Филин

Сяргей Васілеўскі

Пашкевіч: «Маўляў, раз не хочаце ісці на саступкі, то мы гэтых вязняў можам увогуле закатаваць да смерці»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч падзяліўся з Филином сваім меркаваннем пра завочныя суды, здзекі з палітвязняў і 1938-ы для сучасных чэкістаў.

Аляксандр Пашкевіч

— Неўзабаве пачнуцца завочныя суды над лідарамі апазіцыі, што знаходзяцца за мяжой. Што гэта дае, на што разлік: запалохаць іх, застрашыць іншых, спроба пагандлявацца з Захадам?

— Магу сказаць, што завочныя суды ў практыцы недэмакратычных краінаў — нярэдкая з’ява. Таму нейкага незвычайнага ноў-хаў тут няма, гэта даволі лагічны з пункту гледжання беларускага рэжыму крок. Іншая справа, даволі рэдка бывае, калі такая практыка ставіцца на паток. Каб гэта была не выключная мера, а такая, што прымяняецца шырока.

Для чаго гэта патрэбна? Відаць, гэта звычайнае для беларускіх уладаў падвышэнне ставак. Яны хочуць усё кантраляваць, паказаць, што ад іх ніхто не схаваецца. І даюць сігнал, што з імі бесперспектыўна размаўляць з пазіцыі сілы, а магчыма толькі ісці на пэўныя саступкі для іх.

Гэта паказвае, што тыя, хто выехаў, схаваўся, аказваюцца неабароненымі. Што гэтым людзям, хоць іх і нельга пасадзіць у турму, здзеквацца над імі ў зняволенні, можна прынамсі такім чынам напаскудзіць. Тым больш, калі ў гэтых людзей будуць канфіскоўваць маёмасць, як планавалі, завочны прысуд не будзе такім ужо сімвалічным.

— Гісторыя Марыі Калеснікавай у чарговы раз паказала, у якіх умовах утрымліваюцца палітвязні. Палітолаг Валер Карбалевіч мяркуе, што катаванне зняволеных апанентаў улады — гэта вынік палітычнага рашэння. Ці падзяляеце вы гэтую думку? І дзеля чаго гэта робіцца?

— Так, гэта палітычнае рашэнне, якое прынята на самым версе і спушчанае выканаўцам. Бо калі б гэта быў адзінкавы выпадак, калі б гэта адной толькі Калеснікавай тычылася, то гэта можна было б спісаць на эксцэс выканаўцы. Што адміністрацыя гомельскай калоніі, дзе яна ўтрымліваецца, дапусціла самадзейнасць і задзейнічала меры, якія ёй не прадпісваліся.

Але ж мы ведаем, што Віктару Бабарыку пагоршылі ўмовы працы. Некалькі дзён таму паведамлялася, што Мікола Статкевіч захварэў на запаленне лёгкіх, яго слаба лечаць, у яго няма сувязі са сваякамі. Таксама вядома пра святара Уладзіслава Багамольнікава, якому ўжо некалькі разоў працягвалі суткі, у якога сур’ёзна пагоршыўся стан здароўя.

Можна назваць яшчэ некалькі падобных выпадкаў. А колькі мы яшчэ не ведаем, колькі не патрапіла ў прэсу?

Таму можна сказаць, што гэта шырокамаштабная кампанія па рабленні і так невыносных умоваў утрымання за кратамі яшчэ больш невыноснымі.

Не выключана, што гэта можа выклікаць трагічныя наступствы, калі не толькі здароўе будзе зруйнаванае, але і кагосьці давядуць у выніку да смерці. Зусім выключаць гэтага нельга.

Можна выказваць розныя версіі, для чаго гэта робіцца. Адна з прычынаў можа хавацца ў тым, што краіны Захаду, з якімі планавалася гандлявацца палітзняволенымі, не ідуць на шантаж. Што тыя аргументы, якія прад’яўляў беларускі бок, апынуліся не надта пераканаўчымі для іх. Таму ідзе тое самае падвышэнне ставак. Маўляў, раз вы не хочаце з намі размаўляць, ісці на саступкі, то мы гэтых вязняў можам увогуле закатаваць да смерці. І вы за гэта нічога не зробіце.

Маральная праблема перад уладамі даўно не стаіць, таму яны могуць гэта рабіць і не аглядацца ні на каго. І калі тут не будзе супраць іх нейкіх сур’ёзных захадаў, аргументаў, якія будуць пагражаць самому існаванню гэтага рэжыму, а будуць словы асуджэння і заклапочанасці, гэта будзе ўспрымацца як заахвочванне да павышэння ставак.

— У сталінскія часы многія чэкісты падзялілі лёс сваіх ахвяр. Тады існавала своеасаблівая ратацыя, калі былы кат вельмі лёгка мог апынуцца на краі расстрэльнай ямы за «перегибы на местах». Чаму сёння падобнае не практыкуецца ў Беларусі? Дэфіцыт кадраў ці страх згубіць давер сілавікоў?

— Пакуль што, магчыма, мы яшчэ не прыйшлі да таго моманту, калі сістэма пачынае есці сама сябе з сярэдзіны, калі выканаўцы рэпрэсій самі апынаюцца іх ахвярамі. Не выключана, што нас гэта чакае ў бліжэйшы час ці ў больш аддаленай перспектыве. Выключаць гэтага немагчыма, логіка тут такая, што падобная сістэма рана ці позна пачынае сама сябе раз’ядаць.

Але цяпер яшчэ такая сітуацыя, што Лукашэнка сапраўды моцна залежыць ад сілавікоў, іхняй дзейнасці. У яго няма ўпэўненасці, што ўсе ўнутраныя ворагі ўжо знішчаныя, што змагацца ўжо няма з кім. Яны самі знаходзяць тых, з кім можна змагацца.

Улады баяцца разбалансаваць гэтую сістэму, пазбавіцца даверу з боку сілавікоў. Бо ў 2020-м сілавікам быў дадзены карт-бланш яўна з такімі ўмовамі, што рабіце, што хочаце, і ніякай адказнасці вы не будзеце несці.

І калі цяпер пачаць кагосьці выбарачна рэпрэсаваць сярод тых, хто ў той сітуацыі трохі вагаўся, гэта можа быць не надта добра ўспрынята сярод сілавікоў. А што там у сярэдзіне абываецца насамрэч, мы не ведаем, гэта вельмі закрытая сфера.

Прыгадаем таксама, што пры Сталіне чысткі сярод супрацоўнікаў НКВД пачаліся тады, калі ўжо было прынятае рашэнне пра спыненне махавіка рэпрэсій, у 1938 годзе. Тады ўзнікла патрэба пераходу да жорсткай, але больш гнуткай палітыкі.

І трэба было на кагосьці спісаць тыя перагібы, пра якія было абвешчана, тыя негатыўныя моманты, што адклаліся ў свядомасці грамадства. У выніку па многіх з яжоўскай каманды і па самаго Яжова прыйшлі, многіх цягам некалькіх гадоў вынішчылі.

У Беларусі сітуацыя да такога яшчэ не прыйшла. Па логіцы ўладаў, караючы меч органаў мусіць быць скіраваны супраць унутраных і знешніх ворагаў. Таму гэты махавік пакуль працуе і спыняць яго ніхто не збіраецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(7)