Коктейль
Юля Ружэчка

Пасля “Танкаў” Кулінковіч актывізаваў “Штазі”

17 лютага адбылася прэзентацыя альбома “Штазі” ад гурта “Нейра дзюбель”

Такіх сапраўдных і адчайных фанатаў, якія сабраліся ў сталічным клубе “Гудвін”, звычайна можна ўбачыць хіба на спартовых спаборніцтвах. А эмацыянальную гульню і непадробную трагічнасць са сцэны — хіба што ў тэатры.

Прэзентацыя была сапраўды доўгачаканай: некалькі месяцаў таму яе правядзенне сарвалося ў апошні момант. Таму затрыманы пачатак выступу толькі спрыяў адпаведнаму настрою фанатаў. У выніку “дзюбелі” выйшлі на сцэну пад скандаванні “Нейра дзюбель” і “дзядзя Саша” (так названы спадар Кулінковіч на апошнім альбоме гурта).

Слухачы спявалі і новыя, і старыя песні гурта, што відавочна радавала Кулінковіча і кампанію, падбадзёрвала і прымушала менш звяртаць увагу на такія рэчы, як гукавыя непаладкі, якія так непакоілі музыкаў.

Народная любоў мае магутную сілу:фанаты ірваліся на сцэну, бліжэй да музыкаў, некаторыя прапаноўвалі “дзюбелям” куфлі з півам, якога падчас выступу пралілося шмат.

— Калі я зараз паслізнуся і звалюся, вы падумаеце, што я п’яны, — пракаментаваў гэта Кулінковіч і вырашыў падзяліцца са слухачамі таямніцай вызначэння якасці піва.

Па легендзе, драўляную лаву трэба паліць гэтым напоем, пасадзіць на яе чалавека ў скураных портках, і акурат тое, ці здолее ён устаць з лавы, паказвае сапраўлную якасць прадукта. Такім чынам музыка патлумачыў, чаму ён прыліпаў да сцэны ды сцвердзіў, што ў бары клуба прадаецца сапраўды добрае пітво. Самі ж музыкі не давалі сабе засохнуць на сцэне прадуктамі пераважна беларускай вытворчасці: ад “Мінскай-4” да “Александрыі”.

Падчас выканання песні “Гузік” дзядзя Саша выняў з кішэні сапраўдны гузік і з гонарам дэманстраваў яго ўсім прысутным. А песню “Чёрные глаза” Кулінковіч суправаджаў зяглядваннем у вочы ўсім, хто знаходзіўся непадалёк. Магчыма, чорныя вочы сярод іх ён усё ж знайшоў.

А на словах “Снимай, снимай меня, фотограф” Аляксандр пачаў мэтанакіравана рушыць у бок карэспандэнта “Салідарнасці”. Не паслухацца просьбы (ці загада?) дзядзі Сашы было немагчыма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)