«Парсюк ня надта быў ахвочы глядзецца праўдзе ў вочы»

Блогер, якога западозрылі ў абрáзе Лукашэнкі, запісаў відэаадказ.

У кватэры маці відэаблогера Сьцяпана Сьвятлова 22 лютага правялі ператрус. Паводле яе, Сьвятлову інкрымінуюць крымінальны артыкул за «абразу прэзыдэнта» ў ягоных відэа.

«Парсюк ня надта быў ахвочы глядзецца праўдзе ў вочы», — працытаваў Сьцяпан Сьвятлоў Кандрата Крапіву ў пачатку відэа. Цяпер ён знаходзіцца за мяжой, дзе вучыцца.

Відэа, у якіх убачылі «абразу прэзыдэнта», публікаваліся з тэрыторыі Польшчы, кажа Сьвятлоў, але сьледчыя нібыта «вылічылі яго па IP-адрасе» – ён лічыць, што даказаць такім чынам ягонае аўтарства немагчыма (хоць не адмаўляе, што аўтар — ён). Ён дадае, што сілавікі «ведалі» яго яшчэ пасьля гіта «Выбора нет» 2015 году — нават прыходзілі ў школу, дзе раней вучыўся, распытвалі пра яго.

Сьледчыя праводзілі ператрус на заяву нейкай Яўгеніі Пятроўны Грыб, кажа блогер (ён выказвае падазрэньне: ці яна ня тая самая «фрау А.»?), якая падала заяву ў міліцыю за «абразы прэзыдэнта» на ягоным Youtube-канале. Але прэтэнзіі, сьцьвярджае Сьвятлоў, былі не да саміх ролікаў, а да загалоўках кшталту «Лукашенко обнаглел??» або «ЛукаШЕРЛОК и БЕСПРЕДЕЛ».

«Як можа абразіць тое, чаго няма? – разважае блогер. – Я не пра гонар і годнасьць так званага прэзыдэнта, а пра яго самаго, бо ўлада гэтага чалавека скончылася ў 1999 годзе, калі мне не было і двух гадоў. Я да чаго: артыкулу за абразу ўзурпатара ў нас у Крымінальным кодэксе няма».

Блогер заяўляе, што не абражаў Лукашэнку, але прыгадвае, што Лукашэнка называў беларускі народ «народцам», прадпрымальнікаў – «вашывымі блохамі», эўрапейскіх палітыкаў – «казламі», але яго за гэта не каралі.

Вынік экспэртызы відэа і канфіскаванай у яго тэхнікі маюць зьявіцца цягам двух месяцаў, тады і стане вядома, ці распачнуць крымінальную справу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)