Политика
Алег Мыцік, «Мы»

Партыя БНФ абвінаваціла ў цэнзуры незалежныя СМІ

З сенсацыйнай заявай пра тое, што польскі ўрад аказвае ціск на журналістаў тэлеканалу “Белсат” і Радыё Рацыя, каб тыя былі больш лаяльнымі да Аляксандра Лукашэнкі, выступіў у мінулую нядзелю, 1 лютага, у Гродне намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

- Ёсць цэнзура на “Белсаце” і на Рацыі. Мы зацікаўленыя, каб гэтыя каналы пашыраліся, але ёсць клопат, што польскі ўрад, які фінансуе часткова гэтыя праекты, можа аказваць на іх ціск дзеля таго, каб не злаваць Лукашэнку.

Відаць, маецца на ўвазе кан’юнктура дзеля дыялогу паміж Захадам і беларускімі ўладамі.

У рэдакцыю “Мы” патрапіў запіс выступу Аляксея Янукевіча. Заўважым толькі, што спадар Янукевіч казаў пра гэта не дзесьці ў прыватнай размове за філіжанкай кавы, а ў прысутнасці 70-80 чалавек, што прыйшлі на абласны сход Партыі БНФ.

Цяпер Аляксей Янукевіч каментуе сваю заяву наступным чынам:

- Фактаў такіх няма, але ёсць рэальны клопат, які грунтуецца не на канкрэтных рэчах, а выказваннях, меркаваннях вакол гэтага. На маю думку, ёсць такая небяспека. Таму гэтую заяву можна разглядаць апераджальным крокам, каб такая сітуацыя не стала раэльнасцю.

Узгадваецца ліст, які ў траўні мінулага году шэраг палітыкаў і грамадскіх дзеячаў Беларусі накіравалі міністру замежных спраў Польшчы Радаславу Сікорскаму зварот з просьбай паўплываць на сітуацыю з вяшчаннем, што вядзецца з польскай тэрыторыі на Беларусь. Аўтары звароту тады прапанавалі стварыць назіральны савет для маніторынгу электронных СМІ. Пры гэтым яны зазначалі: для павышэння эфектыўнай працы такіх мас-медыя пасады галоўнага рэдактара і праграмнага дырэктара павінны займаць вядомыя ў Беларусі людзі з вопытам працы.

Выглядае на тое, што мы бачым новую спробу “паўплываць на сітуацыю з вяшчаннем”. Пры гэтым, зазначым, намаганні прымусіць незалежную прэсу стаць партыйнай былі і раней.

Так, восенню 2007 года дзеяч Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандр Бухвостаў выступіў з праграмным артыкулам “Незалежных СМІ няма і быць не можа”, дзе заявіў, што журналісты мусяць выбраць: ці абслугоўваць уладу, ці стаць партыйнай прэсай. “Павінна быць партыйная прэса і журналісты. У нас сёння адна партыя – АДС”, - выдаў Бухвостаў.

Зразумела, што прасцей за ўсё абвінаваціць ва ўсіх чарговых няўдачах журналістаў. Ці прыдумаць, што іх кантралюе нейкая закуліса. У дадзеным выпадку – польскі ўрад. То бок, гэта журналісты вінаватыя, напрыклад, што кааліцыя дэмсілаў два тыдні маўчала, калі на вуліцах народ шалёна скупляў валюту, пабяднеўшы на 20 адсоткаў у выніку дэвальвацыі. Хаця колькі мы чулі: пачнецца эканоміка валіцца, вось тады ўжо...

Ці, магчыма, партыйным дзеячам не падабаюцца прапановы пераменаў эвалюцыйным шляхам? Вунь, начальнік Янукевіча Лявон Баршчэўскі вінаваціць усіх, хто не падтрымлівае палітыку жорсткай ізаляцыі Лукашэнкі, у тым, што яны спрабуюць “ратаваць” рэжым. Шкада, што з сайту Радыё Рацыя неўзабаве пасля выстаўлення зацемка карэспандэнта пра заяву спадара Янукевіча знікла. Бо можа падацца, што гэтым ускосна прызнаецца праўда намесніка старшыні Фронту.

Але вось пра які выпадак, што адбыўся з год таму і сведчыць, што менавіта беларускія апазіцыянеры – аматары пацэнзураваць, “Мы” даведаліся.

На афіцыйным сайце Партыі БНФ тады з’явіўся анонс канцэрту гурта “Разьбітае сэрца пацана”. У межах святкавання 90-гадавіны БНР. Можна па-рознаму ставіцца да трасянкаўскага гоп-панку гэтай каманды – то справа густу. Але ж на афіцыйным сайце партыі з высакароднымі адраджэнцкімі мэтамі можна было пабачыць і спасылку на відэа з творчасці “пацаноў”. З голымі дупамі, якія размаўляюць.

Пасля зацемкі пра гэты пошлы ролік (можа, дзесьці ён і да месца, але ж не на афіцыйным партыйным сайце, са згадкай пра БНР) адзін з лідэраў Партыі БНФ звярнуўся да кіраўніцтва Радыё Рацыя – рэзкім тонам запатрабаваў зняць матэрыял.

Тэлефоннае права па-апазіцыйнаму…

І вось цяпер з’явілася і знікла інфармацыя пра скандальную заяву намесніка старшыні Фронту.

Партыйныя лідэры, як ні прыкра, лічаць сябе свяшчэннымі каровамі. Хаця б, здаецца, няўжо недастаткова аднаго вельмі папулярнага інтэрнэт-рэсурсу, які піша пра ўлады толькі тое, што падабаецца апазіцыі, праяўляе цуды арыфметыкі, калі 1.000 чалавек на вуліцах пераўтвараюцца ў 3.000-15.000, жорстка мадэруе форум ды ганьбіць любога, хто заікнецца пра нейкія там дыялогі ды эвалюцыі?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)