько многія пытанні зачытваць не стаў, адзначыўшы іх кампліментарны характар. Каб падштурхнуць гледачаў да большай актыўнасці, вырашана было заснаваць прыз — тэматычную паштоўку “Нашай Нівы” з аўтографам галоўнага рэдактара газеты. Справа пайшла весялей. У Дынько адразу ж пацікавіліся, ці збіраецца ён пасля падзей на Кастрычніцкай плошчы і далей лаяцца матам. Рэдактар адразу ж разрадзіўся доўгім маналогам пра страчаную веру ў людзей у форме, якая была прывіта яму яшчэ з дзяцінства. Нарэшце, ён скончыў сваю прамову і, махнуўшы рукой, падсумаваў: “Але, ну іх!”

Пасля падвядзення конкурсу пытанняў, вырашана было проста ўзнагародзіць самага маладога ўдзельніка вечарыны — 6-7-гадовы хлопчык ніякіх пытанняў не задаваў, а ягоная актыўнасць праяўлялася бадай толькі ў сноўданні паміж крэсламі. Тым не менш ніхто не пакрыўдзіўся — “Наша Ніва” заўсёды прытрымлівалася прынцыпу быць бліжэй да маладога пакалення.

На развітанне Дынько выказаў падзяку ўсім тым, без каго існаванне газеты было б немагчымым — калектыву рэдакцыі, распаўсюднікам газеты, чытачам. А на ягоную просьбу ўстаць тым, хто ахвяраваў на “Нашу Ніву”, паднялася амаль уся зала.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)