Общество

Арцём Гарбацэвіч, Наша Ніва

Пасля гэтага відэа ўчастковы прызнаўся, што пісаў пратакол са словаў невядомага ў балаклаве

Гісторыя жыхара Баранавіч Дзмітрыя Лянько, якога затрымалі ў сваім горадзе 10 жніўня.

Ён прайшоў праз пабоі ў СІЗА, хлуслівы пратакол, пяціхвілінны суд, але здолеў даказаць, што пратакол на яго сфабрыкавалі. У выніку міліцыянер прызнаўся, што пісаў яго не сам.

Вось што расказвае Дзмітрый.

— 10 жніўня я сядзеў у машыне з таварышам і ягонай жонкай у ціхім завулку блізка да цэнтра горада. Было каля 20-й гадзіны, у прынцыпе, нічога не адбывалася. Але тут прыехаў аўтобус з «касманаўтамі», яны адтуль выбеглі і пачалі хапаць нейкіх адвольных людзей. Мы ўключылі камеру, бо сітуацыя для нас незвычайная, пачалі ад'язджаць, як тут яны крыкнулі: «Хапай іх». Да нашай машыны падскочылі людзі ў масках, адкрылі дзверы, нас затрымалі і павезлі ў СІЗА.

Там нас збівалі, там жа і судзілі — прыехала на трэція суткі суддзя Кацярына Груда і дала 7 сутак. Падставай стаў пратакол, дзе напісана, што я кідаўся на міліцыю, крычаў і гэтак далей. Але гэта ўсё няпраўда — у мяне было відэа, дзе ўсё разборліва відаць.

Вядома, дастаць гэтае відэа і падрыхтавацца да суда мне не далі.

Потым з СІЗА выпусцілі — хачу падкрэсліць — такім дзіўным чынам: перад выхадам усіх распраналі і прасілі «круціцца». Тых, што без пабояў, выпускалі праз галоўны выхад, бо там дзяжурылі валанцёры і здымалі пабоі. А другіх, з пабоямі, садзілі ў аўтазак і выкідвалі каго дзе, возячы па горадзе і прыгарадзе. Каб, на іх думку, было цяжэй даказаць, дзе атрыманы пабоі.

«Віна цалкам пацверджана пісьмовымі матэрыяламі»: рассудзіла суддзя Кацярына Груда

Словам, калі я выйшаў, то вырашыў гэта не пакідаць, а паехаў з апеляцыяй у Брэст. Там першае рашэнне суда адмянілі, убачыўшы відэа з абставінамі затрымання, якое супярэчыць усяму, што напісана ў пратаколе.

Гэтае відэа далучылі да справы, быў пераразгляд з іншым суддзёй у Баранавічах, выступаў той самы лейтэнант Папчэня, які нібыта мяне затрымліваў.

Суддзя Аксана Копач праглядзела відэа. Папчэня знайшоў у сабе мужнасць прызнацца, што ўсё было не так.

Быў прыкладна такі дыялог, суд пытаўся:

— Вы гэтага чалавека ведаеце?

— Я яго ўбачыў у СІЗА.

— Дык гэта вы затрымлівалі? Ваш подпіс стаіць.

— Я напісаў пратакол са словаў невядомых супрацоўнікаў, якія былі ў СІЗА. Я не ведаю, хто яны, бо былі ў балаклавах, імёны назваць не магу.

— Канечне, суддзя была ў шоку. Скончылася ўсё тым, што мяне прызналі невінаватым, бо віна не даказаная, — расказаў Дзмітрый.

Гэтае пасяджэнне адбылося 3 лістапада.

— Не сумняюся, што справядлівы суд чакае ўсіх, — так ён каментуе сваю гісторыю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(51)