Филин

Сяргей Васілеўскі

Пашкевіч: «Калі ўзнікае экстрэмальная сітуацыя, то нікога і нічога не абараняе – ні сан, ні аўтарытэт у грамадстве»

Гісторык – пра прычыны палітычнага пераследу святароў.

Вясной 1863 года расійскія войскі арыштавалі трох каталіцкіх святароў з парафій Лідскага павета. Станіслаў Ішора, Раймунд Зямацкі і Адам Фалькоўскі былі абвінавачаныя ў тым, што зачыталі вернікам маніфест паўстанцкага ўраду.

Ішору спярша пакаралі пяццю гадамі катаргі, але ў справу ўмяшаўся асабіста генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў. У выніку ксяндза расстралялі. А следам за ім былі забітыя і Зямацкі з Фалькоўскім.

Многія з каталіцкіх святароў, што далучыліся да інсургентаў, былі сасланыя на катаргу.

У нашыя дні многія святары, у тым ліку каталіцкія, апынуліся пад пераследам за падтрымку пратэстаў 2020 года. З апошніх навінаў — пасля адбыцця адміністрацыйнага пакарання не выйшаў на волю ксёндз з Шуміліна Павел Лемех, яго судзілі ізноў (23 мая стала вядома пра вызваленне святара). Ягоны калега Анджэй Юхневіч дагэтуль за кратамі.

Айцец Анджэй Юхневіч і а. Павел Лемех. Фота: katolik.life

Филин абмеркаваў сітуацыю з гісторыкам, сябрам Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандрам Пашкевічам.

— У часе падаўлення паўстання 1863 года святароў каралі чужыя войскі. Лукашэнка душыць паўстанне ўласнага народа. Што можна сказаць пра ягонае стаўленне да святароў?

— Я думаю, што перадусім тое, што адбываецца з ксяндзамі ды іншымі святарамі ў Беларусі — гэта не нейкая самастойная з’ява, не рэпрэсіі супраць царквы як такой. Гэта ўсё неабходнаа ацэньваць на агульным фоне.

Пачынаючы з 2020 года, пасля таго, як супраць Лукашэнкі ўзніклі вялікія пратэсты, быў узяты курс на знішчэнне любых праяваў незадаволенасці, праяваў фронды і апазіцыі. 

Фота з асабістага архіва Аляксандра Пашкевіча

І пад гэтыя рэпрэсіі трапляюць абсалютна ўсе катэгорыі грамадства. Тут няма ніякіх выключэнняў. І тое, што разам з іншымі патрапляюць каталіцкія святары, выглядае лагічна.

Вядома, што ў падзеях 2020-га каталіцкая царква заняла ў дачыненні да Лукашэнкі вельмі крытычную пазіцыю. Некаторыя іярархі выступалі з яскравымі прамовамі і заявамі супраць гвалту і ў падтрымку мірных пратэстоўцаў.

Адпаведна, і звычайныя святары не заставаліся ў баку. І тое, што мы бачым досыць рэгулярна, як пад рэпрэсіі трапляюць каталіцкія святары, адбываецца на агульным фоне пераследу святароў іншых канфесій.

— Якія гістарычныя паралелі просяцца ў звязку з сённяшнімі падзеямі ў Беларусі?

— Што датычыць паралеляў, то, безумоўна, усе рэпрэсіўныя рэжымы, якія ў розныя часы трымалі ўладу над Беларуссю, пераследавалі сваіх палітычных апанентаў. І тыя, хто трапляў пад рэпрэсіі, бязлітасна вынішчаліся. Добра, калі не фізічна.

Пад час паўстання 1863-га з падачы Мураўёва-вешальніка вялася шырокая рэпрэсіўная кампанія, калі ўсіх нелаяльных элементаў імкнуліся абязшкодзіць і падавіць.

А ўлічваючы тое, які ўплыў у ХІХ ст. мела рэлігія і святары, а таксама тое, што каталіцкая царква безумоўна падтрымала паўстанне супраць царскага рэжыму на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, не дзіва, што ксяндзы трапілі пад тыя рэпрэсіі. Асабліва тыя, што выступалі найбольш актыўна.

Галоўнае тут тое, што калі ўзнікае такая экстрэмальная сітуацыя, то нікога і нічога не абараняе: ні сан, ні аўтарытэт у грамадстве. Калі коціцца такі каток рэпрэсій. І ў нас цяпер акурат такая самая сітуацыя.

— То бок, калі падсумаваць, то сённяшні рэжым не ўнікальны ў сваім імкненні знішчыць іншадумства?

— Так, ён прымяняе тыя ж метады. Ідзе татальная вайна з усім, што супраць. Прынамсі, на гэтым этапе рэакцыі. Адзінае, можна сказаць, адрозненне ў тым, што ў нас не прымяняюць пакуль што смяротнае пакаранне.

читайте также

Калі ў ХІХ стагоддзі пры падаўленні паўстання найбольш небяспечных для сябе ворагаў царскія ўлады маглі паказальна вешаць, то цяпер пакуль што гэтага не робяць.

Але, на жаль, многія рубіконы ўжо пяройдзеныя. І таму тое, што гэта не будзе прымяняцца надалей, гарантыі ніхто не дасць. Бо ад гэтага рэжыму можна чакаць чаго заўгодна.