Общество

Ганна Ваніслаўская

«Пасля ранення Марыя мне жорстка сказала, што хоча помсціць»

Палкоўнік запасу Руслан Мірашнічэнка распавёў «Салідарнасці» пра тое, як беларуска Марыя Зайцава трапіла на вайну і стала снайперкай.

Марыя Зайцава. Фота: Аляксандр Заклецкі

24-гадовая беларуска Марыя Зайцава загінула пад Пакроўскам 17 студзеня, на наступны дзень пасля свайго дня нараджэння. Яна запісалася ў шэрагі 2-га міжнароднага легіёна Узброеных сил Украіны ў тыя дні, калі ён толькі фарміраваўся.

«Салідарнасць» пагутарыла з яе камандзірам Русланам Мірашнічэнкам (пазыўны «Санта»), які кіраваў батальёнам з лістапада 2022-га па лістапад 2024-га. (Словы суразмоўцы перакладзены з украінскай мовы на беларускую, — С.)

— Мы пазнаёміліся з Марыяй на пачатку фармавання Другога інтэрнацыянальнага легіёна абароны Украіны. Гэта адбылося восенню 2022 года. Марыя разам з іншымі беларускімі добраахвотнікамі прыехала на наш палігон.

— Памятаеце сваё першае ўражанне пасля знаёмства?

— Сціплая, сабраная, сфакусаваная на працы, сканцэнтраваная, заўзятая, дысцыплінаваная. У нас такі парадак: камандзір батальёна праводзіць сумоўе з новымі добраахвотнікамі. Такім чынам мы з Марыечкай пагутарылі. Яна распавяла пра сябе, пра 2020 год, пра пратэсты ў Беларусі.

Мне патрэбна было зразумець матывацыю чалавека. Яна сказала, што была параненая падчас пратэстаў. Я зразумеў, што яна сур’ёзна настроеная.

У мяне было да яе такое стаўленне спачатку, як да дзіцяці. Яна выглядае як падлетак. Але я бачу, што ў гэтага падлетка дарослыя вочы. І яна ўжо дарослая, сфармаваная асоба. То бок такі дысананс знешнасці і таго, што ў яе ў вачах і што яна кажа. І гэта, вядома, адыграла ролю, што я прыняў пазітыўнае рашэнне датычна яе службы. Я прыняў станоўчае рашэнне пасля сумоўя.

— Пасля ранення на пратэстах у Мінску Марыя не чула на правае вуха. Яна казала пра гэта на сумоўі?

— Яна не дачувала. Пра гэта мы даведаліся пазней. Яна вельмі якасна гэта прыхоўвала, бо хацела патрапіць да нас.

— Як Марыя патлумачыла, чаму яна прыехала на вайну?

— Гэта вельмі лагічна. Я не выпадкова даводзіў, што яна казала пра пратэсты, пра свой удзел у іх, пра тое, што яна і падчас пратэстаў рызыкавала сваім жыццём. Бо і падчас пратэстаў, асабліва пасля іх, рызыкі для жыцця патрыётаў вольнай Беларусі былі вельмі высокія ў тых умовах, ну і зараз у сучасных умовах Беларусі, на жаль.

Таму для яе было прынцыповым браць удзел у барацьбе, працягваць змаганне з імперыяй, таму што вызваленне Беларусі — гэта фактычна вызваленне ад імперскіх кайданкоў. Бо де-юрэ Беларусь не з’яўляецца часцінай расійскай імперыі, але яна ўсё роўна ў яе арбіце.

Для Марыечкі было важна працягваць барацьбу і шлях, які яна абрала, — рабіць гэта праз легіён, то бок праз удзел ва ўзброенай барацьбе. Таму яна так наўпрост і сказала.

Для мяне гэта не было нечым незвычайным. Я ўжо меў справу з беларусамі, бо ў мяне быў папярэдні досвед фармавання інтэрнацыянальных падраздзяленняў, з якімі я прайшоў баі на ўсходзе Украіны летам 2022 года. У мяне ў складзе падраздзялення былі ўжо беларусы, таксама зацятыя хлопцы і дзяўчаты. То бок я разумеў, што гэта за кантынгент — надзейныя, заўзятыя змагары за свабоду.

У Марыі былі пачатковыя навыкі медыцынскай справы. Я адразу накіраваў яе ў медпункт, а не прызначыў у баявое падраздзяленне, каб захаваць ёй жыццё, падалей ад небяспекі. Яна плячыма паціснула, добра, кажа. 

У медпунце быў хлопец — беларус, добраахвотнік, дасведчаны парамедык (пазыўны «Ювелір»). Ён узяў над ёй шэфства, і яны пачалі разам працаваць.

А калі мы паехалі на ўсход, было ўжо лета 23-га (у нас быў вельмі доўгі этап фармавання легіёна, бо мы стваралі яго з нуля, да таго трэба было ўзбраенне атрымаць). Мы патрапілі ў раён выканання задання на Данеччыне. І тады людзі, якія працавалі у нас у медпункце, пачалі працаваць членамі экіпажа ў медыцынскай эвакуацыі. Натуральна, што беларускі парамедык і Марыечка сталі зладжаным экіпажам.

Напачатку яны эвакуявалі нашых хлопцаў з сярэдняй лініі, а потым у нас інтэнсіфікавалася праца на пярэднім краі. Нам не хапала медыкаў там і ў акопах, каб яны маглі аказаць першую медыцынскую дапамогу хлопцам. І абодва беларусы выказалі жаданне працаваць у акопах.

