Пашкевіч: «Дзень народнага адзінства» – вар’яцкая і пустая ініцыятыва

Гісторык Аляксандр Пашкевіч – пра ідэю святкавання «Дня народнага адзінства».

– Так сталася, што нелегітымная ўлада нядаўна выказала новую, як звычайна для яе, вар'яцкую і па сутнасці пустую ініцыятыву: увесці «Дзень народнага адзінства» і прызначыць яго ці на 17 верасня, ці на 14 лістапада – дні фактычнага ці афіцыйнага далучэння ў 1939 года тэрыторыі Заходняй Беларусі да сталінскага СССР, – піша Пашкевіч.

Гісторык выклаў свае асноўныя думкі з гэтай нагоды (па каментарах Белсату і Еўрарадыё).

«Я лічу, што такая дата наогул не патрэбна, таму што няма такога грамадскага расколу, які давялося б змацоўваць такога роду святамі. Па-мойму, сёння ёсць толькі раскол паміж вярхамі ўлады і большай часткай грамадства. Тыя гісторыкі, якія цяпер ёсць ідэалагічнай абслугай цяперашняй улады, даказваюць сваю неабходнасць, выступаюць з нейкімі ініцыятывамі.

Практычнай неабходнасці ў гэтай даце няма. Можна разглядаць гэта як ідэалагічны канструкт для запаўнення эфіру і «вешання локшыны на вушы».

Бесперспектыўна рабіць гэтыя даты нейкімі святочнымі днямі. Думаю, што і навязаць іх не атрымаецца хоць бы таму, што цяперашняя ўлада, якая збіраецца гэта зрабіць, мае настолькі негатыўны імідж у грамадстве, што ўсё, што яна будзе праводзіць, не будзе ўспрымацца станоўча, а будзе адмаўляцца. Калі ўлады хочуць гэтыя даты дыскрэдытаваць яшчэ больш, то няхай гэта робяць.

Насамрэч нікога ўлады аб'ядноўваць не збіраюцца. Гэта, хутчэй, спроба зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні. Тым больш што не спыняецца дзяржтэрор, не спыняецца мова варожасці ў дзяржаўных СМІ і з вуснаў найвышэйшых чыноўнікаў».

«Прапанаваныя даты – яны ўвогуле не пра адзінства, і я катэгарычна супраць, каб на іх нешта святкавалі. Так, штучна раз’яднаныя ў пачатку 1920-х гг. беларускія этнічныя тэрыторыі аб’ядналіся ў 1939 годзе ў складзе адной дзяржавы. Але што гэта была за дзяржава? Таталітарная савецкая імперыя.

Колькі дзеля гэтага сотням тысячаў і мільёнам людзей давялося перажыць гора і праліць слёзаў? Масавы тэрор, групавыя дэпартацыі, зняволенні, расстрэлы, калгасы ў форме новага прыгону… Трэба насамрэч быць вялікім цынікам, каб усё гэта святкаваць. Як памятная дата, вядома, 17 верасня 1939 г. быць мусіць, бо яна важная для нацыянальнай гісторыі. Але пафас вакол яе абсалютна недарэчны».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(43)