Филин

Сяргей Васілеўскі

Пашкевіч: Беларусь мае вялікі шанец на тое, што сітуацыя для яе павернецца да лепшага

Гісторык Аляксандр Пашкевіч у каментары Филину падвёў вынікі года і патлумачыў, як вайна можа адкрыць для беларусаў шлях да пераменаў.

— Калі падвесці вынікі гэтага года, якім ён стаў для Беларусі і беларусаў? Ці магло быць значна горш, чым мы маем сёння?

— Для нас гэты год стаў чарговым пераломным. Мы трэці такі год перажываем, калі фактычна творыцца наша гісторыя, калі вызначаецца наша будучыня. Спачатку пратэсты 2020 года, пасля разгорнуты дзяржаўны гвалт 2021-га.

І вось 2022 год, калі гэты гвалт працягваецца, не спыняючы сваіх абаротаў, а да яго далучаецца вайна ва Украіне, якая толькі надае імпэту гэтым рэпрэсіям. Такім чынам, сітуацыя толькі пагаршаецца. І тое, што будзе далей, выглядае яшчэ больш цьмяней, чым уяўлялася раней.

Хаця, па вялікім рахунку, тое, што Пуцін развязаў гэтую вайну, пачаў сваю авантуру, у пэўнай ступені надае нам і дадатковыя надзеі на тое, што ўсё можа развязацца нашмат хутчэй, чым раней  чакалася. Таму што мы ведаем, наколькі беларускі рэжым залежыць ад Расіі. Якую ролю Масква і Пуцін адыгралі ў тым, што ў 2020-м Лукашэнка захаваў уладу.

І калі пачалі разгортвацца рэпрэсіі, а Расія тады выглядала вельмі трывалай, было ўражанне, што там вельмі доўга нічога мяняцца не будзе, была і ў нас вялікая трывога, што сённяшняя сітуацыя на гады, а то і дзесяцігоддзі можа закансервавацца.

Але мы бачым, што Пуцін прыняў сваё рашэнне 24 лютага. І пры гэтым яму не ўдалося дасягнуць сваіх мэтаў: хутка ўзяць пад кантроль Украіну, што б узмацніла Расію і прымусіла ўвесь свет баяцца. Пасля чаго можна было б пераходзіць да нейкіх іншых этапаў.

Але ўсё пайшло не так. І цяпер у самой Расіі ў агляднай перспектыве могуць адбыцца перамены ў выніку прайгранай вайны. Гэта не выглядае ўжо так фантастычна.

Таму ў гэтым плане складваецца такая двухсэнсоўная сітуацыя: з аднаго боку робіцца ўсё горш, з другога — з’явілася надзея. І мы бачым, у прынцыпе, на чым гэтая надзея можа быць абгрунтаваная — тым, што Расія пацерпіць паразу ў гэтай вайне. 

— Беларусь прызнаная краінай-суагрэсарам, у Расіі фактычна больш і няма такога блізкага ваенна-палітычнага хаўрусніка ў гэтай вайне. Азіраючыся на мінулыя войны, на досвед іншых ваенных сатэлітаў, ці застаецца ў нас шанец на тое, што сітуацыя павернецца да лепшага?

— Я думаю, што гэты шанец не проста ёсць, гэта вельмі вялікі шанец. Бо калі Расія пацерпіць паразу, і ў ёй пачнуцца пэўныя ўнутраныя працэсы, калі яна вымушаная будзе займацца ўласнымі праблемамі, страціць сваю цяперашнюю напышлівасць, то ў часе перамоваў пытанне Беларусі не будзе абмінутае.

Украіна і яе заходнія саюзнікі яўна будуць зацікаўленыя, каб па выніках вайны Расія страціла магчымасць надалей рэальна пагражаць сваім суседзям.

І тое, напрыклад, што Беларусь — стратэгічная тэрыторыя, гэта не нейкая перыферыя, да якой нікому няма справы, дае спадзяванне і нават упэўненасць у тым, што пры станаўленні новага сусветнага парадку і Украіна, і Захад будуць зацікаўленыя ў тым, каб выцягнуць нашу краіну з-пал уплыву Расіі. І падтрымаць тут больш адэкватную ўладу.

Вядома, што з Беларусі блізка да Кіева, адсюль можна запускаць ракеты, адпраўляць войскі. Але не толькі да Кіева — і да Варшавы і, тым больш, да Вільні. Таму тут пытанне выжывання. І калі яны будуць заклапочаныя ўласнай бяспекай, то будуць вымушаныя думаць, што рабіць з Беларусюю.

Я думаю, што на Захадзе гэта цудоўна разумеюць. Што Беларусь —тая тэрыторыя, якую нельга кідаць, прынамсі сведчыць тое, што не змяншаецца інтэнсіўнасць міжнародных сустрэч і кантактаў лідаркі дэмакратычнага руху Святланы Ціханоўскай.

Тое, што яе сустракаюць на высокім узроўні, размаўляюць з ёй, дэманструюць тое, што ўспрымаюць яе ў якасці ўплывовага палітыка, сведчыць пра тое, што беларускае пытанне не знятае з павесткі дня на Захадзе.

Важнасць гэтага пытання разумеюць. Як і падкрэсліваюць тое, што Лукашэнка нелегітымны. І тая сітуацыя, якая ёсць, не прызнаецца за нармальную. Таму, па вялікім рахунку, варта ўскаладаць спадзяванні на тое, што калі Украіна пераможа Расію ў вайне, калі тая аслабне, то і лёс Беларусі зменіцца. І зменіцца ў пазітыўны бок.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(23)