Не хацеў я адпускаць Марыечку, шчыра кажучы. Але што зробіш, з аднаго боку і аператыўная неабходнасць, з іншага — іх гарачае нястрыманае жаданне быць у гушчары падзей і максімальна карыснымі.

У ліпені-жніўні яны працавалі на пярэднім краі. Потым, у жніўні, у розныя дні атрымалі цяжкія раненні і апынуліся ў шпіталі. «Ювелір» працягвае лекаванне, бо вельмі складаная гісторыя. А Марыечку падлячылі ў Чэхіі, і яна, скончыўшы рэабілітацыю, на пачатку 2024 года вярнулася ў батальён.  

Па вяртанні яна мне жорстка сказала, у амаль ультыматыўнай форме, што акупантаў трэба забіваць: «Як я хачу іх забіваць, як хачу адпомсціць». І яна такім чынам пераканала мяне, каб адправіць яе вучыцца на снайпера.

Нягледзячы на ​​тое, што яна была вельмі настойлівай, я сказаў: так, Марыечка, дамовімся, давай на палігон, працуй. Я яе адхіліў ад працы на перадавой, бо яна толькі што прыйшла з лячэння, дык якая перадавая. Таму кажу: окей, без пытанняў, ідзі на палігон, вучыся. У мяне як у камандзіра была думка: ну хоча дзяўчына, капрызы такія, няхай сабе трэніруецца на палігоне, далей ад ліха, далей ад небяспекі.

Праз пэўны час наш галоўны інструктар мне дакладвае, што яна паказвае вельмі добрыя вынікі. Потым камандзір нашай снайперскай групы хадайнічае за яе, кажа, што вырас баец з добрым патэнцыялам. То бок яна можа працаваць у камандзе і паказвае добрыя вынікі. Трэба было трохі ўтаймаваць тэмперамент — гэта тое, з чым трэба было папрацаваць. Але агульнымі намаганнямі, перш за ўсё ейнымі, яна з гэтым справілася. Малайчына.

Мы прынялі рашэнне адправіць яе на навучанне на доўгатэрміновыя снайперскія курсы. Як вы разумееце, я намагаўся любымі спосабамі адтэрмінаваць выкананне ёю задач менавіта на пярэднім краі. Адправілі вучыцца на тры з паловай месяцы. У канцы кастрычніка-пачатку лістапада яна вяртаецца ў падраздзяленне і пачынае працаваць.

19 лістапада 2024 года я перадаў паўнамоцтвы камандзіра батальёна свайму намесніку, таму што мне таксама трэба было паклапаціцца пра сваё здароўе і прайсці курсы лячэння і рэабілітацыі, што я зараз і раблю.

Мы пастаянна кантактавалі з хлопцамі, з ёй, падтрымлівалі адно аднаго. Гэта было вельмі важна, таму што ў нас склаліся сямейныя стасункі. У добраахвотніцкім батальёне адносіны іншыя, чым у штатных адзінках. Потым здарылася тое, што здарылася, на жаль.

Мемарыял каля пасольства Украіны ў Чэшскай Рэспубліцы. Фота: Офіс демакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы

— Нельга распавядаць пра абставіны, пры якіх Марыя загінула, на дадзены момант?

— Так.

— Ці памятаеце вы вашу апошнюю размову, пра што вы гутарылі? І што ўспамінаецца вам гэтымі днямі пасля таго, як Марыя загінула.

— Гэта складанае пытанне, таму што амаль два з паловай гады прайшло з нашай першай сустрэчы.

Марыя належыць да кагорты ветэранаў батальёна. Таму, канечне, з ветэранамі, з тымі, хто з самага пачатку фарміраваў яго, крок за крокам, у нас сяброўскія, пабрацімскія адносіны. Вядома, і размаўлялі, і гарбату пілі, і на палігонах, і раіліся пастаянна, як лепш зрабіць, наладзіць тыя ці іншыя працэсы.

Адзінае, што магу сказаць, балюча гэта прамаўляць, але мушу: я назаўжды запомню яе вочы. Вочы, у якіх і зацятасць, і давер. Жыццё яе пабіла. Як і ўсіх неабыякавых беларусаў... Я маю на ўвазе, што ўсе патрыёты, якія ўдзельнічалі ў масавых пратэстах, потым былі вымушаныя з'ехаць са сваёй краіны. І гэта накладвае пэўны адбітак.

А тут яшчэ зусім маладая асоба, насамрэч дзіця, і ў яе ўжо такія сталыя вочы, таму я вельмі асцярожна ставіўся да пытанняў. Ніколі не пытаўся, Машка, ну раскажы, як там было. Бо мы франтавікі, у нас так не прынята. Калі чалавек не расказвае, то пра такія асабістыя рэчы ніхто не пытаецца. Проста такая з аднаго боку стрыманасць, з другога — ветлівасць і дабрыня.  

То бок я не магу перадаць змест нашых размоваў, ды і не хачу, шчыра кажучы. Я проста кажу вам на ўзроўні адчуванняў, што са мной назаўсёды яе цёплыя вочы роднага чалавека. Марыечка — улюбёніца нашага батальёна. Яна нашая зорачка. Я буду на яе пахаванні, бо гэта ж маё дзіця…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(55)