Филин

Ірына Марозава

«Паселім манахаў з тымі самымі «вагнераўцамі» ў лясах Беларусі?»

Тэолаг — пра двайныя стандарты і крызіс у царкоўным кіраўніцтве.

Днямі прадстаўнікі БПЦ пацвердзілі, што гатовыя прыняць манахаў з Кіева-Пячорскай лаўры, калі тых выселяць з «калыскі праваслаўнай веры ўсходнеславянскіх народаў». Сінод Беларускай праваслаўнай царквы выступіў са зваротам, у якім асудзіў украінскія ўлады, якія нібыта перашкаджаюць свабодна маліцца вернікам і пераследуюць святароў Украінскай праваслаўнай царквы, адбіраючы ў тых рэліквіі і духоўнае апірышча.

На БТ нават выйшла адмысловая праграма, у якой іерэй Ігар Васько запрасіў кіеўскіх манахаў, каб не «скітацца на чужыне», прыязджаць і працягваць сваю дзейнасць у Беларусі. А рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Афанасій (Сакалоў), разважаючы пра «дыпламатычную і братэрскую хрысціянскую падтрымку», нават правёў паралелі з 1930-мі гадамі, калі частка манахаў Кіева-Пячэрскай лаўры знайшла прытулак на беларускай зямлі.

І вось жа дзіўная ўласцівасць зроку: угледзеўшы ў гісторыі з лаўрай прамую атаку на веру, БПЦ чамусьці другі год запар ва ўпор не бачыць вайны ва Украіне і не выступае з асуджэннем агрэсіі, «не заўважае» маштабу рэпрэсій беларускіх святароў, паказальна моліцца за Беларусь і мір ва ўсім свеце, аднак дазваляе асобным епархіям збіраць ахвяраванні на пакупку вайсковай тэхнікі для расейцаў…

Пра тое, як расцаніць падобныя паводзіны і мараль з пункту гледжання рэлігіі, Филин пагутарыў з тэолагам,і палітолагам, мадэратаркай «Хрысціянскай візіі» Наталляй Васілевіч.

Наталля Васілевіч

— У 2022 годзе вернікі і лідары Украінскай праваслаўнай царквы звярталіся да БПЦ з просьбай асудзіць вайну, аднак беларускія царкоўныя лідары да гэтых просьбаў не прыслухаліся і ніяк на іх не адрэагавалі. У прыватнасці,  засталіся без адказу звароты ад Ровенскай і Сарненскай епархій, — нагадвае экспертка. — Затое там, дзе іх не прасілі, прадстаўнікі БПЦ пачынаюць прапаноўваць падтрымку, нібыта дабрадзейства для манахаў Кіева-Пячэрскай лаўры.

Аднак рэч у тым, што манахі Кіева-Пячэрскай лаўры маюць цяперашнія праблемы менавіта таму, што Руская праваслаўная царква, у еднасці з якой яны знаходзіліся, фактычна іх «падставіла» пад крытычную хвалю з боку ўкраінскага грамадства і дзяржавы. Тое, што РПЦ не асудзіла вайну, а наадварот, яе падтрымлівае, што БПЦ, як яе частка, не асудзіла вайну, — гэта стварыла перадумовы для напружанасці ва ўкраінскім грамадстве ў дачыненні да Украінскай праваслаўнай царквы.

Акрамя таго, звяртае ўвагу тэолаг, праблема не ў тым, што манахам лаўры няма дзе жыць і яны будуць скідацца па чужых кватэрах — а ў тым, што яны хочуць жыць менавіта ў сваім манастыры, не пераходзячы ні ў які іншы, захоўваць сваю манаскую супольнасць.

— Тэму пра ганенні на Украінскую праваслаўную царкву часта ўздымаюць — не для рэальнай дапамогі, а для сваіх палітычных мэтаў, — прадстаўнікі і РПЦ, і БПЦ, — дадае Наталля Васілевіч. — Нават на ўзроўні ААН расейскія царкоўныя лідары выступілі з крытыкай украінскіх уладаў. Але тады ўкраінская царква папрасіла іх не ўлазіць, не гаварыць ад яе імя.

Цяпер адбываецца, па сутнасці, тое самае — спроба проста хайпануць на чужых праблемах, прытым не вырашаючы іх і ніяк і не ўплываючы на вырашэнне.

Нават калі дапусціць, што манахі з Кіева-Пячэрскай лаўры адгукнуліся на запрашэнне пераехаць у Беларусь — як гэта сабе ўяўляюць тыя, хто запрашае? Манахі будуць выязджаць у ваенны час праз Расею, ці, магчыма, праз міннае поле на ўкраінска-беларускай мяжы?

Таму гэта не больш як хайп, прычым досыць здзеклівы. Улічваючы, што мноства манахаў ва Украіне занялі патрыятычную пазіцыю, а ў Беларусі нават за малітву аб Украіне і яе абаронцаў можна «заехаць» наўпрост на Акрэсціна. Альбо — замаўчаць, не згадваць пра тое, што яны ўкраінцы, не асуджаць расейскую агрэсію.

