І таму мы маем доказ таго, што панты, груба кажучы, да дабра не даводзяць. Краіна, якая па ўсіх паказчыках, здавался б, саступае, можа абараняцца ад міжнародных хуліганаў, калі мае высокую матывацыю, не мае ілюзій і рыхтуецца да такога сутыкнення.
Пашкевіч: «Ва Украіне яшчэ не было сваёй Сталінградскай бітвы, якая стала ў свой час карэнным пераломам»
Гісторык Алякcандр Пашкевіч расказаў Филину пра галоўныя ўрокі года вайны.
— Да пачатку вайны мала хто даваў Украіне шанец выстаяць у паўнамаштабным ваенным сутыкненні з Расіяй. Але Кіеў не здаўся праз тры дні, а праз колькі месяцаў размова зайшла ўжо пра будучую перамогу ўкраінцаў, як пра нешта перадвызначанае. Чаму нас навучыў гэты год вайны?
— Гэты год канчаткова пацвердзіў, што калі былая імперыя, якая мае рэваншысцкія намеры і пачынае іх пакрысе рэалізоўваць, то яна ўжо не спыніцца, пакуль не дойдзе да ваеннай катастрофы. Пакуль ёй з дапамогай сілы не дадуць зразумець, што дзейнічае яна няправільна.
Мы памятаем, што пачыналася ўсё не за адзін дзень. Быў 2008 год, калі Расія ўпершыню такім чынам ужыла сілу супраць Грузіі. Быў 2014-ты, калі Расія захапіла Крым і пачала вайну на Данбасе.
І, здавалася б, не ў яе інтарэсах было ісці далей, бо па вялікім рахунку ёй вельмі многага ўжо тады ўдалося дасягнуць. І не атрымаць пры гэтым вялікага пакарання.
Здавалася б, Пуціну можа ўжо было спачываць на лаўрах і не лезці ў больш шырокую авантуру, якая магла б паставіць ягоную ўладу пад пытанне. Але, відаць, такія людзі спыніцца ўжо не могуць.
Таму прагнозы пра тое, што вялікая вайна не пачнецца, што гэта авантура, якая выкліча безнадзейнае супрацьстаянне з усім цывілізаваным светам, не апраўдаліся. Бо логіка ў такіх выпадках ужо не дзенічае, тут варта чакаць ірацыянальных паводзінаў.
У той жа час тут ёсць і другі ўрок — самаўпэўненасць да дабра не даводзіць. Пуцін быў вельмі самаўпэўнены, ён недаацаніў праціўніка, недаацаніў гатоўнасць Захаду салідарызавацца з Украінай, стаць яе верным саюзнікам і абаронцам. Адначасова ён пераацаніў моц і магчымасці сваёй арміі.
У 1939 годзе гэта даказала Фінляндыя, калі на яе напаў Савецкі Саюз у досыць падобнай сітуацыі. І цяпер гэта даказала Украіна.
— Гэтую вайну часта параўноўваюць з Другой сусветнай. Яна яшчэ не скончылася, але ці можам мы ўжо цяпер паспрабаваць вызначыць, на якім этапе яна знаходзіцца? Гэта умоўны канец 1941-га, калі яшчэ цяжка сказаць, хто каго і калі пераможа? Ці пачатак умоўнага 1943-га?
— Я б не сказаў, што тут так ужо цяжка вызначыць, хто і каго.
Мне падаецца, што па вялікім рахунку Расія не мае ўжо шанцаў гэтую вайну выйграць.
Тое, што Украіна выстаяла на першасным этапе гэтага супрацьстаяння, што ёй удалося не дапусціць узяцця Кіева, адбіць частку захопленых тэрыторый і перайсці да пазіцыйнай вайны, змяніла пазіцыю Захаду.
Калі спачатку ён вагаўся і быў гатовы ў выпадку поспехаў Пуціна пайсці на пэўныя кампрамісы, пагадзіцца калі не фармальна, то фактычна на ягонае права на ўкраінскія тэрыторыі, то пасля гэта зрушылася зусім у іншы бок.
Заходнія краіны аб’ядналіся, пачалі надаваць Украіне важкую матэрыяльную і, галоўнае, ваенную падтрымку. Кіеў пачаў атрымліваць такія тыпы ўзбраенняў, пра якія яшчэ год таму нават марыць не мог.
Баявыя дзеянні паказалі, наколькі заходняя зброя пераўзыходзіць расійскую па многіх паказчыках. І той, хто ёй валодае, мусіць выйграйць гэтую вайну. Тым больш, калі ён знаходзіцца ў больш выгаднай маральнай і матывацыйнай пазіцыі.
Таму я думаю, што мы знаходзімся на такім этапе, калі можа яшчэ не карэнны пералом, але карэнны паварот у гэтай вайне ужо адбыўся. У якім годзе мы знаходзімся, калі параўноўваць з Другой сусветнай вайной, цяжка сказаць.
Яшчэ, відаць, не было сваёй Сталінградскай бітвы, якая і стала ў свой час тым самым карэнным пераломам. Але ўсе перадумовы для яе цяпер ёсць. Таму мы цяпер, напэўна, ва ўмоўным 1942 годзе, напярэдадні такой бітвы. Пасля Сталінграда пачалося наступленне, выцісканне немцаў, без аніякіх шанцаў для іх за штосьці зачапіцца.
Пакуль такой сітуацыі няма, але будзем спадзявацца, што анансаваныя на вясну-лета наступленні, пра якія гавораць украінскае кіраўніцтва і заходнія палітыкі і вайскоўцы, у рэшце рэшт да гэтага прывядуць.
— Якімі вам бачацца перспектывы Беларусі ў агляднай будучыні пасля года гэтай страшнай вайны, у якую мы былі таксама ўцягнутыя?
— Нашы перспектывы цяпер у значнай ступені залежаць не ад унутраных падзей, а ад знешніх.
І гэтая вайна ў пэўным сэнсе і нашая вайна, хоць мы ў яе пакуль афіцыйна не ўступаем, бо яна мусіць вызначыць і наш лёс. Лёс Беларусі, лукашэнкаўскага рэжыму, лёс беларускага грамадства
Калі Украіна пераможа, ачысціць сваю тэрыторыю ад расійскіх войскаў, калі пачнуцца перамовы ад далейшым суіснаванні паміж Украінай і Расіяй, заходнім светам, я думаю, што пытанне Беларусі на гэтых пермовах відавочна будзе стаяць. Пытанне пра тое, што рабіць з мясцовым рэжымам.
І нават калі ён непасрэдна не ўступіць у вайну, калі беларуская тэрыторыя не пераўтворыцца ў абсалютна легітымную цэль для ўкраінскага войска, не думаю, што яму ўдасца проста так адседзецца і захаваць сваю ўладу, знаходзячыся на баку таго, хто прайграў.
Таму я думаю, што так ці іначай ад вынікаў вайны лёс Беларусі моцна залежыць. І калі Украіна пераможа, я думаю, мы можам разлічваць на тое, што гэты лёс зменіцца пазітыўна.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное