Общество
Алесь Пілецкі, Радыё Свабода

Пасьля сьмерці салдата Коржыча ягоны сябра-саслужывец спрабаваў учыніць самагубства

У судзе выяўляюцца новыя дэталі ў справе аб гібелі Аляксандра Коржыча ў вайсковай частцы ў Барысаве.

Падсудныя Антон Вяжэвіч, Ягор Скуратовіч і Яўген Бараноўскі (зьлева направа). 8 жніўня 2018 году

13 жніўня на працэсе па крымінальнай справе аб сьмерці салдата Аляксандра Коржыча прадоўжылі допыт пацярпелых салдат. Пятым дапытаным стаў Раман Аскерка, зь якім Коржыч разам служыў у Печах.

Раман Аскерка адзіны прысутны на працэсе саслужывец Аляксандра Коржыча, зь якім той падтрымліваў блізкія сяброўскія адносіны падчас службы.

Коржыч і Аскерка служылі ў 3-й роце 307 школы, іх ложкі стаялі побач у адной казарме. Аб тым, што Аляксандар Коржыч падтрымліваў блізкія адносіны з Аскеркам, гаварылі і іншыя апытаныя судом пацярпелыя салдаты.

Акрамя Аскеркі, Коржыч цесна кантактаваў з шарагоўцам Аліхаджаевым, які зрабіў спробу самагубства неўзабаве пасьля сьмерці Коржыча і быў камісаваны пасьля знаходжаньня ў Навінках. Аліхаджаеў у працэсе ня ўдзельнічае, месца яго знаходжаньня невядомае.

— Напачатку мы не асабліва цесна кантактавалі з Коржычам, — расказаў суду Раман Аскерка. — Калі разам трапілі ў трэцюю роту, ужо кантактавалі больш цесна. Мой ложак быў побач з ложкам Аляксандра. Нармальны хлопец, ні зь кім не канфліктаваў, нармальныя меў зносіны. Коржыч ня скардзіўся мне ні на што спачатку. Пачаў скардзіцца пасьля таго, як трапіў у мэдпункт у пачатку верасьня. Коржыч гаварыў, што ў яго баліць сэрца. Пасьля мэдпункта ён перастаў кантактаваць зь іншымі саслужыўцамі. Прыкладна праз тыдзень пасьля гэтага, Аляксандра забралі ў мэдпункт. Больш я яго не бачыў.

Новыя сьведчаньні нестатутных адносін у Печах

Раман Аскерка, як і іншыя апытаныя судом пацярпелыя салдаты, расказаў пра парушэньні статуту, якія былі ў частцы. У прыватнасьці пра выкуп права карыстацца тэлефонамі ў сяржантаў (асабіста Аскерка заплаціў за гэта 30 рублёў), неабходнасьць пэрыядычна набываць сяржантам каву, цыгарэты, вафлі і іншыя прадукты. Таксама ён пацьвердзіў, што некалькі разоў сяржант Бараноўскі прымушаў салдатаў адціскацца ад зямлі за дробныя парушэньні. У тым ліку ў супрацьгазах.

— Я б не сказаў, што Коржыч меў канфлікты з Бараноўскім, ён меў нармальныя зь ім стасункі, — расказаў Аскерка. — Аднойчы я бачыў, як сяржант Вяжэвіч патрабаваў у Коржыча набыць яму вафлі. Коржыч набываў сяржантам прадукты, але колькі разоў ён гэта рабіў, я не ведаю. Таксама быў выпадак, калі сяржант Вяжэвіч загнаў Коржыча ў яму і кідаў у яго рыдлёўкі зьверху ўніз. Пры гэтым ён сьмяяўся. Сяржант Скуратовіч усё бачыў, але не ўмешваўся.

У мэдроце Коржыча трымалі пад вартай

Раман Аскерка пацьвердзіў, што сяржант Бараноўскі карыстаўся тэлефонам Коржыча. Чаму так адбывалася, ён не ведае.

— У другой палове верасьня я павёў у мэдроту іншага саслужыўца, — расказаў Раман Аскерка. — Там я запытаўся, дзе Аляксандар Коржыч, як яго можна ўбачыць. Мне сказалі, што яго ў мэдроце няма. І што ён хутчэй за ўсё ў шпіталі, куды яго адвезьлі з мэдроты. Мне вядома, што ў мэдроце Коржыч знаходзіўся пад вартай. Аб гэтым гаварылі ў роце салдаты. Не ведаю, адкуль была такая інфармацыя.

Раман Аскерка таксама расказаў, што аб сьмерці Аляксандра Коржыча яго саслужыўцы даведаліся ад сьледчых, якія прыйшлі ў частку рабіць агляд рэчаў загінуўшага салдата. Ні кіраўніцтва часткі, ні сяржанты аб гэтым ім не паведамлялі:

— Я ня ведаю, чаму Аляксандар зрабіў гэта. Ён не гаварыў мне, што хоча зьдзейсьніць самагубства і не скардзіўся на дзеяньні сяржантаў.

Працэс па справе аб сьмерці салдата Аляксандра Коржыча ідзе ў Менскім абласным судзе Менску з 8 жніўня. На лаве падсудных трое сяржантаў роты, у якой служыў загінулы шараговец.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)