— А нязручныя тэмы БПЦ умее ігнараваць. Не так даўно «Хрысціянская візія» прыводзіла жахлівыя лічбы: як мінімум 53 святары розных канфесій з 2020 года трапілі ў Беларусі пад рэпрэсіі — на гэты конт кіраўніцтва царквы маўчыць.

— Так, маўчыць альбо ўсяляк падкрэслівае, як у Беларусі мірна і спакойна. Гэта ўкладаецца ў палітыку «гасціннасці», распачатую беларускімі ўладамі: Прыгожына гатовыя прыняць, манахаў з Кіева-Пячэрскай лаўры. Паселім іх з тымі самымі «вагнераўцамі» ў лясах Беларусі?

Канфліктныя моманты ў суседніх краінах, як гэта часта робіць беларускі рэжым, а цяпер і царква, выкарыстоўваюцца дзеля хайпа.

Тыповы падыход, які заўжды быў блізкі Аляксандру Лукашэнку: крывадушная заклапочанасць лёсамі бедных мігрантаў, якія пакутуюць і гінуць на межах Беларусі ў выніку арганізаванага самім жа рэжымам мігранцкага крызісу, «разрульванне» бунта Прыгожына, а цяпер і сітуацыя вакол Кіева-Пячэрскай лаўры — усё гэта спрыяе таму, каб падаць сябе «міратворцамі», якія нібыта ўлагоджваюць канфлікты і атрымліваюць дыпламатычную перамогу, хоць насамрэч праблема толькі размываецца.

Афіцыйна БПЦ не падтрымлівае расейскую агрэсію, але і не асуджае, зазначае Наталля Васілевіч. Пры тым ёсць выпадкі, калі асобныя іерархі выступаюць з апраўданнем вайны, альбо іншым чынам паказваюць сваю пазіцыю. Так, у Гродзенскай епархіі архіепіскап Антоній, па сведчаннях святароў, забараніў маліцца за Украіну, а на сходзе з удзелам ігуменні Гаўрыілы, расейскага амбасадара і некалькіх чальцоў беларускага Сінода (архіепіскапа Гродзенскага Антонія і Лідскага Гурыя) узносілі панегірыкі «за галоўнакамандуючага Уладзіміра Уладзіміравіча і Аляксандра Рыгоравіча».

У той жа час за жоўта-блакітны сцяжок на аватарцы, малітву за Украіну ці выказванне супраць вайны ў сацыяльных сетках святары, як і іншыя беларускія (і ўкраінскія) грамадзяне, адпраўляюцца на «суткі». Ці адхіляюцца ад правядзення набажэнстваў.

Асобна трэба згадаць Свята-Елісавецінскі манастыр, які наўпрост выступае за вайну, выкарыстоўвае Z-cімволіку, збірае ахвяраванне на зброю, дроны і тэхніку для расейскіх вайскоўцаў, арганізуе ліставанне, у тым ліку з удзелам дзяцей, у падтрымку «ўдзельнікаў СВА».

— Аднак я бачу ў сацыяльных сетках, у каментарах украінскіх рэсурсаў, што хоць і ёсць людзі, якія з удзячнасцю ўспрымаюць прапанову БПЦ, але большасць разглядаюць гэта як здзек у дачыненні да Украіны і ўкраінскай царквы, якой патрэбная зусім іншая дапамога, — гаворыць экспертка. — Гэта тое самае, што прапанаваць чалавеку, які просіць вады, скажам, сухарыкі. Ці можна імі наталіць смагу? Канешне, не. Вось і запрашэнне «прыязджайце ў Беларусь» нічога насамрэч не вырашае, гэта яшчэ больш амаральна, чым ніяк не адрэагаваць.

То бок, вернікі бачаць крывадушнасць і розніцу паміж заклікамі і дзеяннямі. Ці можна сказаць, што разам з палітычным крызісам мы назіраем і крызіс царквы?

— Маніпуляцыі, калі людзі знаходзяцца ў цяжкім становішчы і маюць патрэбу ў заступніцтве, выклікаюць абурэнне: людзі адчуваюць, што іх трымаюць за ідыётаў і на іх бядзе піярацца. Але людзі не ідыёты, яны ўсе бачаць, разумеюць і запамінаюць, што адбываецца; хто што казаў, хто што рабіў — фіксуецца, інтэрнэт усё помніць. 

Безумоўна, гэта крызіс — быць можа, не ўсёй царквы, але царкоўнага кіраўніцтва.

Замест таго, каб выступаць за праўду, за справядлівасць , яны робяць спробы хітраваць, не адкрываюць рот там, дзе трэба крычаць уголас, і выказваюцца там, дзе было б этычней прамаўчаць. Пераблытаныя ўсе прыярытэты, сістэма маральных каштоўнасцяў — што гэта, як не крызіс?