Пашкевіч: «Гэта будзе ўвядзенне ў беларускую сістэму адукацыі расійскай гістарычнай канцэпцыі»
Гісторык — пра намеры беларускіх і расійскіх уладаў стварыць «адзіныя падыходы да выкладання гісторыі»
Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і расійскі Савет Федэрацыі рэкамендавалі беларускаму і расійскаму ўрадам распрацаваць «агульны навукова абгрунтаваны гістарычны стандарт, які б змяшчаў канцэптуальныя ацэнкі гістарычных падзей і асоб, а таксама адзіныя падыходы да выкладання гісторыі».
Як паведамляюць расійскія СМІ, сярод прадстаўленых у дакуменце рэкамендацый — стварэнне сумесных фільмаў, якія адлюстроўваюць «гістарычнае і духоўнае адзінства расійскага і беларускага народаў, а таксама пазітыўны вобраз развіцця саюзных адносін брацкіх дзяржаў на сучасным этапе».
Пра тое, чым Беларусі пагражае гэтая ініцыятыва, Филину патлумачыў гісторык Аляксандр Пашкевіч.
— Гэта пакуль рэкамендацыя, многія падобныя ініцыятывы раней заставаліся на паперы. Але з улікам сённяшніх рэалій, калі ці не галоўным рухавіком русіфікацыі стала адміністрацыя Лукашэнкі, наколькі небяспечным выглядае гэты сюжэт?
— Я думаю, што гэты сюжэт можа стаць сапраўды небяспечным. У цяперашніх умовах ён можа і не застацца на паперы, яго могуць паспрабаваць рэалізаваць.
Тым больш урадам краінаў рэкамендавалі рэалізаваць гэтую ідэю не нейкія грамадскія арганізацыі ці дзеячы, а Савет Рэспублікі і Савет Федэрацыі. То бок, ініцыятыва агучаная на дастаткова высокім узроўні. Што дазваляе думаць, што пытанне разглядаецца досыць сур’ёзна.
І калі гэта ў такім плане будзе рэалізоўвацца, тут не варта мець ілюзій, што пры гэтым будзе стварацца нейкая супольная праграма, што расейцы будуць прасоўваць тут беларускія наратывы, частку беларускай канцэпцыі.
Гэта будзе ўвядзенне ў беларускую сістэму адукацыі расійскай гістарычнай канцэпцыі, з усім тым, што з гэтага вынікае.
Так звычайна гавораць, маўляў, усё будзе адзінае, у рамках саюзнай дзяржавы. Але калі, напрыклад, гаворка заходзіць пра адзіную валюту, то ўсе разумеюць, што вядзецца пра расійскі рубель у Беларусі.
Ці калі кажуць пра гарманізацыю законаў, то зразумела, што гаворка ідзе пра ўвядзенне нормаў расійскага заканадаўства.
Так і з гэтай «супольнай» гістарычнай канцэпцыяй.
Вось наколькі ўсё гэта будзе рэальна рэалізоўвацца, а не застанецца на ўзроўні балбатні і нічога не вартых дакументаў, мы пабачым у найбліжэйшы час. І я б тут казаў пра верагоднасць пяцьдзесят на пяцьдзесят.
— То бок, калі гэты змрочны сцэнар усё ж будзе рэалізаваны, то мы можам пабачыць неўзабаве школьныя падручнікі, выдадзеныя фактычна паводле савецкага ўзору, дзе ўласна беларускага будзе мінімум?
— Так, я думаю, што ўсё звядзецца да таго, што расійская канцэпцыя будзе цалкам праводзіцца ў Беларусі. Застанецца нейкі рэгіянальны канцэпт, як была некалі гісторыя БССР у Савецкім Саюзе на нейкім маргінальным узроўні.
Так і тут могуць пакінуць вывучэнне гісторыі Беларусі ў якасці нязначнага дадатку да гісторыі «Саюзнай дзяржавы». Пры цяперашніх тэндэнцыях і той глабальнай залежнасці лукашэнкаўскага рэжыму ад Расіі, пры ўзмоцненых працэсах русіфікацыі, гэтага зусім выключаць нельга. І гэта, канечне, нельга назваць добрым варыянтам.
— У савецкія часы тыя, хто хацеў ведаць гісторыю не з крамлёўскіх падручнікаў, карысталіся самвыдатам, фактычна падпольнымі крыніцамі ведаў. Наколькі сённяшняя сітуацыя ў плане альтэрнатыўных крыніцаў выглядае лепш?
