А вось садкі імя Леніна наўрад ці пачнуць з’яўляцца, таму што, нягледзячы на ўсю спецыфіку цяперашняга беларускага рэжыму, будаваць камунізм ён усё ж не збіраецца, таму культ такіх агульнасавецкіх герояў без канкрэтна беларускай прывязкі пакуль што не прасоўваецца. Тое, што назвалі ці перайменавалі за савецкім часам, улады не чапаюць, але і новых ушанаванняў не назіраецца.
Пашкевіч: «Наданне навучальным установам імён савецкіх герояў можа быць агульнабеларускай кампаніяй»
Сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Алесь Пашкевіч — пра тое, чаму ліцэй БДУ цяпер носіць імя Дзяржынскага і ці дойдзе справа да дзіцячых садочкаў імя Леніна.
Ліцэю БДУ афіцыйна надалі імя Фелікса Дзяржынскага — як пазначана ў тэлеграм-канале ўстановы, «выбітнага ўраджэнца беларускай зямлі». Гэтая навіна не стала сенсацыяй — падобныя планы агучыла некалькі месяцаў таму новая дырэктарка ліцэю Таццяна Мамчыц, якая сцвярджала, што падобнае жаданне выказалі самі супрацоўнікі ліцэю.
Зрэшты, верыцца ў заявы чыноўніцы слаба — наўрад ці ў навучальнай установе, пад 2000 выпускнікоў якой у 2020-м падпісалі зварот за чэсныя выбары, а педагогі і тагачасная адміністрацыя (!) публічна асудзілі гвалт з боку сілавікоў, цяпер усе «пераабуліся».
А вось тое, што ідэю «праціснула» сама Мамчыц, якая раней мела досвед працы ў Інстытуце нацыянальнай бяспекі (рыхтуе кадры для КДБ), выглядае значна больш верагодным.
Пра тое, што ў гэтай сітуацыі першаснае — жаданне ўладаў адпомсціць ліцэю, адкуль імаверна з-за палітычнай пазіцыі супрацоўнікаў забраў дакументы Коля Лукашэнка, альбо памкненне новага кіраўніцтва паказаць сваю лаяльнасць, і куды завядзе хваля перайменаванняў, Филин пагутарыў з сябрам Беларускага інстытута публічнай гісторыі Алесем Пашкевічам.
— Як вы мяркуеце, наданне ліцэю БДУ імя Дзяржынскага — чыя збольшага ініцыятыва? І што далей — з’яўленне ясляў імя Леніна (нездарма ж міністр адукацыі Іванец заявіў, што «патрыятычнае выхаванне пачынаецца ў дзіцячым садку»)?
— Думаю, на тое, што менавіта ліцэй стаў пляцоўкай для гэтага перайменавання, паўплывала асоба новай дырэктаркі навучальнай установы, бо вядомы факт з яе біяграфіі, што Мамчыц раней была звязаная з КДБ.
Заняўшы гэтую пасаду, паколькі цяпер мода на прызначэнне кіраўнікамі ў розныя структуры і арганізацыі былых сілавікоў, яна, відаць, вырашыла пэўныя свае погляды такім чынам прасунуць. А пры цяперашнім моцным уплыве КДБ правесці такое рашэнне на высокім узроўні цалкам рэальна — што і адбылося ў выніку.
Адносна ж таго, ці чакаць масавых перайменаванняў у «імя Леніна», «імя Калініна» ці іншых савецкіх дзеячоў — думаю, менавіта ў такой форме гэтага чакаць не варта. Дзяржынскі — асоба даволі спецыфічная. Ён, як вядома, быў куратарам менавіта чэкістаў і адпаведных карных органаў, — таму і ў беларускім КДБ пры Лукашэнку ягоны культ увесь час захоўваўся, ды яшчэ акцэнт рабілі на тым, што Дзяржынскі «наш зямляк», бо тут нарадзіўся. І з усяго пантэону савецкіх дзеячаў таму ён займае ў Беларусі асобнае месца.
Іншая рэч, працягвае Алесь Пашкевіч, што беларускія ўлады даводзяць да абсурду культ Другой сусветнай вайны (у іхняй тэрміналогіі — Вялікай Айчыннай), і да месца, і не да месца згадваюць імёны ўдзельнікаў і герояў той вайны, асабліва калі яны звязаныя з Беларуссю.
