Паслы краін Эўразьвязу сустрэліся з жонкамі вязьняў КДБ

Сустрэча прайшла на тэрыторыі пасольства Вугоршчыны. Пасол гэтай краіны Фэрэнц Контра паабяцаў 5 студзеня распаўсюдзіць заяву ад імя паслоў Эўразьвязу з патрабаваньнем вызваленьня вязьняў КДБ.

Вольга Някляева (жонка кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева) і Вольга Бандарэнка (жонка Змітра Бандарэнкі) прадстаўлялі на гэтай сустрэчы Камітэт сваякоў палітвязьняў «Вызваленьне». У сустрэчы таксама ўдзельнічалі старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімер Колас, кіраўнік менскай арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хэльсынскага камітэта Гары Паганяйла.

Як паведамляе сайт «Хартыі-97», Вольга Някляева нагадала паслам, што акцыя пратэсту супраць несумленных выбараў была мірнай, а яе мужа зьбілі супрацоўнікі спэцслужбаў яшчэ да канца галасаваньня. Някляеў быў выкрадзены з шпіталя ў цяжкім стане і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Стан яго здароўя выклікае асьцярогу, пастаўлена пад пагрозу жыцьцё Ўладзіміра Няклева,

Уладзімер Колас адзначыў, што беларуская ўлада паспрабуе выкарыстаць вязьняў як закладнікаў і будзе гандляваць імі для паслабленьня ціску Эўропы.

Уладзімер Колас распавёў Радыё Свабода наступнае:

"Мы распавялі пра сытуацыю, пра якую ў прынцыпе прадстаўнікі эўрапейскіх дыпмісіяў ужо ведалі. Але ім было цікава даведацца пра гэта з першых рук, ад тых, каго закранулі гэтыя падзеі, і выслухаць нашу пазыцыю. Мы ведаем, што ў Эўропе зараз узьнімаецца хваля салідарнасьці, фармулююцца патрабаваньні, прапановы. Але мы хацелі, каб гэта рабілася з улікам пазыцыі прадстаўнікоў беларускага грамадзтва.

На сустрэчы былі практычна ўсе паслы краін Эўразьвязу. Яны сказалі, што апошнія падзеі ў Беларусі хвалююць і іх асабіста, і кіраўніцтва эўрапейскіх краін і запэўнілі нас, што лічаць гэтыя падзеі вельмі небясьпечнымі, і выказалі нам сваю салідарнасьць. Таксама яны патлумачылі, што адсутнасьць бачнай празьмернай актыўнасьці пасольстваў ЭЗ у Беларусі не азначае, што такой актыўнасьці ня будзе на ўзроўні кіраўніцтва гэтых краін. Проста тут праяўленьне такой актыўнасьці пакуль немэтазгоднае ў сувязі з "павагай" да законнасьці з боку беларускага кіраўніцтва".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)