— На сённяшні дзень, натуральна, гэтая альтэрнатыва мацнейшая за тую, што была ў савецкія часы. Проста таму, што сам свет змяніўся тэхналагічна.
Ёсць той жа інтэрнэт, дзякуючы якому можна аператыўна прасоўваць інфармацыю, нягледзячы на тое, што ўсё гэта актыўна крыміналізуецца, што ўлады спрабуюць перашкодзіць распаўсюду альтэрнатывы. У любым выпадку гэтая альтэрнатыўная канцэпцыя захаваецца, яна будзе прасоўвацца. Калі, канечне, у Беларусі не будзе цалкам адключаны інтэрнэт.
І я спадзяюся, што гэтая альтэрнатыва будзе больш жывая і прывабная, чым тая, якую хочць прапанаваць расійскія і беларускія ўладныя органы.
Хоць тут, безумоўна, ёсць пытанні наконт узроўняў, на якіх гэта ўсё можа рэалізоўвацца. Напрыклад, на ўзроўні школьнай адукацыі, на ўзроўні падручнікаў нейкую канкурэнцыю дзяржаве вельмі цяжка скласці.
Бо на гэтым узроўні можна заблакаваць усялякую альтэрнатыўную думку. Тут усё залежыць ад дзяржавы, якая мае шмат механізмаў для таго, каб дасягнуць поўнай манаполіі. Таму, на жаль, праз школы будзе ісці ўсё тое, што прапануецца ўладамі. І што ў значнай ступені рэалізуецца ўжо цяпер.
Змагацца можна на іншым полі, на пазашкольным. Працуючы над стварэннем культурнага, гістарычнага прадукта, з якім людзі будуць знаёміцца неарганізавана, па ўласнай ахвоце. І тут вельмі важна, каб гэты прадукт, які будзе распаўсюджвацца праз інтэрнэт, быў не толькі ідэйна правільным, але і цікавым. Каб людзі самі яго хацелі глядзець.
І гэта, канечне, вялікі выклік для незалежнай супольнасці, які не сёння з’явіўся, і адказ на які супольнасць спрабуе знайсці не першы год. Пэўныя поспехі ў гэтым накірунку ўжо ёсць.
А калі прыгадаць згаданую вышэй рэкамэндацыю здымаць патрыятычныя фільмы пра «саюзную дзяржаву» і «адвечнае братэрства», то бок, дзейнічаць на полі масавай культуры, то акурат тут я адносна магчымасцяў дзяржорганаў і разнастайных беларускіх і расійскіх ідэолагаў вельмі моцна сумняюся.
Сумняюся ў тым, што яны здольныя стварыць такі прадукт, які можна не толькі пазначыць у нейкай справаздачы, адрапартаваць пра зробленае, але каб людзі глядзелі і пераглядалі яго па ўласнай ахвоце, каб яны натхняліся гэтымі ідэямі.
Гэта акурат элемент афіцыёзу, а такія прадукты, як правіла, не атрымліваюцца паспяховымі. Яны прыдатныя хіба толькі для мемаў.
Для таго, каб стварыць канкурэнтназдольны культурны прадукт, трэба ўсё ж, каб людзі рабілі з душой і натхненнем. І каб у ідэалы, якія яны прасоўваюць, гэтыя людзі самі рэальна верылі.
А з гэтым звычайна вялікія праблемы. У той жа «саюзнай дзяржаве» ўжо не першае дзесяцігоддзе ставяцца такія задачы. Маўляў, давайце нешта такое эпахальнае створым.
Абвяшчаліся розныя конкурсы, напрыклад, на напісанне гімна для гэтай самай «саюзнай дзяржавы».
І пры гэтым, хоць да працы прыцягваліся вядомыя таленавітыя творцы, у выніку атрымліваўся такі набор хадульных выразаў, які выклікаў толькі смех. І ўрэшце гэта і самі аўтары разумелі, і гэтыя конкурсы нічым не заканчваліся.
Таму што бачна, што гэта проста кан’юнктуршчына, калі людзі самі ў гэта не вераць, а проста засвойваюць грошы. І ў выніку атрымліваецца прадукцыя без душы, што людзі вельмі добра адчуваюць.
Таму ў вынікі такіх вось ідэалагічных замоваў я не веру, бо гэта чыстае засвойванне бюджэтаў. А вось ужо падпарадкаванне такім патрэбам школьных праграмаў, часцей за ўсё безальтэрнатыўнае, гэта куды больш сур’ёзная праблема.
«Филин» на понятном языке поясняет сложные вещи. Подписывайтесь на наш телеграм-канал оперативной аналитики и публицистики.