Аляксей Дзікавіцкі, ”Радыё Свабода”
Пашырэньне Шэнгенскай зоны можа быць адкладзенае

Эўрапейская камісія заявіла, што плянаваны дагэтуль тэрмін уваходу краінаў — новых сяброў Эўрапейскага зьвязу — адкладаецца. У Брусэлі заяўляюць пра непадрыхтаванасьць у Страсбуры адпаведных базаў дадзеных, якія неабходна мець, каб сыстэма кантролю на зьнешніх межах спраўна функцыянавала, і можна было скасаваць межы ўнутры Эўразьвязу — паміж “старымі” і “новымі” дзяржавамі-сябрамі.

Між тым кіраўніцтва гэтых краінаў, у прыватнасьці, тых, што належаць да Вышэградзкай групы — Чэхіі, Вугоршчыны, Славаччыны і Польшчы — настойваюць на далучэньні да Шэнгенскага пагадненьня як і плянавалася: восеньню наступнага году.

У нядзелю, у часе сустрэчы ў Хэльсынкі, прэм’еры Польшчы і Чэхіі Яраслаў Качынські і Мірэк Тапалянэк заявілі, што гэта перадусім палітычная справа, а не тэхнічная. Раней намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Барбара Туге-Фрэціньска адзначыла, што новы тэрмін далучэньня да Шэнгенскай зоны быў бы для Варшавы “непрымальны”.

Такім чынам, пакуль канчаткова невядома, адбудзецца гэта ў кастрычніку 2007 году, як было заплянавана, ці ўсё ж пазьней — бо калі краіны-новыя сябры Эўразьвязу будуць рашуча і салідарна адстойваць сваю пазыцыю, цалкам магчыма, што Брусэль пойдзе на саступкі — так, напрыклад, было ў часе спрэчак над агульнай сельскагаспадарчай палітыкай Эўразьвязу — перадусім што тычыцца датацыяў для фэрмэраў.

Шэнгенскае пагадненьне было падпісанае 14 чэрвеня 1985 году ў мястэчку Шэнген у Люксэмбургу — адсюль і назоў дамоўленасьці. Цяпер да Шэнгенскай зоны належаць 13 краінаў Эўразьвязу, а таксама Ісьляндыя і Нарвэгія. Свабодай перамяшчэньня ўнутры гэтай зоны могуць карыстацца ня толькі грамадзяне краінаў-падпісантаў дамоўленасьці, але і ўсе грамадзяне іншых краінаў, якія атрымалі візу ў адну з краінаў, што падпісалі Шэнгенскае пагадненьне.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)