Пашкевіч: «Абыякавасць да каштоўнасцяў прыводзіць да псіхалогіі «мая хата з краю», чым Лукашэнка і карыстаўся»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч адказаў на прапанову журналіста Сяргея Сацука, які лічыць, што ўдзельнікі пратэстаў паставяць улады ў тупік, калі выйдуць на вуліцу з чырвона-зялёным сцягам.

Фото са старонкі Аляксандра Пашкевіча ў Фэйсбуку

– Па-мойму, самае важнае і натхняльнае, што з беларусамі ў апошнія месяцы адбылося – гэта тое, што яны сталі сябе ўсведамляць як грамадзянскую супольнасць, як нацыю, аб'яднаную не толькі часовай наяўнасцю адзінага ворага, але і нейкімі агульнымі каштоўнасцямі, усведамленнем адзінства, – напісаў Пашкевіч. – Бел-чырвона-белыя сцягі і герб «Пагоня», якія сталі цяпер сапраўды народнымі – сімвалічнае ўвасабленне гэтага.

А Сяргей Сацук прапануе ад гэтага проста ўзяць і адмовіцца – маўляў, «какая разніца», галоўнае свабодных выбараў дабіцца.

Дык вось, розніца ёсць, і прынцыповая. Тое, што ў нас стала магчымым усталяванне цяперашняга рэжыму з усімі ягонымі «прэлесцямі» – якраз і вынік таго, што 26 гадоў таму стаўленне большасці насельніцтва да сімвалічна-духоўных рэчаў было такое самае...

«Какая разніца, какой флаг», абы жылося добра. Славуты выбар, як тады казалі, паміж «мовай і каўбасой».

Вось яго тады мы прагматычна зрабілі на карысць «каўбасы» і цешыліся, думалі, што ўсё іншае – «вопрос второстепенный», які можна будзе вырашыць «потом».

Аж аказалася, што далёка не другасны. Бо абыякавасць да каштоўнасцяў, нацыянальны і грамадзянскі нігілізм прыводзіць да атамізацыі грамадства, да псіхалогіі «мая хата з краю», а ў такім выпадку існуе ўжо не народ, а толькі насельніцтва. Чым Лукашэнка чвэрць стагоддзя ахвотна карыстаўся.

Увогуле ж колькі гаворана-перагаворана і за папярэднія гады, і за апошнія месяцы – важныя не так змены як такія, але перадусім іхная якасць. Таму апеляцыя да таго, як было, «когда Лукашенко приходил к власти», недарэчная абсалютна. Ён прыходзіў для таго, каб усталяваць рэжым аднаасобнай улады. А ў нас мэта супрацьлеглая.

У нас не толькі змаганне за змену ўлады – паралельна хуткімі тэмпамі фармуецца грамадзянская супольнасць і беларуская палітычная нацыя. З пафігістычным стаўленнем да той жа сімволікі яны не змогуць быць моцнымі і энергічнымі.

Хоць бы таму, што прыняцце душой і сэрцам гістарычнай сімволікі цягне за сабой цікавасць і да нацыянальнай гісторыі ўвогуле, і да нацыянальнай мовы ды культуры. А гэта – той падмурак, які робіць моцнай беларускую дзяржаўнасць і робіць неактуальнай небяспеку страты суверэнітэту.

«Лукашыстам будучыня чырвона-зялёнага сцяга глыбока да аднаго месца»

Аляксандр Пашкевіч працягнуў тэму:

– Часам людзі дзівяцца – навошта лукашысты так упарта і настойліва ўсюды піхаюць чырвона-зялёныя сцягі, нават у месцы, дзе яны зусім недарэчныя, як на тыя ж аўтазакі і турмы – ды яшчэ і калючым дротам абносяць? Яны што, не разумеюць, што гэтым самым свой сімвал толькі дыскрэдытуюць і пазбаўляюць яго будучыні?

Я думаю, цудоўна яны ўсё разумеюць, а робяць так толькі таму, што будучыня гэтага сцяга ім глыбока да аднаго месца. У тым лагеры сцяг – ні для каго не святыня, а прызначэнне яго чыста ўтылітарнае – пазначаць сваю тэрыторыю. Нешта падобнае, як робяць многія жывёлы. Пазначаць тэрыторыю пазначаюць, але ці ж тая субстанцыя, якой гэта робяць, некаму дарагая сама па сабе?

Чаму ж чырвона-зялёны сцяг, у адрозненне ад бел-чырвона-белага, ні для каго асабліва не стаў святыняй, нягледзячы на тое, што яго так актыўна прапіхваюць?

Думаю, прычына перадусім у адсутнасці ў ім хоць бы якой станоўчай энергетыкі. І справа зусім не ў «неадпаведнай» колеравай гаме, як гэта часам пішуць. 

Упэўнены, што для партугальцаў іхны чырвона-зялёны сцяг не менш дарагі, як для нас бел-чырвона-белы.

І не ў тым прычына, што чырвона-зялёны сцяг не старажытны і не мае гістарычных традыцый. Калі лічыць разам з бээсэсэраўскім перыядам, то яму ўжо амаль 70 гадоў - зусім немалы тэрмін. У часы нацыянальнага адраджэння канца 80-х-пачатку 90-х прыблізна столькі ж было бел-чырвона-беламу – а ён прынамсі частку грамадства рэальна запаліў тады, і ў гэтай часткі аніяк не страціў сваіх пазіцый і ў наступныя, надзвычай неспрыяльныя дзесяцігоддзі.

А вось чырвона-зялёны чамусьці такіх эмоцый ніколі не будзіў.

Прычына адсутнасці гэтай энергетыкі, думаю, у тым, што чырвона-зялёны сцяг цягам усёй сваёй гісторыі ніколі па сутнасці не быў чымсьці іншым, як толькі чыноўніцка-бюракратычным сімвалам. Пад ім ніколі ні за што не змагаліся, за яго ніколі не цярпелі, яго не аберагалі, не абаранялі, не перахоўвалі ў тайніках, над ім не плакалі, ім не накрывалі ў трунах нябожчыкаў... І гэтак далей, і да таго падобнае.

Некалі з Масквы загадалі ўсім рэспублікам стварыць новыя сцягі – загад быў выкананы, стварылі. Зацвердзілі, развесілі дзе трэба і пасля ў сімвала было некалькі дзесяцігоддзяў спакойнага бесклапотнага жыцця. Пасля на некалькі гадоў знялі, схавалі ў шуфляду, потым зноў вывесілі ў мадыфікаванай форме без усялякага папярэдняга змагання за «бязвінна пацярпелага». 

У выніку гадоў сцягу нібыта шмат, а ў «партфоліа» запісаць яму няма чаго. Ні вершы ў нармальных паэтаў пра яго ад сэрца не пісаліся і не пішуцца, ні міфалогіі натуральнай не складваецца. А спробы стварыць усё гэта штучна выклікаюць толькі гамерычны рогат – настолькі ўбога, нацягнута, а таму і камічна выглядае…

Была дастаткова нешматлікая ў маштабах усяго грамадства група, якая яго ненавідзела (я ў яе таксама ўваходзіў), а ў большасці гэты сцяг не будзіў ніякіх асаблівых эмоцый – вісіць, то хай і вісіць, ёсць справы важнейшыя.

І толькі ў гэтым годзе чыпврна-зялёны стаў па-сапраўднаму напаўняцца энергетыкай. Але такой, якая не прарочыць яму ніякай светлай будучыні. Без залежнасці ад таго, колькі законаў па яго абароне і папулярызацыі прымуць і на колькіх будынках развесяць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(90)