— Вось тут масавых перайменаванняў можна чакаць, — лічыць гісторык, — ужо нават ёсць прыклады такіх кампаній. Так, у Віцебскай вобласці летась было ўжо больш за сотню розных школ, названых імёнамі партызан, падпольшчыкаў, герояў савецкага часу. І я цалкам дапускаю, што ў такой форме гэта якраз можа стаць агульнабеларускай кампаніяй, на тле разгортвання тэмы «генацыду беларускага народу».
— Дарэчы, летась адзіную ў Беларусі і адну з найстарэйшых на Гродзеншчыне свіслацкую гімназію ім Кастуся Каліноўскага перайменавалі цішком у гонар падпольшчыцы Праскоўі Васіленка. На ваш погляд, гэта памкненне знішчыць памяць нацыянальных герояў, ці проста жаданне прадэманстраваць, хто тут улада?
— І тое, і другое. Перадусім, канешне, гэта шырокамаштабная барацьба з ушанаваннем Каліноўскага на розных узроўнях — нядаўна абмяркоўвалася нават перайменаванне вуліцы імя Каліноўскага ў Мінску, раней была гучная справа са зняццем памятнай шыльды паўстанцам у Гродне, некаторыя іншыя прыклады.
Карацей, усё гэта — дэмантаж станоўчага вобраза Каліноўскага любымі сродкамі. Перайменаванне гімназіі лагічнаўкладаецца ў гэтую тэндэнцыю, яно зусім не выпадковае. Так сама як і выбар узамен імя менавіта падпольшчыцы.
Што да ўдару такімі перайменаваннямі па рэпутацыі навучальных устаноў, то, на думку гісторыка, найперш па ёй б’юць ганебныя прызначэнні кіраўнікамі выхадцаў з КДБ і іншых сілавых структур, якія займаюцца не навучальным працэсам, а ідэалагізацыяй.
Мяркую, пры новай уладзе імя Дзяржынскага ў ліцэя БДУ надоўга не затрымаецца, бо відавочна, што гэта абсалютна штучнае прысваенне. І яно, канешне, не прадмет для гонару.
— Але хіба ўладам ёсць да гэтага справа? Яны ж нават не бачаць супярэчнасці ў тым, што адначасова ўзвялічваюць памяць аб Другой сусветнай вайне і вядуць кампанію супраць Васіля Быкава — франтавіка, пісьменніка, які адкрыў для мільёнаў людзей не гераічны, а глыбока драматычны, трагічны бок той вайны…
— Такія супярэчнасці дастаткова характэрныя для гэтай улады. Ідэалагічныя пастулаты, заснаваныя на гісторыі, супярэчаць практычным патрэбам сённяшняга дня. Быкаў жа дажыў да нашых дзён, да пачатку эпохі Лукашэнкі, ён быў актыўным праціўнікам рэжыму і застаецца сімвалічнай фігурай у асяроддзі нацыянальнай апазіцыі.
Праз гэтую прызму ўлады на яго і глядзяць: што Быкаў апазіцыянер. І таму тое, што ён быў ветэранам вайны, шмат пісаў пра вайну і многае зрабіў для яе асэнсавання, а таму па логіцы мусіў бы разам з іншымі ветэранамі глыбока шанавацца, нікога не хвалюе — ідзе вострая палітычная барацьба тут і цяпер, у якой не аглядаюцца на сумленне і логіку.
Як і з Каліноўскім, дарэчы: тое, за што ён змагаўся і якія ідэалы адстойваў, у СССР лічылася гераічным і вартым ушанавання, аднак для цяперашніх уладаў ён стаў непрымальным проста таму, што з ягоным імем на штандары ідзе сучасная апазіцыя.
Цяперашні беларускі рэжым — цынічны, крывадушны і прагматычны. Нягледзячы на любыя заявы на публіку, для яго галоўнае — захаванне ўлады. У такіх умовах нічога святога для рэжыму няма, і ніякія заслугі ды рэгаліі не выратуюць.
Калі б дапусціць, што нехта з яшчэ жывых ветэранаў вайны (вядома, цяпер гэта неверагодна, бо людзям пад 100 гадоў і больш, але дапусцім гіпатэтычна) выступіў бы актыўна супраць Лукашэнкі — думаю, на яго таксама пасыпаліся б рэпрэсіі. Нягледзячы на фармальныя заклінанні з высокіх трыбун, што гэта для нас ледзь не святыя людзі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное