Политика
Таццяна Гусева

Партыя БНФ збіраецца бараніць свой офіс, але на ўсялякі выпадак шукае новае памяшканне

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч перакананы, што рашэнне ЖРЭА не працягваць з арганізацыяй дамову арэнды, незаконнае. Вызваліць памяшканне на Машэрава, 8 партыя павінна 31 сакавіка. Яе сябры збіраюцца адстойваць права на працяг арэнды як з дапамогай валанцёраў, так і праз суд.

– Мы двойчы былі на прыёме ў намесніка старшыні Мінгарвыканкама Каўтовіча, – распавёў “Салідарнасці” Янукевіч. – Першы раз ён абяцаў разабрацца, а другі раз сказаў: “Ну, вы ж разумееце, былі выпадкі, калі ў вас былі затрымкі з аплатай, а можа, калі вы іншае памяшканне знойдзеце, для вас будзе лепш”. Зараз спрабуем дамагчыся сустрэчы з кіраўніком гарвыканкама, каб пераканаць яго змяніць рашэнне.

28 сакавіка БНФ збіраецца звярнуцца ў суд, каб абскардзіць рашэнне ЖРЭА. Камунальная служба спасылаецца на сістэматычныя пратэрміноўкіі па аплаце арэнды. Партыя лічыць абвіначванні неабгрунтаванымі, таму што прэтэнзіі ЖРЭА датычацца трохдзённай запазычнасці ў жніўні 2010 года.

Акрамя таго, абараняць офіс будуць з дапамогай валанцёраў з ліку партыйцаў. Як падкрэсліў Аляксей Янукевіч, гэта будзе негвалтоўная абарона выспы свабоды.

Тым часам партыя не выключае, што ўсе намаганні ўрэшце могуць аказацца дарэмнымі, і вядзе перамовы, звязаныя з арэндай офіса ў цэнтры Мінска. Новыя варыянты суразмоўца не агучыў, каб пазбегнуць ціску ўладаў на партнераў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)