Профсоюзы
Анастасія Зелянкова

Партнёры па няшчасцю

Да 15 сутак арышту прыгаварыў суд Маскоўскага раёна Мінска трох сябраў незарэгістраванага грамадскага аб’яднання “Партнёрства” Міколу Астрэйку, Аляксандра Бондарава і Эніру Браніцкую. Іхняй паплечніцы Святлане Конавай, паводле судовага рашэння, належыць выплаціць штраф памерам 30 базавых велічынь (765 тысяч рублёў). Усе гэтыя асобы былі прызнаныя актыўнымі ўдзельнікамі несанкцыянаванага сходу — менавіта такое азначэнне даў суд установачнай канферэнцыі, якую 29 кастрычніка каля сямідзесяці сябраў аб’яднання ладзілі ў кінатэатры “Цэнтральны”.

Усе дэлегаты былі затрыманыя міліцыяй, на чатырох з іх склалі адміністрацыйныя пратаколы за парушэнні ў правядзенні масавых мерапрыемстваў, а лідэра грамадзянскай ініцыятывы Міколу Астрэйку за адмову праходзіць дактыласкапічную экспертызу абвінавацілі таксама ў непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі.

Адметна, што правядзенне ўстановачнай канферэнцыі было неабходна для рэгістрацыі аб’яднання ў Міністэрстве юстыцыі.

— Гэта абсурд, — абураўся падчас суда дзеяннямі міліцыі Мікола Астрэйка. — З аднаго боку, Міністэрства юстыцыі патрабуе ад грамадскіх арганізацый рэгістрацыі. З другога боку, АМОН перашкаджае гэтай рэгістрацыі. Гэта дэманструе тое, што ўлады зацікаўлены ў знішчэнні трэцяга сектару. Фактычна, нас заганяюць у падполле.

Аднак суд палічыў дзеянні сябраў аб’яднання незаконнымі і прыгаварыў арганізатараў сходу да арышту. Святлана Конава пазбегла яго толькі таму, што мае малое дзіця.

Як стала вядома, лідэр арганізацыі Мікола Астрэйка пасля некалькіх дзён, праведзеных у спецпрыёмніку-размеркавальніку, апынуўся на бальнічным ложку. У аўторак, 1 лістапада, у яго ўзніклі сур’ёзныя праблемы з ныркамі.

— Мы яшчэ на судзе заяўлялі хадайніцтва, што ў Міколы Астрэйкі ёсць шэраг хранічных захворванняў, якія перашкаджаюць яму знаходзіцца ў спецпрыёмніку-размеркавальніку, — кажа адвакат Вера Стрымкоўская. — Аднак суд гэтага не ўлічыў. Як, дарэчы, і той факт, што яшчэ 29 кастрычніка ў спецпрыёмніку ў Міколы абвастрылася захворванне нырак і яму ўжо тады выклікалі “хуткую дапамогу”, каб зрабіць абязбольванне. Да таго ж падчас затрымання супрацоўнік міліцыі нанёс Астрэйку ўдар у жывот, калі той адмовіўся здымаць адбіткі пальцаў, патрабуючы паказаць дакументы і прадаставіць адваката.

Асуджаныя збіраюцца абскарджваць рашэнне суда ў вышэйшай інстанцыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)