Филин

Сяргей Васілеўскі

Пашкевіч: У сённяшніх варунках ваяўнічы выступ Лукашэнкі ў Хатыні выглядае лагічна

Гісторык Аляксандр Пашкевіч расказаў Филину пра тое, як паводзіцца аўтакрат, у якога ўсё жыццё — барацьба.

Аляксандр Пашкевіч

Ваяўнічы выступ у Лукашэнкі ў Хатыні акурат на 80-годдзе трагедыі — гэта штосьці новае? Ці выкарыстоўваліся падобныя пляцоўкі ў савецкі час для такіх прамоваў?

— Цяжка параўноваць сітуацыю, у якой былі савецкія кіраўнікі, асабліва кіраўніцтва БССР, з сітуацыяй, у якой сёння апынуўся Лукашэнка.

Ён сёння не ў поўнай меры, але ў значнай ступені ўцягнуты ў вайну, яго прызналі суагрэсарам. Фактычна яшчэ не пераадолены палітычны крызіс, на яго накладзеныя санкцыі. І таму цяпер усё ягонае жыццё — барацьба.

Кожны дзень ён сутыкаецца з нейкімі выклікамі. Штодзень ён намагаецца адказваць сваім апанентам, найперш заходняму свету.

Таму тое, што ён выкарыстоўвае для гэтага ў тым ліку і такую пляцоўку, як Хатынь, нічога дзіўнага няма. Такое ён можа гаварыць дзе заўгодна — і падчас наведвання фермаў і прадпрыемстваў, нарадаў з чыноўнікамі, не абавязкова па мілітарных пытаннях.

Лукашэнка дзейнічае ў сваім стылі, я тут не бачу сенсацыі. Тым больш, мы ведаем, якое месца ў ідэалогіі, якую спрабуе стварыць лукашэнкаўскі рэжым, апошнім часам займае так званая Вялікая Айчынная вайна.

І тэма генацыду беларускага народа, якую актыўна вядзе Генеральная пракуратура. А паколькі гэтая тэма выкрыстоўваецца ў якасці ідэалагічнай зброі ў барацьбе з «хцівым Захадам», а Хатынь — сімвал генацыду, то выглядае хутчэй лагічным, што ён казаў усё гэта менавіта там, а не спрабаваў прадставіць сябе голубам міра. 

— У Генпракуратуры заявілі, што за апошнія няпоўныя два гады выявілі больш за 1300 раней невядомых сельскіх паселішчаў, якія пацярпелі ад дзеянняў карнікаў у гады Другой сусветнай вайны. Куды могуць прывесці такія стаханаўскія тэмпы? І калі можа скончыцца гэтая кампанія?

— Відаць, што спыніцца гэта ўсё, калі зверху будзе нейкі загад. Альбо, як казаў нядаўна генпракурор Швед, напрыканцы года можа адбыцца суд, на якім асудзяць і жывых, і мёртвых, дадуць нейкую ацэнку.

То, магчыма, гэтае судзілішча і паставіць нейкую прамежкавую кропку, пасля якой гэтую справу адправяць у архіў. І пасля гэтага вынікі яе будуць ужываць у ідэалогіі.

А ў цэлым увесь гэты працэс і лічбы, што падчас яго агучваюцца, я б назваў бурнай імітацыяй дзейнасці. Кожны разумее, што немагчыма па такой тэме, якая была на слыху, якая даследвалася адразу пасля вайны і ў наступныя гады, выяўляць ледзь не па дзве пацярпелыя ад нацызму вёскі ў дзень.

Тым больш, што цяжка зразумець, што там за вёскі, бо спісы не агучваюцца. Можа, там і даўно вядомыя паселішчы. У кожным разе відавочна, што такія тэмпы нерэальныя. Але папера ўсё стрывае, для справаздачнасці гэта пасуе ідэальна. І там не толькі гэтыя вёскі фігуруюць.

Таму я б гэта характарызаваў, як паказное, дзеля справаздачнасці. Гэта чыста палітычная кампанія, якая такога ўжо вялікага значэння не мае.

— У незалежным літаратурным асяродку ўзнікла спрэчка вакол удзелу выдаўца Змітра Коласа ў дзяржаўнай кнігавыдавецкай выставе. Некаторых гэты факт абурыў, маўляў, гэта ледзь не калабарцыянізм у сённяшніх умовах.

Вы раней таксама ўдзельнічалі ў якасці выдаўца ў падобных выставах. Ці варта карыстацца такой магчымасцю нават у такі змрочны час?

— Я думаю, што пры той абмежаванасці варыянтаў для данясення сваіх выданняў да людзей, губляць такую магчымасць з ідэйных меркаванняў не вельмі разумна.

Калі запрашаюць і пры гэтым не выстаўляюць нейкіх непрымальных умоваў, напрыклад, неяк прадэманстраваць сваю падтрымку рэжыму, то я не бачу нічога хібнага і кепскага ў тым, што людзі ў гэтым удзельнічаюць.

Калі ў нас было сваё выдавецтва і магчымасць дзейнічаць у Беларусі, то мы ўдзельнічалі ў гэтай выставе і ў 2021-м, і ў 2022 годзе. Прадавалі там свае кнігі, і цяпер з-за гэтага калабарантамі сябе не лічым.

Бо перад намі не ставілася ніякіх умоваў. Мы не павінныя былі рабіць нейкія гучныя заявы ці вывешваць у сябе на стэндзе дзяржаўную сімволіку. Не было і цэнзуры ў тым плане, што прадаваць, а што не. Мы там былі на агульных падставах: падалі заяўку, аплацілі месца і проста ўдзельнічалі.

Думаю, тое самае можна сказаць і пра стэнд Змітра Коласа. Калі ён прадае тое, што сам выдаў, калі па ягоныя кнігі прыходзяць пакупнікі, то нічога кепскага я ў гэтым не бачу.

Так было і так будзе ў такіх нялюдскіх умовах, як у нас. Канечне, можна быць ва ўсім белым і казаць: «Давайце не будзем карыстацца апошнім шанцам дзеля ідэйных момантаў». Але гэта будзе хутчэй стрэл сабе ў нагу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(10)