Пашкевіч: «Хочаш ініцыятыўнасці – адмяняй прыгон, інакш гэта не працуе»
Сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Алесь Пашкевіч – пра праблему аўтакрата, які зноў незадаволены «народцам».
– Лукашэнка зноў незадаволены «народцам» і яго паводзінамі падчас ліквідацыі наступстваў урагану: «С другой стороны, есть и такие, которые ждут, что власти решат все проблемы, и пальцем не шевельнут», – піша Алесь Пашкевіч. – Вось ужо дзе праблема аўтакрата: з аднаго боку, чатыры гады абсалютна свядома і мэтанакіравана ў краіне выпальваецца ўсё, што ставіла сваёй задачай развіццё самаарганізацыі грамадства, усё завязваецца і падвязваецца на дзяржаўныя структуры (не давалі асабліва ходу альтэрнатыўшчыкам і папярэднія 26 гадоў, вядома, але апошнія гады асаблівыя).
З другога боку – калі гэтыя дзяржаўныя структуры, якім як бы ўсе карты ў рукі, у экстрэмальнай сітуацыі аказваюцца не на вышыні, і ў прынцыпе гэта прагназавана, бо сістэма такая, што ў ёй проста баяцца дзейнічаць самастойна і без аглядкі, – то тады ўжо хочацца, каб плячо падставіла народная самаарганізацыя.
Але, канешне, такая, каб людзі раптам ні з таго ні з сяго арганізаваліся, усе пытанні за цябе павырашалі і разышліся па стойлах славіць «партыю і ўрад», а ты са сваімі апрычнікамі пасля ўсе лаўры прысвойваеш сабе...
Ну, але ў рэальным жыцці так не бывае. Канцэнтруеш у сваіх руках усю ўладу, забіраеш у людзей правы – то нясеш тады за ўсё і поўную адказнасць.
Хочаш ініцыятыўнасці – адмяняй прыгон, інакш гэта не працуе.
А яшчэ адносна народнай самаарганізацыі ўспамінаецца народная ж прымаўка, якую памятаю з дзяцінства: «прыйдзе вайна – папросіш хлеба». Тым больш, што і сам пакрыўджаны на «народзец» аўтакрат сказаў, што гэта ўсё вайна, толькі без страляніны.
Читайте еще
Избранное